Белая iнтуiцыя, раман

Белая iнтуiцыя, раман

EFBIww9G4MQВиктор Лупасин о себе:

Вiктар М. Лупасiн нарадзiўся 4 траўня 1982 года ў Менску, жыве ў Менску, не жанаты, але працуе над гэтым. Напiсаў кнiгi «Асарцi» (2009) i «Жэсць i свiнiнка» (2010). У розны час друкаваўся ў такiх выданнях як «Ё», «Вясковыя могiлкi», «Хню», «Дзеяслоў», «Маладосць», «Нёман», «Беларусь сегодня», «Рэспублiка», «Дзьмухавец», у калектыўных зборнiках «Лiтаратурны квартал» (2003), «Лiтаратурнае прадмесце» (2012) i яшчэ недзе, не памятаю дзе.



Напiшу ўсё ж невялiкую прадмову.

Iдэя падобнага твора паўстала ў мяне дужа даўно, яшчэ на першым курсе. Спачатку бракавала ўмельства, потым мастацкай смеласцi, а калi стала хапаць таго i другога, то неяк ужо рукi не даходзiлi. Дайшлi.

Планавалася, што твор пойдзе ў фантастыковы нумар часопiса «Маладосць», i менавiта для «Маладосцi» я пачаў усё гэта пiсаць. Але вельмi хутка мой опус вырас да цалкам сур’ёзных памераў, i па ўсiм было вiдно, што гэта толькi пачатак. Таму я вырашыў пiсаць асобную кнiгу, а ў «Маладосць» даць што iншае. Так цi йнакш, вялiкая падзяка Святлане Дзмiтрыеўне Дзянiсавай, без яе мо не сабраўся б!

Нейкi час я планаваў, што маiм суаўтарам будзе Вiктар Жыбуль, але ў вынiку ён хутчэй выконвае ролю галоўнага кансультанта.

Персанажы з рэальнасцi перамяжаюцца ў маiм аповедзе з персанажамi вымысленымi або скампанаванымi з некалькiх рэальных людзей — так, да прыкладу, Iрына Мiкалаеўна мае чатырох прататыпак, з якiх прынамсi дзве ў розны час выкладалi беларускую мову i прынамсi тры нешта пiсалi. Тыя, каго я праўдзiва вывеў пад сапраўднымi iмёнамi, — людзi пераважна вясёлыя, з пачуццём гумару, не павiнны так ужо пакрыўдзiцца. Зрэшты, з гэтай катэгорыi герояў я нiкога, здаецца, i не зрабiў такiм ужо адмоўным.

Што да Product placement-у, то я яго выкарыстоўваю тут досыць шырока, але не для рэкламы цi антырэкламы, а дзеля стварэння каларыту часу i вобразаў герояў. Я мог бы пералiчыць у рамане ўдзесяцёра больш брэндаў, але замест гэтага звычайна паказваў на нейкую характарыстыку таго цi iншага прадмета. На ўсялякi выпадак пазначу: я нiчога не маю супраць фiрмы «Ямаха» i ейных побытавых лiнеек PSR i PSS, але для рок-зоркi сярод мадэляў «Ямахi» лепш надаецца дарагi Motif альбо старажытная DX-7.

Я ганаруся якасцю сваёй творчасцi. Калi ты заўважыў у ёй нейкiя хiбы, лiстуй мне. Я iх папраўлю або патлумачу, дзе ты памыляешся.

Прыемнага ўчытання.

Анатацыя

Звычайны беларускi абывацель Юрый Вiктаравiч Кошалеў выпадкова трапляе з 2014 года ў 1998 i вырашае стаць суперзоркай…

БЕЛАЯ IНТУIЦЫЯ

Раман

Падлеткам 10-х
ад падлеткаў 90-х

Белая «Ака» гасцiнна прыпынiлася, прыадчынiла дзвёрку. Я пралез унутр, паспрабаваў захлопнуць.

— Яна не зачыняецца, прытрымлiвайце, — сказаў кiроўца. — Куды паедзем?

— У Нацыянальную бiблiятэку, — адказаў я. — Я не думаў, што на «Ацэ» таксаваць дазволена.

— Я не таксiст, — прамовiў кiроўца. — Я вучоны-фiлантроп. Я не вазьму з вас грошай.

У машыне вучонага-фiлантропа пахла чамусь гаспадарчаю крамай, нягледзячы на араматызатар, прылеплены пасярод тарпэды. Мэблiроўка салону складалася з чорнага дэрматыну i зшарэлага ад старасцi пластыку, спрэс абклеенага налепкамi са старых жуек. Усё гэта целяпалася i калацiлася як падчас руху, так i падчас стаяння на халастым ходзе. Пакуль ехалi да Усходняга аўтавакзала, тройчы глохлi кранаючыся з месца i двойчы — проста так.

— Карэта мiнуўшчыны, — заўважыў я.

— Машына часу, — паправiў ён. — Стаўлю эксперыменты на людзях!

Пасмяялiся.

Мой суразмоўца выглядаў так, што, бадай, мог ставiць эксперыменты на людзях. Густыя валасы з iдэальнаю фрызурай i першай сiвiзною, бледны твар, моцныя акуляры, дагледжаныя вусы i пазногцi, старамодны скураны пiнжак.

— А гэта адзiны кшталт эксперыментаў, якi вы ставiце, альбо не адзiны? — пацiкавiўся я.

— Не адзiны i не галоўны. Я зараз пiшу доктарскую дысертацыю, i мне трэба добраахвотнiкi для пацвярджэння або абвяржэння маёй гiпотэзы. Хочаце паўдзелiць?

— Калi гэта не шкодна для здароўя.

— Ад вас залежыць. У прынцыпе, не павiнна. У вас жа… вам, дарэчы, колькi гадоў?

— Трыццаць адзiн.

— Цудоўненька. У вас жа не было сур’ёзных хранiчных хвароб у падлеткавым веку?

Я падрабязна распавёў, на што хварэў. Ён уважлiва выслухаў.

— Не было, значыць. Вы-датна. Цябе-та мне i трэба.

Тут ён нацiснуў нейкую пiмпу пад прыборнай панэллю, i «Ака» пачала са свiстам набiраць хуткасць, прыўзняўшыся на дыбы i пакiдаючы ззаду ўсiх насельнiкаў Партызанскага праспекту. Потым нешта нiбы пыхнула, пасля чаго мы пачалi збаўляць наш шалёны ход.

— Вуаля, — прамовiў вучоны. — Сёння 3 студзеня 1998 года. Калi што-якое, знойдземся на фiзфаку, я дацэнт Эдмунд Рудынскi — думаю, запомнiш. Паглядзi-ка ў люстэрка.

Я зiрнуў у прыклеенае скотчам люстэрка, закрычэў i… прачнуўся.

Прачнуўся-то я прачнуўся…

Штука ў тым, што прачнуўся я, здаецца, не зусiм у сваiм пакоi. Мой пакойчык маленькi, спрэс завалены кнiгамi i музычнымi iнструментамi; гэты ж быў вялiкi, нейкi пуставаты. I — высокi рыпучы ложак.

Надта знаёмы ложак…

Я правёў рукой па твары. Я ўжо ведаў, што там будзе.

Так i ёсць — замест караткаватай трохдзённай шчэцi я адчуў гладкую, мяккую, нi разу не голеную скуру. Лёгенькi пушок на верхняй губе. Памацаў валасы — замест эфектнага прабору смешнаваты вожык без формы i прэтэнзiй.

Я цiскануў на пiмпачку гадзiннiка i… ледзь суцiшыў тры мелодыi i адну пiпiкалку. Цiскануў з другога боку. Разгледзеў бляклыя лiчбы: 5:34.

I тут я раптам супакоiўся i вырашыў спаць.

1.

— Ну што, аролiкi, пад’ём! Дванаццаць гадзiн, а яны дрыхнуць.

— Вiктар, якiх дванаццаць гадзiн, без дзесяцi адзiнаццаць! — пачуўся мамiн голас.

Я адным зграбным кульбiтам стаў на падлогу, пабег да лазенкi i… нечакана для самога сябе скiнуў апошняе, залез у ванну i ўключыў халодны душ. Туптаўся там з гучным фырчэннем секундаў дваццаць, насуха выцерся, мiнiмальна апрануўся, пачысцiў зубы.

Усе гэтыя манiпуляцыi для бацькоў 1998 года былi нязвыклыя: я быў добра разбэсцiўся i ўжо нават зубоў не чысцiў. Але ж i ў будучынi я таксама не прымаю душ ранкам, толькi вечарам! А тым болей такi халодны душ, бррр! Што на мяне найшло? Не ведаю. Мо прылiў сiлаў ад нечаканага пераезду?

— Ты што гэта? — спытаў бацька, — маржом вырашыў зрабiцца?

— Пiнгвiнам, — неймаверна тупа пажартаваў я. — Плаваць я ўмею.

Пасля гэтых слоў я ўзяўся за яечню, якая яшчэ не паспела астыць, i з насалодаю зразумеў, што ў 1998 годзе яна не горшая, чым у 2014.

— Салату будзеш навагоднюю? — спытала мама.

Ну так, Новы год жа ж быў заўчора.

— Не, дзякуй. Пабягу зараз на фiзфак БДУ.

— На якi яшчэ фiзфак?

Опанькi. Я неяк падзабыўся, што бацькi ў 15 год i ў 31 маюць крыху розную ўладу, так што мяне яшчэ спакойна могуць не адпусцiць да гэтага… як яго… Рудынскага (о, памятаю).

— Наконт курсаў спытаю. Трэба ж ужо думаць пра паступленне, — на хаду схлусiў я, i вельмi ўдала.

— Сёння?

Ат, ё-маё, зараз жа ж канiкулы. Хаця… у студэнтаў сэсiя.

— Мiкалай Аляксандравiч сказаў — трэцяга i чацвёртага, пакуль iспытаў яшчэ няма, — iмправiзнуў я яшчэ раз, iзноў удала.

— Ну, бяжы… партызан. А яно ж, напэўна, платнае?

— От гэта я сёння i высветлю. Да сустрэчы!

Пасля гэных слоў я выбег вонкi i пашураваў да прыпынку, дзiвячыся на абшарны снежны пустыр, якога чытач мо ўжо й не памятае. Сеў на тралейбус (з лодачкамi i нiзкаю пляцоўкай, калi хто транспартны фанат) i парулiў у бок вакзала.

За той час, што я яго не бачыў (кгм!), Мiнск змянiўся даволi iстотна. Шмат якiя новыя будынкi знiклi, некаторыя старыя — паўсталi. Многiя памянялi свой колер з яркага на брудны, затое ўсе «сталiнскiя» дамы былi з маiмi ўлюбёнымi прыгожымi вокнамi — памятаеце, вузенькая фортка, а над форткаю фрамуга. Што яшчэ кiнулася ў вочы — аўтамабiлi больш рознакаляровыя, чым цяпер.

Я вылез на Прывакзальнай, прарэзаў купку цыганак, абмiнуў макдональдс, у якiм тусiлi мажорныя студэнты, i праз хвiлiн дзесяць блуканняў у змрочных сутарэннях фiзiчнага корпуса знайшоў нейкага дзядка, якi падказаў мне кафедру, дзе працаваў Рудынскi.

Дацэнт апынуўся на месцы. Ён быў нагэтулькi падобен да сябе з будучынi, што я крыху не зарагатаў: нават пiнжак ён насiў той самы. Нашу з iм размову я запомнiў на ўсё жыццё.

— Вы дацэнт Эдмунд Рудынскi? — спытаў я, нанешта робячы выгляд, што мы не знаёмыя.

— Так, я. Самы малады дацэнт БДУ, дваццаць чатыры гады. Вы, малады чалавек, па якiм пытаннi?

— Учора, то бок сёння, я ехаў на таксоўцы.

— Ухвальна.

— I вы мяне падвозiлi.

— А гэтага нешта не памятаю. Якой маркi была таксоўка?

— «Ака».

— Ну дык гэта быў не я.

Рудынскi падняўся з-за стала i стаў развiваць сваю думку.

— У мяне, малады чалавек, бежавы «Опель-вектра» дзевяностага года. Во так. Чаго i вам зычу дасягнуць. Вас правесцi да выхаду?

— Чакайце, гэта яшчэ не ўсё!

— Уважлiва.

— Гэта было ў будучынi. У 2014 годзе.

Рудынскi хацеў нешта ўставiць, але я працягнуў:

— Вы сказалi, што пiшаце доктарскую дысертацыю.

— Дапускаю такую магчымасць; працягвайце.

— I вам трэба добраахвотнiкi для эксперыментаў. I вы закiнулi мяне ў 1998 год…

— Малады чалавек, — спынiў мяне Рудынскi, — вам вядома, што такое кантынуум?

— Незлiчонае мноства магутнасцю алеф1, — адказаў я.

— Ерась якая. Кантынуум, малады чалавек, — гэта не-па-рыў-насць. Прасторава-часавы кантынуум — непарыўнасць прасторы i часу. Цяпер адкажыце мне: калi мы маем непарыўнасць, як мы можам перайсцi ў мiнуўшчыну? Нiяк. А таму падарожжы ў часе не-маж-лiвыя, малады чалавек. I яшчэ, на будучыню: я не стаўлю эксперыменты на людзях, а калi хто будзе плявузгаць, што стаўлю, то з гэтым чалавекам будуць размаўляць не так i не тут. Усяго найлепшага, малады чалавек.

Карцiнна расхiнуў дзверы i паказаў на выхад.

Памятаю, аб чым я ў той момант думаў. Не аб тым, якой сволаччу выявiўся дацэнт Рудынскi: гэтага я яшчэ не ўсвядомiў. I не аб тым, што цяпер не здолею пераправiцца назад у будучыню; не. Я iшоў цёмным зялёным калiдорам i думаў як эталонны нерд:

«Гэты пыхлiвы недавумак не ведае, што такое кантынуум!»

I менавiта ад таго, што недавумак смее мяне вучыць, я стаў i заплакаў.

Насам-та-рэч дыспазiцыя была далёка не самая паганая. Цяпер я мог, прынамсi,

Прайсцi яшчэ раз, азiрнуцца,
Сабраць з дарог каменнi тыя,
Што губяць сiлы маладыя…

Ведаць, што трэба рабiць, а чаго не трэба;
ведаць, хто чаго варты;
ведаць, дзе быць цвярдзейшым, а дзе мякчэйшым;
не трацiць час i сiлы на лухту;
спакойна рушыць у будучыню сваiм ходам;
выкарыстоўваць усе наробкi шаснаццацi гадоў, ужо адзiн раз пражытых мной, i тады…

Я СТАНУ СУПЕРЗОРКАЙ!!!!!!!11АДЗIН

Я абцёр слёзы, падмiгнуў здаравеннаму гадзiннiку, што вiсеў над маёй галавой i паказваў нейкую лухту, i iмклiва рушыў насустрач сваiм перамогам.

А рука машынальна шукала ў кiшэнi тэлефон.

2.

— Вячаслаў Фёдаравiч? Будзе ласкавы, Вiктара.

— Ён у туалеце. А, не, ужо выходзiць. ВiктОр!

— Алё? — пачуў я знаёмы голас у слухаўцы.

— Добры дзень, Вiктар. Я паэт Юрась Гаманец, хачу выступiць на вашай iмпрэзе. Як уступiць у «Бум-Бам-Лiт»?

— А адкуль вы ведаеце мой нумар? — спытаў Жыбуль са знаёмай хiтравата-разважлiвай iнтанацыяй.

— Белая iнтуiцыя, — блiскуча ўсмiхнуўся я.

— Хм, — Жыбуль задумаўся. — Справа ў тым, што мы пакуль не выступаем. Але недзе праз тры тыднi будзем ладзiць iмпрэзу ў школе № ***.

— Выдатна. Як там выступiць?

— Ну, для гэтага трэба яшчэ параiцца з Вiшнёвым, з Мiнскевiчам…

— Тэлефон Вiшнёва я ведаю. Слухайце, я што падумаў: мо я для пачатку прыйду да вас i пакажу свае шэдэўральныя опусы?

— Ну, можна i так.

— Дзе вы тусуецеся?

— Ну, звычайна мы збiраемся ў рэдакцыi газеты «Культура»…

Далей Жыбуль падрабязна мне распавёў, як туды дабiрацца. Я нiчога не запомнiў, вырашыў паглядзець адрас у самой газеце «Культура» i з’арыентавацца на месцы. Занатаваў колькi опусаў у тонкi зеленаваты сшытак (на першыя грошы набуду сабе тоўсты, буйнога фармату i ў цвёрдай вокладцы) i задаволена адкiнуўся на спiнку дубовага крэсла.

Прайшоў усяго толькi дзень з моманту пераносу, а я ўжо выпрацаваў праграму дзеянняў.

Першае. Складаць для сябе планы. На дзень, на тыдзень, на месяц. Адсочваць iх выкананне або прычыны невыканання.

Другое. Пачаць зарабляць грошы. Пiсаць артыкулы ў «Кампутарную газету», «Кампутарныя весткi», «Музычную газету», «Пераходны ўзрост». Пачаць з простых нататак, штодня па штуцы. Браць колькасцю, завалiць аб’ёмам, здзiвiць дасканалым стылем.

Трэцяе. Заняцца спортам. Пачаць з зарадкi i лыжаў (зроблена), увесну трэба падсесцi на ровар, мажлiва прафесiйна. Кансультавацца ў фiзрука.

Чацвёртае. Займець сувязi ў творчых колах (часткова зроблена). Выступаць на публiку як мага больш.

Пятае. Заняцца музыкай. Для пачатку знайсцi нармальную гiтару (часткова зроблена — мацi абяцала папытаць сваiх знаёмых).

Шостае… Сёмае… Чатырнаццатае…

Уласна, лiтаратурная нiва абяцала мне самую лёгкую i самую хуткую перамогу. Я недурны, абаяльны, у меру нахабны, вельмi малады i знаёмы з паловай пiсьменнiкаў Мiнску. Праўда, яны яшчэ пакуль гэтага не ведаюць :-)

Тут я заўважыў у адным вершы слова «вiкiпедыя», доўга з мацюкамi яго крэслiў. Потым выдраў старонку. Потым падумаў, узяў другi сшытак i перанатаваў опусы ў яго.

Да школы заставалася яшчэ чатыры днi.

I тут раптам прыдушана забразгатаў тэлефон.

— Здароў. Нiчым не заняты?

— Можна сказаць, не заняты.

— Давай да мяне.

Я ўздыхнуў i пачаў збiрацца ў госцi да Колi Хвастова.

Праз хвiлiн дзесяць на маленькай бруднаватай кухнi, застаўленай кампотамi, заваленай тонкiмi часопiсамi пра гаспадарку i нямытым посудам, Коля артыстычна дымiў цыгарэтаю «Магна» ў яшчэ не зжаўцелых ад нiкацiну пальцах. Звышмагутных акуляраў, падклееных скотчам, ён пакуль не насiў.

— Акуляры ружовыя здымi, — прамаўляў Коля, надаючы свайму падлеткаваму тэнарку як найбольш вагi. — Планы — гэта добра. Планы будаваць мы ўсе магём. От выконваць… — тут ён зрабiў выразны мiмiчны рух, затушыў цыгарэту i жэстам запрасiў у свой пакой, грубавата прылашчыўшы па дарозе Нору.

У пакоi сям i там валялiся кампутарныя газеты i старыя навукова-папулярныя кнiжкi. Пасярод пакою на падлозе стаяла старадаўняя ЕС-1840 з чорна-белым дысплэем i друкаркай i ляжала нейкая брутальная савецкая электронiка. Ля вакна на вялiкiм стале стаяў навейшы кампутар, але таксама добра ўжо антыкварны для канца дзевяностых. Прастору ля кампутара займалi дзве кучы 5-цалевых дыскет, некалькi старых нумароў часопiса «Кэмпо», худзенькi кактус i вялiкая колькасць немавед чаго.

— Дык, гаворыш, хочаш музыкам стаць? — працягнуў Коля.

— Я не хачу, я проста стану, — прамовiў я i паспрабаваў вырабiць галiвудскую ўсмешку.

— Ружовыя акуляры здымi, — паўтарыў ён. — Колькi раскрутка каштуе, ведаеш хоць?

— Нiколькi, — адказаў я i зноў усмiхнуўся. — НРМ без грошай раскруцiлiся, дэль Монака без грошай раскруцiўся.

— Дык вось, каб ты ведаў: сярэдненькi клiп пачынаецца ад пяцiдзесяцi тысяч даляраў. Без эфектаў, без наваротаў — проста здымкi. Гэта клiп, прычым гэта адзiн клiп. Цяпер: ты зняў клiп, трэба яго недзе круцiць. Яшчэ два-тры разы па пяцьдзясят тысяч, калi канал не цэнтральны i ратацыя не ў прайм-тайм. Гэта яшчэ пры ўмове, што твой клiп кудысьцi возьмуць. Спрабаваў калi-небудзь ушчамiцца без блату… ну хоць, да прыкладу, на ўнiверсiтэцкае радыё? Цябе паслухаюць, скажуць «ага, ага, вельмi добра, мы вам пазвонiм» i — не, нават не выкiнуць! — сунуць тваю касету ў пяцьдзясят дзявятую шуфлядку, у левы кут. Праз дзесяць гадоў выграбуць, калi ўжо касета размагнiцiцца. Гэта ў найлепшым выпадку, часцей адразу выкiдаюць: я ж ведаю, як гэта ўсё робiцца. Але, дапусцiм, яны нават паслухаюць…

Коля гаварыў пераканаўча i з веданнем справы, i чалавек, якi бачыў яго першы раз альбо ведаў яго нядаўна — напрыклад, першы цi другi год, — паверыў бы ягоным словам. Але ж я слухаў гэтую фiласофiю, прапахлую танным цыгарэтным перагарам, больш за дзесяцiгоддзе, таму рэзка перапынiў:

— Добра. Што прапануеш ты?

— Я нiчога не прапаную, я проста кажу тое, што ёсць.

— Сам спрабаваў?

— Iншыя спрабавалi, прычым людзi рэальна таленавiтыя, не такiя ёлупы, як мы з табой.

— Колькi разоў?

— Слухай, ты што, мне не верыш? Мне? Не верыш?

— Ёсць прапанова змянiць тэму.

— Ну-ну. Спрабуй, эксперыментатар. А я паржу.

3.

Нягледзячы на прароцтвы Колi Хвастова, за наступныя чатыры днi я напiсаў чатыры нататкi ў розныя газеты, хадзiў на лыжах, загартоўваўся, а на Каляды прыйшла мамчына сяброўка i прынесла… гiтару! Я адразу агледзеў iнструмент, аднёс яго ў думках да катэгорыi «прыстойных барысаўскiх», паспрабаваў зайграць i са здзiўленнем заўважыў, што ўсе нешматлiкiя прыёмы, якiмi я авалодаў у будучынi, засталiся пры мне. Я сыграў нават кавалачак «Турэцкага марша» (самага зацяганага твора класiчнай музыкi) i ўвогуле моцна ўсiх уразiў. Цяпер заставалася спасцiгнуць таямнiчае дао iгры боем, i гэтую мiсiю я пакiнуў для сваiх аднакласнiкаў.

А ўночы я выступаў на стадыёне «Дынама». Я быў у чырвоным фраку, лётаў па-над сцэнай на паветраных шарах, спяваў без мiкрафона, а пры канцы вельмi доўгага канцэрта пра нешта гутарыў з нашым гiсторыкам Адольфычам, седзячы ля спартовае залы ў пустой паўцёмнай школе.

Я вырашыў, што гэты сон на добрае, i спакойнай хадою рушыў у бок роднае школы, у якой не быў столькi гадоў.

Першыя ўражаннi.

Школа сустрэла мяне ласкаваю цiшынёй i паўзмрокам: я прыйшоў на дванаццаць хвiлiн раней часу. Крыху пакруцiўся — не памятаў, у каторым з двух гардэробаў распранаюцца старшакласнiкi. Дзяжурны не гыркнуў — значыць, усё абышлося добра.

Геаграфiя.

Геаграфiю ў нас выкладае суворы малады вайсковец аднекуль з Расii. Пашараваў па журнале i выклiкаў… мяне!

— Мадагаскар.

— Антананарыву, — адказаў я вокамгненна i паказаў на карце.

— Велiнгтан.

— Новая Зеландыя.

— Пiткэрн.

— Адамстаўн, насельнiцтва 71 чалавек.

— Насамрэч 54; ну ды ладна. Грэнландыя?

— Нуук (Гатхоб).

— Готхаб. Антарктыда?

— Паўднёвы полюс :-)

— Пяць.

Гэта быў добры пачатак, вельмi добры. I — можна спакойна маляваць лабiрынты ды разглядаць аднакласнiц.

Матэматыка.

Тут я крыху пашкадаваў, што перанёсся ў пачатак 1998 года, а не ў канец 1997: рэч у тым, што ў нас тады была прыгожанькая практыкантка. Ладна, iншую знойдзем, а пакуль будзем паўтараць пройдзенае.

Ух ты ж ё-маё, ось дык задачкi! Я неяк думаў, што мае два курсы мехмату гарантуюць лёгкi поспех; але ж памылiўся, прычым жорстка! Што там формулы сiнуса, косiнуса?што ў што пераходзiць? Якая яшчэ няроўнасць Кашы — Бунякоўскага? Ведаю-ведаю, сорам мне, што я гэтага не памятаю, але ж сапраўды не памятаю!

Скончылася тым, што замест бiцця лындаў я ўсе дзве акадэмiчныя гадзiны шчыраваў колькi меў сiлы, ды яшчэ ледзь уратаваўся ад выклiкання да дошкi, i то дзякуючы таму, што паабяцаў добра падрыхтавацца наступным разам. Але, зрэшты, Ларыса Iванаўна паглядзела на мяне з павагай: у мiнулай iнкарнацыi я ў такiх выпадках хiтрыў i выкручваўся.

Беларуская мова.

Спачатку я думаў, што ўжо беларускую мову ведаю на пяцёрку з плюсам. Потым хваляваўся, што правапiс 2014 года крыху не той, што быў у 1998. Перад самым урокам зразумеў, што, блiн, iснуе безлiч правiлаў i арфаграм, схемы сказаў ды iншая лухта. А ў вынiку замест белмовы атрымаўся цудоўны мiтынг «за жыццё» i выдатны расслабон пасля матэматыкi.

Настаўнiца — маладая дзеўка, цёзка суворай завучыхi. Даволi сiмпатычная, i, здаецца, я ў яе на добрым рахунку. Пабачым, што то будзе.

Абед.

ШУМАТА! Задушлiвае паветра, выкладчыкi ўсе на нервах, змрочны восьмы «Г» i мажная рыжая дзевяцiкласнiца з русалчым поглядам. Дзевяцiкласнiцу завуць Каця, пару разоў у будучынi я з ёю размаўляў. Пiражкi з павiдлам i кампот цалкам уежныя, а мульцяшныя размаляваныя сцены — амаль сiмпатычныя.

Гiсторыя Беларусi.

Трэш, угар i садамiя. Як, зрэшты, я i памятаў з мiнулага разу. Адольфыч у сваiм рэпэртуары: «Выбiрай: двойка або дзве тройкi?», байкi з жыцця i гэтак далей. Поўнае ўражанне, быццам ён — былы аднакласнiк, што завiтаў да сваiх, пакуль настаўнiк не прыйшоў.

Вылiчальная матэматыка.

УГ ў кабiнеце iнфарматыкi, але не на кампутарах, а ў сшытачках. Мне не трэба: выявiлася, што я алiмпiяднiк. Умовы задач мне давялося выпытваць хiтрасцю. Адну праграму я такi давёў да ладу i быў ухвалёны!

Агулам за першы дзень.

Што ж, першы дзень у школе прамiнуў :-)

Калi параўноўваць з маiмi чаканнямi, то вучыцца ў школе апынулася куды цяжэй, чым я спадзяваўся. Ну, пры ўмове, калi ты сапраўды вучышся; але я за свой 31 год займеў завядзёнку падыходзiць да ўсяго грунтоўна, на поўным сур’ёзе. Але ж павiнен прарвацца. На матэматычныя вяршынi я, тым болей, цяпер не прэтэндую — ведаю, што мая будучыня не ў навуцы (от як бы шчэ гэта давесцi бацькам?).

Калi параўноўваць з будучыняй… Не ведаю. Я не вучыўся ў школе XXI стагоддзя. Я думаў, мне кiнецца ў вочы нейкая, прыкладам, беднаватасць або, не ведаю, нервовасць атмасферы — лiхiя дзевяностыя, усё такое. Але ж не, усё дужа прыстойна. Мабiльнiкаў i планшэтаў нi ў кога няма, таму ўсе гуляюцца з тамагочы. Тамагочы прыкольныя — нават задумаўся, цi не купiць i сабе.

Ну i агулам уражаннi цiкавыя. Пачуваюся недзе памiж Фаўстам, Штырлiцам i Рабiнзонам (не ведаю, каго тут болей). I яшчэ: якая, аднак, каласальная рознiца памiж 31 годам (хоць гэты век i лiчыцца маладым) i сапраўдным юнацтвам! Хочацца бегаць i спяваць, бегаць i спяваць!

I — паўнюткая школа цудоўных дзяўчат на любы густ. Можна б нейкую выбраць!

Што будзе далей? Не ведаю. Хачу зрабiць паводле ўсiх канонаў Аповесцi Пра Пападанца: крок за крокам уздымацца, расцi над сабой, зразумець сякiя-такiя банальныя мудрыя думкi, знайсцi сваё каханне, а ў канцы аповеду такi збудаваць галактычную iмперыю — то бок, у дадзеным выпадку, зрабiцца першаю беларускай суперзоркай.

Ну а цяпер пайду ў «Культуру». Пабачым, што то будзе!

4.

Вечарам пятнiцы ў рэдакцыю газеты «Культура» завiтаў нейкi дзiўнаваты экзэмпляр — высокi юнак гадоў 15—16 з пранiзлiвым позiркам i нервовымi спружынiстымi рухамi. Востра i спрытна агледзеў усiх прысутных, зазiрнуў кожнаму ў вочы i прамовiў меладычным голасам:

— Дзень добры. Я паэт Юрась Гаманец, а вы — Вiшнёў, Сiн, Туровiч, Барысевiч i Мiнскевiч? Вельмi цудоўна. Я хачу далучыцца да «Бум-Бам-Лiта».

— Што вы пiшаце? — першым апомнiўся Вiшнёў.

— Я пiшу вельмi рознае, а сёння прачытаю порнатрылогiю.

Стаў у карцiнную позу i пачаў дэкламаваць:

1. Ананiзм.

ананiзм

аргазм

ананiзм

аргазм

ананiзм

ананiзм

аргазм

ананiзм

ананiзм

ананiзм

ананiзм

ананiзм

ананiзм.

(«Аўтабiяграфiчны верш», — заўважыў Вiшнёў. «Часткова», — не сумеўся Юрась Гаманец).

2. Сэкс з Анжалiнай Канапацкай.

эрэкцыя

фрыкцыя

эякуляцыя

эрэкцыя

фрыкцыя

фрыкцыя

эякуляцыя

эрэкцыя

фрыкцыя

фрыкцыя

фрыкцыя

фрыкцыя

фрыкцыя

эякуляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

эрэкцыя

фрыкцыя

фэляцыя

фэляцыя

эрэкцыя

фрыкцыя

эякуляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

фэляцыя

эякуляцыя

катарсiс i фрустрацыя

— А хто такая Анжалiна Канапацкая? — спытаўся тут Мiнскевiч.

— Гераiня маёй трылогii, — блiскуча ўсмiхнуўся Юрась Гаманец.

3. Iдэальны сэкс.

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Эрэкцыя —

эякуляцыя!

Трэцюю частку я чытаў хвiлiн дзесяць.

— Яна што, бясконцая? — перапынiў нарэшце Вiшнёў.

— Ну так, гэта ж iдэальны сэкс, — адказаў я.

— Нагадвае аднаго такога расейскага паэта, якога завуць Банiфацый, — мовiў Мiнскевiч.

— Я знаёмы з Банiфацыем, — кiнуў я мiмаходзь. — Адно я не ведаю, дзе ён цяпер абiтае: на Вялiкай Астравумаўскай альбо на праспекце Вярнадскага.

— Бумбамлiтаўскi маладняк падрастае, — заўважыў Барысевiч пасля кароткай нямой сцэны.

— Цiкавыя вершы, — сказаў Вiшнёў. — Ты як, Серж, лiчыш?

— Так, вершы цiкавыя, — сказаў Мiнскевiч. — Алесь, ты як?

— У мяне паўстаюць два асноўныя пытаннi, — абазваўся Туровiч. — Першае пытанне палягае ў тым, наколькi дадзеная тэхнiка пiсьма iманентна ўласцiвая гэтаму канкрэтнаму творцу. Другое пытанне тычыць сэнсаў, якiя можна прадукаваць на глебе такiх тэкстаў.

— Напiшыце вершазнаўчы артыкул, Алесь Канстанцiнавiч, — сказаў я i лагодна пасмiхнуўся яму ў твар. — Я вам зраблю асобнiк, дайце аркуш.

Мне далi аркуш жаўтаватай паперы, вызвалiлi адно крэсла, я выняў асадку i пачаў старанна выпiсваць трылогiю.

— Вось каго не хапала на пяцiгоддзi «Першацвета», — прамовiў Сiн, i ўсе пачалi наперарыў з iм пагаджацца.

— А што было на пяцiгоддзi «Першацвета»? — пацiкавiўся я, адклаўшы асадку на хвiлiну.

— Там быў пэрфоманс, — адказалi Мiнскевiч i Вiшнёў.

— Гэта я сам разумею, — ледзь не сказаў: «Дзякуй, кэп». — Якi пэрфоманс?

— Мы падарылi галоўнаму рэдактару «Першацвета» лiхтарык у прэзерватыве.

— Фалiчненька. Што ён вам сказаў?

— Маленькiм дзецям нельга такое казаць, — засмяяўся Вiшнёў. Я жыццярадасна гыгыкнуў.

— У нас, дарэчы, хутка павiнен выйсцi зборнiк, — паведамiў Мiнскевiч. — Ведаеш, як называецца?

— «Тазiк беларускi», трэба меркаваць.

— Хто табе распавёў?

— Белая iнтуiцыя. Прэзентацыю ладзiць будзем?

— Так. I мы б хацелi, каб ты там выступiў, — сказаў Вiшнёў, — i прачытаў сваю трылогiю.

— Прачытаю. Алесь, трымай асобнiк.

На гэтай аптымiстычнай ноце я ўступiў у «Бум-Бам-Лiт» i стаў амаль сапраўдным беларускiм пiсьменнiкам. Менш чым праз два тыднi меўся адбыцца мой дэбют на сцэне.

5.

— Пумба, ёсць iдэя.

— Клас, якая iдэя?

— Сабраць рок-гурт i стаць суперзоркамi!

— Ну можна. У майго сябра ўдарная ўстаноўка ёсць. А хто на чым будзе граць?

— Ну, я хачу на клавiшах, але клавiшаў пакуль няма, таму пакуль буду на гiтары. Ты — на ўдарцы. На бас Саню Белага возьмем. Ты як?

— Я заўсёды «за».

— Клас, пасля школы спiшамся ў кантакцiку.

— Гэта як?

— Эмм… ну, сустрэнемся, абгаворым.

— Дык можна сёння там сустрэцца — гэта гаражы насупраць бiблiятэкi, восемдзесят чацвёрты нумар. Я цябе на ўваходзе сустрэну.

Саня Белы сказаў, што ў яго няма слыху, але я запэўнiў яго, што гэта не перашкода: трэба проста напiсаць на грыфе, дзе якая нота. Спачатку я думаў запрасiць яшчэ Буйнiцкага, ды потым прыгадаў сякiя-такiя дэталi ягонай будучай бiяграфii i раздумаў. Ну а на сола-гiтару ў мяне быў кандыдат з будучынi.

Гараж, у якiм Пумбаў сябар трымаў сваю ўдарку, месцiўся дужа блiзка ад майго дому — лiтаральна пад самым носам. Роўна ў 17 59 я падышоў да ўвахода. Саня i Пумба былi ўжо там.

Ударка апынулася электронная, падобная больш да варачнай панэлi, чым да музычнага iнструмента. Зрэшты, на падлозе ляжаў i акустычны барабан — пiянерскi, чырвоны, з праселаю шэрай мэмбранай. На яго былi акуратна пакладзены тры палкi: дзве зусiм навюткiя, а трэцяя быццам зубамi пагрызеная. У кутах на фанерках стаялi калонкi S-90. Падлога была пакрытая чорным дываном з сiнiмi прожылкамi. У трэцiм куце стаяла паджылая школьная парта, змацаваная дадатковаю дошкай. На парце змяшчалiся два мiкшэры: брутальны савецкi з драўляным нiзам i здаравеннымi круцёлкамi, а таксама маленькi Behringer у мутным цэлафанавым чахле. Мiкрафон быў адзiн — савецкая заслужаная «Актава», шчодра прыматаная да шнура iзаляцыйнаю стужкай. На краi парты стаяла бляшанка, да паловы поўная недакуркаў.

— Клас, — сказаў я шчыра. — А я назву прыдумаў для нашага гурта.

— Якую? — спытаўся Саня Белы.

— «Свiнтус грандыёзус». Праўда файна?

— Супер! — адказаў Пумба. — А што мы будзем граць?

— Мне Queen падабаецца, «Агата Крысцi», «Арыя», «Пiкнiк», NRM, сiнт-поп, паўэр-мэтал… — пачаў пералiчваць я.

— О, крута, — сказаў Пумба. — Яшчэ толькi «Нiрвану» трэба дадаць, «Нiрвана» класная. Саня, табе як?

— Мне нармалёк. Што будзем рабiць сёння?

— Сёння нiчога, я яшчэ не забраў у свайго сябра бас, — прамовiў я.

I тут толькi да мяне дайшло, што сябру гэтаму цяпер дзевяць гадоў.

Але ж вонкава я нiяк гэтага не выказаў. Прызначыў рэпу на наступны чацвер, паабяцаў Саню, што дастану бас, сказаў, што напiшу дзве-тры песнi. Пумба пагрукаў па барабанах, пасля прапанаваў узяць па пляшцы за ўтварэнне гурта. Я сказаў, што я вельмi не супраць…

— Ну, падымайся ўжо, прышэлец.

Я з цяжкасцю разлупiў вочы. Мама стаяла ў дзвярах. Я паволi споўз з ложка, ледзь не наступiўшы нагою ў тазiк. Пасунуўся ў бок лазенкi, вялiкiмi намаганнямi ўзлез пад душ. Стаяў там утрая болей, чым звычайна, ледзь не змерз, але трохi прачнуўся.

— Дзе ж ты ўчора так насвiнячыўся, сынуля?

— У студыi, — адказаў я не без пэўнага намагання. — Пераблытаў дазiроўку. Болей не паўторыцца.

— Можа гарэлачкi вып’еш?

— Не, — адказаў я. — П’янству бой.

— Урокi не рабiў, канешне?

— Не. Крыху не да гэтага было.

— Будзеш выкручвацца.

— Буду. Я ўчора… нiякiх глупстваў не казаў?

— Не казаў. Цябе два хлопчыкi прывялi, адзiн на мiнулым днi нараджэння быў, а другога я не ведаю. Таксама ўжо харошыя.

— То добра.

— Мiнералкi ў школу вазьмi, хоць вып’еш.

— Вазьму, дзякуй.

Я сяк-так апрануўся i папёхаў да школы. На палове дарогi я пачуў голас.

— Ну як там у будучынi?

Я павярнуўся i пабачыў жыццярадаснага Пумбу.

— Якой будучынi? — «не зразумеў» я i падрыхтаваўся слухаць.

— Ой, Юрасiк. Чаго ты ўчора гавары-ыў…

— Эмм… чаго я ўчора гаварыў?

— Што ты прыляцеў да нас з будучынi! на таксi! I што ты цяпер адначасова ў двух узростах!

— Клас. Гэта я такое казаў?

— Ты яшчэ не такое казаў. Ты яшчэ нам будучыню прадказваў!

— I што я прадказаў?

— Што тэрарысты Манхэтэн разбураць. Што Шумахер будзе чэмпiёнам сем разоў. Што ў Лукашэнкi народзiцца сын Коля. Што ва ўсiх будуць сотавыя тэлефоны з выхадам у iнтэрнэт.

— Жэсць. Гэта я колькi выжлуктаў?

— Тры пляшкi ты выпiў. Пасля дзвюх быў сяк-так нармальны, нейкiя планы будаваў. Казаў, што ведаеш спосаб, як на стадыёнах граць.

— Мдзя, — падсумаваў я.

Саня Белы спытаў мяне толькi: «Ну як ты, нармальна?». Я адказаў, што такi нармальна.

— Ну добра, бо мы з Лёхам баялiся.

Рэшту дня я пачуваўся надзiва бадзёра, папiваючы мiнералку пры мажлiвасцi. А на фiзры я моцна здзiвiў Артура Вячаслававiча: сумленна распавёў пра бадун i распытаў дарэчы пра практыкаваннi, якiя трэба рабiць, калi хочаш стаць велагоншчыкам. Артур Вячаслававiч параiў не пароць гарачку, ухвалiў iмкненне да фiзiчнай культуры i паказаў пару практыкаванняў, якiя я ўжо i так рабiў. Ну а на самой фiзры я займаўся тым, чым i заўсёды: сядзеў на лаўцы, ухiляючыся раз-пораз ад мяча.

На беларускай лiтаратуры я нават пабыў зоркай. Мы пачалi «Новую зямлю», так што я меў невыказную насалоду, пералiчыўшы братоў i сясцёр Коласа ў храналагiчным парадку i распавёўшы гiсторыю быка Мiкiты, як ён сябраваў з бараном.

Пасля заняткаў Iрына Мiкалаеўна папрасiла мяне застацца.

— Ну, Юра, я ад цябе сёння проста ў захапленнi, — сказала яна. — Адкуль ты ўсё гэта ведаеш?

— А я на вакацыях у музей Коласа хадзiў, — не казаць жа ж ёй, што я ў тым музеi цэлы год працаваў.

— Можа хочаш выступiць з дакладам?

— Хачу, але сёння я крыху не ў форме.

— У лютым будзе навуковая канферэнцыя. Ты б мог зрабiць даклад пра Коласа.

— Я б лепш паэму пра Коласа напiсаў, — сказаў я, крыху падумаўшы.

— А ты пiшаш вершы?

— Вершы, прозу i музыку.

— Ваў, да ты талент! А цi можна мне паглядзець?

— Я вам прынясу на наступную лiтаратуру. А хiба ў тыя часы ўжо казалi «ваў»?

— Якiя часы?

— Ой, не, прабачце, я нешта сёння загаворваюся. Я прынясу вам. Да пабачэння, Iрына Мiкалаеўна!

Клас. За ўчорашнi вечар i сённяшнi дзень — два разы пракалоўся, з iх адзiн на мяжы правалу. Не, усё, пiва наш вораг! А зрэшты не, лепш буду пiць патроху для трэнiроўкi, каб з трох пляшак не валiцца. Але не напiвацца нi ў якiм разе — табу!

I, блiн, яшчэ ж трэба той бас недзе здабыць…

Карацей, уляпiўся па самыя памiдоры. Пайду паем.

6.

Бас-гiтару я здабыў дужа простым i нахабным шляхам.

Для пачатку я напiсаў у сшытку iмёны ўсiх сваiх знаёмцаў, якiх толькi памятаў (заняло гэта, уласна, амаль цэлы сшытак упiсiстым почыркам). Большасць у 1998 годзе была дашкалятамi, некаторых i зусiм не было, але ж пракiдалiся й тыя, хто маглi тэарэтычна мне дапамагчы. Я выпiсаў такiх асобна i пачаў абзвон па алфавiце. I трэба ж было такому здарыцца, што першы кандыдат з радасцю аддаў мне свой пыльны бас за пляшку каньяку!

Iнструмент апынуўся яркага чырвонага колеру з пералiўчатай залатою цыратай на пярэдняй панэлi. Гэтым яго вартасцi, здаецца, i абмяжоўвалiся. Першай струны не было — яна, паводле Рыгора Яфiмыча, раптоўна парвалася ў 1990 годзе. Прынёсшы бас дадому, я пераканаўся, што i электронiка там даўно затрупехла. Так цi йнакш, гэта была сапраўдная… ну, а м а л ь  сапраўдная бас-гiтара, i Саню Беламу яна мела дужа спадабацца.

Як я даведаўся тэлефон Рыгора Яфiмыча, дарэчы, свайго будучага дырэктара? О, вельмi лёгка. Узяў пяць дыскет, паехаў да сябра на вулiцу Адзiнцова дый перапiсаў сабе тэлефонны даведнiк. Усё як зараз, цi не так?

Ну а чуткi пра тое, быццам я прышэлец з будучынi, хутка сунялiся самi сабой.

Наперадзе было 22 студзеня i першы выступ.

Цёмная актавая зала школы № ***, ледзь знойдзенай у Малiнаўцы, бiтма набiтая хлопцамi i дзяўчатамi ўсiх мажлiвых узростаў. У першым радзе сядзiць нейкая шатэнка ў чырвоным швэдры, у якой такiя доўгiя валасы, якiх цяпер не часта i пабачыш; iншыя слухачы таксама пазiтыўныя i жывыя, але не так добра бачныя ў паўцемры.

— Сёння ў нас у гасцях лiтаратурная суполка часопiса «Першацвет», — абвясцiла Любоў Аляксандраўна, надзвычай мiлая i зычлiвая настаўнiца гадоў пяцiдзесяцi. — Гэта маладыя паэты, у якiх дужа цiкавыя iмёны: Дзянiс Крывасмок (рогат), Вiктар Ваўкалак (рогат, вiскат), Вальжына Морт (рогат), Алесь Спiцын (смешкi па iнэрцыi) i Матэматык Х (смех, воплескi). Яны прачытаюць вам авангардныя вершы. Слухайце iх уважлiва!

Дзянiс Крывасмок выйшаў на авансцэну i прачытаў першы верш:

У старой беларускай вясковай трупярнi
Хлопцы ладзiлi нешта кшталту пякарнi:
Абраблялi нажамi кiнутых бабак
I пяклi з iх нешта кшталту аладак.

Наступныя авангардныя вершы былi вытрыманы ў падобнай жа стылiстыцы. Жыбуль-Ваўкалак чытаў пра вылазку мерцвяка, Вальжына — пра вогнiшча з вачэй конскiх. Спiцын прачытаў верш з аднаго слова, верш зусiм без словаў i верш са словамi, але без рыфмы; я ўсё сядзеў у левай кулiсе i ўважлiва назiраў за тым, што адбываецца. Наступны выхад быў мой.

Я элегантна выступiў на пярэднi край, строга ў цэнтр. Паправiў каўнерык, акiнуў позiркам аўдыторыю. Спытаў, цi добра мяне чуваць заднiм шэрагам («Добра!»).

Прамовiў:

— Ну а я прачытаю больш традыцыйны верш. Ён напiсаны пра беларускую прыроду, беларускiх птушак. Верш называецца «Драчы».

Народ гучна зарагатаў i быў ледзь суняты настаўнiцай. Я дачакаўся цiшынi i пачаў:

Праз глухiя мясцiны балотныя
Я нiкога не стрэў, iдучы.
Толькi птушкi наўкол пералётныя
I драчы, i драчы, i драчы.

Свецiць ранак вясной белакрылаю.
Я з каханай сустрэцца хачу.
Раскажу пра каханую, мiлую
Я драчу, я драчу, я драчу.

Вось павеяла ў твар лёгкiм ветрыкам.
Свецiць сонца. Iду паўз карчы.
Толькi бор пра каханую ведае
I драчы, i драчы, i драчы.

I тут Любоў Аляксандраўна сказала такое, што мне заняло дых ад захаплення перад яе педагагiчным талентам. Яна павярнулася да вучняў i прамовiла:

— Вось, дзецi, на прыкладзе гэтага жартаўлiвага верша мы бачым, як можна выгнуць простае беларускае слова «драч». Папляскаем нашым гасцям (гучныя апладысменты). Цяпер можна падыходзiць, браць аўтографы, а пасля запрашаю вас, дарагiя госцi, на гарбату ў нашу школьную бiблiятэку. Дзявяты «Б», чакаю сачыненняў.

Народ паўстаў i сунуўся праз вузкаватыя дзверы, не раўнуючы вада праз злiўную адтулiну. Чалавек дваццаць хлопцаў i дзяўчат запынiлiся каля сцэны, каб пагутарыць з сапраўднымi паэтамi ды атрымаць аўтографы.

— А вы заўсёды па-беларуску пiшаце? — спытаў мажны русавалосы хлопец у шэрым швэдары.

— Крыху меней, чым заўсёды. 95 %, — адказаў я.

— Крута, малайцы, — сказаў ён i пайшоў.

Пайшла i шатэнка з даўжэннымi валасамi — нешта хацела сказаць, але раздумала.

— А можна аўтограф на грудзях? — спыталася белабрысая канапатая таўстушка.

— Нельга, на грудзях асадка не пiша, — пераканаўча прамовiў я i перахапiў ухвальны позiрк Любовi Аляксандраўны.

«Фапабельнай цян ад Кошалеў-куна», — напiсаў я стрыжанай брунетачцы ў акулярах. Тая нiчога не зразумела i вырашыла, нiбы так i трэба.

— А як можна самому стаць паэтам? — спытаў ломкiм голасам хлопец з мелаванымi валасамi.

— Напiшы паэму на 500 радкоў ды прыходзь у Дом лiтаратара.

— А пра што пiсаць?

— Пра што хочаш апроч суслiкаў i мамантаў. Пра суслiкаў пiша Вiшнёў, пра мамантаў — я.

Мы замкнулi актавую залу i рушылi ў бок бiблiятэкi гулкiмi цiхмянымi калiдорамi.

— У нас дзецi добрыя, — прамаўляла Любоў Аляксандраўна. — Канешне, крыху нязвыкла чуць такiя нестандартныя вершы, яшчэ i на беларускай мове. Да нас прыязджаюць i Дранько-Майсюк, i Гальпяровiч, але ў iх у асноўным больш традыцыйныя творы. Вам падабаецца Гальпяровiч?

— Не, — адказаў адразу Дзянiс Крывасмок.

— А хто вам падабаецца з беларускiх паэтаў?

— Мне падабаюцца шатландскiя.

— А якiя, напрыклад?

— Самыя розныя.

Любоў Аляксандраўна пра нешта задумалася. Потым сказала:

— У нас дзецi таксама пiшуць вершы. Алеся Рапунцэвiч, Люся Краеўская…

— Як поўнае iмя Люсi? — спытаў я дужа спрытна.

— Людмiла. А вы нешта пра яе чулi?

— Не, не чуў.

— Вы так усхапiлiся, нiбы яна ваша знаёмая.

— Выпадкова атрымалася. А цi добрыя вершы яны пiшуць?

— Некаторыя досыць добрыя. А цi добрыя вершы пiшаце вы, малады чалавек?

— Некаторыя досыць добрыя, — адказаў i я.

— То чаго вы замест добрых вершаў чыталi сёння гэную лухту пра драчоў?

— Такiм быў агульны фармат вечарыны.

— А ў вас хiба бываюць iншыя фарматы?

Тут я задумаўся, як адказаць, i змоўк.

Любоў Аляксандраўна налiла гарбаты, прапанавала пернiкаў.

— Вы толькi на мяне не крыўдуйце. Вы людзi маладыя, творчыя. Маладым заўсёды ахвота павыдурняцца. Але ж творчасць — яна не толькi для сябе. Трэба ж нешта добрае даць чытачу, а не толькi насмяшыць або напалохаць. Так цi не?

«Бум-Бам-Лiт» пiў гарбату, еў пернiкi i маўчаў.

— Вы маладыя, у вас усё наперадзе. Але ж маладосць хутка праходзiць, i ў яе больш не вернешся. Вось аб чым я хвалююся.

— А калi б вам вярнуцца ў вашыя 15 гадоў, — спытаўся я, — як бы вы пражылi сваё жыццё?

— Не ведаю. Я нарабiла шмат глупстваў, але ў вынiку мне падабаецца тое, чым я займаюся зараз. Я люблю дзяцей, люблю iх выхоўваць, люблю нашу беларускую мову. Вершы люблю… нават такiя эксперыментальныя. Галоўнае — гэта гармонiя з самiм сабой. Зычу i вам яе дасягнуць, маладыя людзi.

7.

— Пацюпны пыпынак ўiбыбыбыўiшь.

Дзверы з вурчаннем зачынiлiся, i грымучы, поўны зiмовага сонца тралейбус вырулiў на змрочную i вузкую Ленiнградскую. Я зняў шапку, паклаў яе на каленi.

На «пацюпным пыпынку» стаяла роўна адна пасажырка — доўгавалосая, танканогая дзяўчына ў чорнай куртцы. Зайшла ў пярэднiя дзверы, падсела да мяне, вызвалiла валасы. Тут я пазнаў тую, што была на нашым паэзаканцэрце.

— Памятаеце мяне? — спытаў я.

Дзяўчына ўважлiва на мяне паглядзела.

— Вы выступалi ў нашай школе, так?

— Менавiта. Прачытаў верш, якi вам не спадабаўся.

— Чаму вы так вырашылi? Вельмi нават спадабаўся. Можа ў вас ёсць яшчэ вершы?

— Ёсць, чаму не быць. Я iх больш за тысячу напiсаў.

— Ачмурэць! Дзе купiць вашу кнiгу?

— Кнiгi яшчэ пакуль няма. Сёлета буду самвыдатам друкавацца, а нармальную тоўстую кнiгу добра калi праз пару год выдам.

— Доўга.

— Нармальна. Мне ўсяго 15, праз два гады будзе 17.

— Я думала, вы ўжо студэнт, — здзiвiлася яна.

— Не, гэта ў мяне яшчэ спераду, — спетрасянiў я. — А вас завуць Алеся Рапунцэвiч, не?

Яна пасмiхнулася:

— Не, канешне. Мяне завуць Жэня, для сяброў — Джэнi. Алеся да вас падыходзiла, дарэчы. Памятаеце, брунэтка з вожыкам?

— Памятаю. Джэнi, можа, на «ты»?

— Давай. А цябе як завуць?

— Юра.

Тут Джэнi чамусь засмуцiлася. Хвiлiну мы маўчалi.

— Куды ты едзеш? — спытаў я. — Я з алiмпiяды вяртаюся.

— А па якiм прадмеце? — зацiкавiлася яна.

— Па матэматыцы. Дык куды ты едзеш?

— У велакраму. У мяне хутка народзiны, i матуля абяцала падарыць мне ровар. Так што я еду выбiраць!

— Неяк дзiўнавата — ровар узiмку.

— Чаму ж дзiўнавата? Я даўно марыла.

— А можна я дапамагу табе выбраць?

Джэнi зноў уважлiва на мяне паглядзела, усмiхнулася з мяккай iронiяй ды кiўнула.

— Ёшкiн кот! — прамовiў я праз пяць хвiлiн. — Яны гэта называюць фiрмоваю крамай!

Фiрмовая крама велазавода ўяўляла сабой шчылiну ў заводскай сцяне. У шчылiне стаяла цётка з кароткiмi выбеленымi валасамi i чытала iнтэлектуальную прозу Палiны Дашкавай. На заднiм фоне фiрмовай крамы выстраiлiся змрочныя ровары мутных колераў, часткова загорнутыя ў тлустую паперу.

— Слухай, давай хоць у «Беларусь» паедзем, там хоць можна зблiзу паглядзець, — сказаў я.

— Чаго гэта вы ў «Беларусь» паедзеце? — ажывiлася раптам цётка, якая яўна засумавала была без пакупнiкоў. — Там тое самае даражэйшае ды стаялае, а ў нас — свежанькае, толькi з заводу. Вы сабе бераце альбо сваёй даме?

— Я бяру даме, але сёння мы проста выбiраем. Браць будзем… калi ў цябе народзiны?

— У наступную пятнiцу, — адказала Джэнi, — але святкуем у суботу.

— А мая ж ты дачушка, — залапатала прадаўшчыца. — А я ж табе выберу самы лепшы ровар, што будзеш на iм ездзiць i цёцю Галю ўспамiнаць! О, глядзi — «Дзюймовачка» дабрэнны ровар! Будзеце браць ровар «Дзюймовачка»?

— Калi жоўценькi ё, возьмем! — прамовiў я. — Адно каб растоўка была на Жэнiн рост.

— А тут можна сядушку падымаць, — паведамiла мне цёця Галя. — Падымаеш сядушку i дабрэнна едзеш. Я спецыяльна вам знайду на складзе жоўценькую дзюймовачку!

На гэтай аптымiстычнай ноце мы развiталiся з цёцяй Галяй i пайшлi ў бок кавярнi «Явар», ля якой, нягледзячы на марозны ранак, тусавалiся чалавекi тры — вiдаць, з лiку сталых клiентаў. Паглядзелi ў мой бок, але падыходзiць не сталi.

— Калi ў суботу сустрэнемся? — спытаў я.

— Здорава ты напрасiўся на мае народзiны, — здзiвiлася Джэнi. — Я яшчэ пакуль сама не ведаю. Якi ў цябе тэлефон?

— 214-22-22.

— Мой — 274-22-44. Я табе патэлефаную. Або ты мне.

— Або я табе.

Я галантна правёў Джэнi ў тралейбус i пашураваў дамоў у такiм летуценным настроi, якога ў мяне не было ад самага 2013 года.

— Здароў. Моцна заняты?

— Не, сёння не заняты, — уздыхнуў я ў слухаўку.

— А што так кiсла?

— Стамiўся на алiмпiядзе.

— Давай да мяне. Гарбаткi пап’ём.

Распавядаць Колю Хвастову пра Джэнi мне нi разу не собiла, а я выдатна разумеў, што ўжо гэтую iнфармацыю ён з мяне жыва выцягне.

— Не, не хачу, — сказаў я. — Хачу спаць.

— Ну, спi, спун, усё жыццё праспiш. Давай.

— Ага.

Я паклаў слухаўку, рушыў на кухню.

— Ну што, алiмпiец, як поспехi?

— Нармальна.

— Рашыў чаго-небудзь?

— Усё рашыў, але, мяркую, палову няправiльна. Але я вырашыў, хай хоць якое рашэнне, чым нiякага.

— Разумны падыход. Табе нейкая дзяўчынка званiла.

— Якая, што казала?

— Нiчога не казала. Спытала так: «Добры дзень, цi магу я пачуць Юру?». Я сказала, што ты яшчэ на алiмпiядзе. «Зразумела, то я потым перазваню». Вельмi незалежная мадама мне падалася.

— Якi ў яе голас?

— Прыемны голас. Такi даволi дарослы, спакойны. Ты яе ведаеш?

— Мабыць, ведаю, але дакладна не ведаю. Што ў нас ё паесцi?

— Суп з курвёнкам i пячонка. I яшчэ я арэхаў розных накупiла.

— Ур, ур, урр!

Пасля гэтых дужа мудрых слоў я прыступiў да абеда, а пасля абеда хацеў патэлефанаваць Джэнi, але яна патэлiла першая, i мы гаварылi з ёй хвiлiн сорак.

8.

— Чаго ты будзеш у той музей хадзiць, Юра? Ён жа ж далёка. Не наездзiшся пасля вучобы!

— Ну… а як тады?

— Прыходзь да мяне. У мяне летапiс жыцця ёсць, альбомы, збор твораў. I раздрукаваць можна!

— Ну… добра. А калi вам зручна?

— А давай сёння.

— Ну давайце. А ў колькi?

— У дзевятнаццаць. Не позна табе?

— Не, не позна.

А сёмай гадзiне я падняўся на дзявяты паверх пешшу, таму што лiфт хадзiў толькi да восьмага, хвiлiну падумаў, каторы са званкоў на паўцёмнай пляцоўцы трэба цiснуць, каб патрапiць да Iрыны Мiкалаеўны, але ў вынiку званок выявiўся сапсутым, а калiдорныя дзверы — адчынёнымi. Я пагрукаў, Iрына Мiкалаеўна запусцiла мяне, дапамагла распрануцца ў мiкраскапiчнай вiтальнi ды правяла ў пакой.

У правым заднiм куце пакоя стаяў невялiкi зграбны кампутар з сiнiм нортанам, друкаркай i малюпасенькiмi калонкамi, падобнымi да дзiцячых рацый. Вакол кампутара штабялямi грувасцiлiся кнiгi. Другi кластар кнiг знаходзiўся вакол раскладнога пiсьмовага столiка: на ложку па правы бок, унутры ды зверху трох палiц — па левы. Сёе-тое ляжала i на шафе.

— Ну вось, глядзi, я табе паклала, — прамовiла Iрына Мiкалаеўна. На хiсткiм столiку ляжалi Мушынскi, школьнае выданне «Новай зямлi», савецкi юбiлейны альбом i два апошнiя тамы чатырнаццацiтомнiка. — Можа хочаш гарбаты?

— Зрабiце, калi ласка.

Iрына Мiкалаеўна пайшла, а я прымасцiўся на зэдлiку, дастаў асадку i чысты сшытак ды пачаў тварыць, дзiвячыся раз-пораз на агнi Чыжоўкi за далёкiм вадасховiшчам. Не паспеў я наваяць i дзвюх старонак, як Iрына Мiкалаеўна ўжо паклiкала мяне на кухню.

— Вось гарбата, але ў мяне няма цукру, — сказала яна i прапанавала мне тоўсты кубак вадзянiстай гарбаты, ад якой моцна пахла запалкавым карабком i мокрым венiкам. — Можа яшчэ чаго хочаш?

— А што ёсць? — спытаў я.

— Зараз пагляджу.

У лядоўнi з наклееным алiмпiйскiм мiшкам знайшлiся тры пацямнелыя бананы, кружок доктарскай кiлбасы, сайка з макам, мюслi i маянэз. Бананы я ўзяў, а ад кiлбасы адмовiўся, паглядзеўшы на яе пунсовы абадок. Адмовiцца давялося i ад сайкi.

— Такi ракфор я не ўжываю, — патлумачыў я.

— Можа ўключым музыку? — спыталася Iрына Мiкалаеўна i торгнула рычаг жоўтага магнiтафончыка. З дынамiкаў палiлася неўмiручая песня Тацяны Буланавай пра дождж у лабавое шкло. Iрына Мiкалаеўна ёй актыўна падпявала i нават крыху падтанцоўвала. Гэта было дарэчы, бо я ад гэтай песнi чамусь дзiка пачырванеў i не хацеў, каб яна мяне такога бачыла.

Апiшу дарэчы, як выглядае Iрына Мiкалаеўна. Гэта румяная стройная брунэтка, чарнавокая, трохi правiнцыйнага выгляду, з твару сiмпатычная, але нейкая недасканалая i крыху нягеглая. Зараз яна была ў бежавай спаднiцы без нiжняга гузiка, у паўпразрыстых калготках, зялёных пантофлях i тонкай чорнай кофтачцы з дзвюма белымi палоскамi. Пад кофтачкай была вiдаць цяльняшка, а пад цяльняшкаю, меркаваўшы па гладкасцi спiны, ужо больш нiчога не было.

Я чырванеў усё болей, урэшце перапрасiўся i схаваўся ў пакоi без вокнаў, дзе на брудна-жоўтай кафлi стаяла аблупленае вядро з невялiкай колькасцю вады. Я зачынiўся на страшэнна хлюпкую зашчалку i медытаваў хвiлiн сем, выдатна чуючы ўсе гукi i старанна хаваючы свае. Змыў не працаваў, але я звалок з бачка накрыўку, пашарудзiў унутры i пачуў радасны подых набягучай вады.

— Што ты там рабiў? — усхвалявана спытала Iрына Мiкалаеўна, зайшоўшы ў лазенку, дзе я мыў рукi дарагiм брэндавым мылам.

— Змыўны бачок вам адрамантаваў, — сказаў я сцiпла, выцер рукi i пайшоў далей працаваць. Iрына Мiкалаеўна засталася на кухнi слухаць музыку.

Калi касета скончылася, а я дапiсаў свой шэдэўральны опус, Iрына Мiкалаеўна вярнулася ў пакой, прычым я машынальна заўважыў, што кофтачкi на ёй ужо не было.

— А давай зробiм вечар паэзii! — прапанавала яна знянацку. — Будзем чытаць свае вершы, толькi ты i я.

— А вы пiшаце вершы? — пацiкавiўся я.

— Вершы, прозу i музыку, — адказала Iрына Мiкалаеўна. — На жаль, яшчэ не забрала гiтару ў бацькоў.

— А друкуецеся дзе-небудзь?

— У часопiсе «Першацвет». Дарэчы, калi хочаш, магу правесцi цябе на лiтаб’яднанне пры гэтым часопiсе.

«Менск — вялiкая вёска», — падумалася мне. Не далей як учора я там быў i дапамагаў выносiць з залы аднаго вядомага паэта, якi пераблытаў дазiроўку. Уголас я сказаў:

— Правядзiце. Прачытайце мне якi-небудзь свой верш.

— Ну, я не ведаю, з якога першага пачаць. З якога ты параiш?

— Я думаю, для пачатку лепш якi-небудзь з тых, што надрукаваныя.

Iрына Мiкалаеўна ўзяла зэдлiк i пачала шукаць «Першацвет» на палiцы.

— Прытрымай мяне, я баюся ўпасцi, — папрасiла яна пры гэтым.

Скончылася тым, што часопiсы ды кнiгi пачалi сыпацца на падлогу, губляючы лiсты. Iрына Мiкалаеўна нiмала не сумелася, адкапала ў кучы нумар «Першацвета». Нумар апынуўся не той, тады яна адкапала другi нумар, i гэта ўжо апынуўся той, што трэба. Iрына Мiкалаеўна пасадзiла мяне на ложак, сама села насупраць на зэдлiк, закiнула нагу за нагу.

— Ну, слухай.

Ляцiць бусел па-над далiнай,
Працiнае маўклiвы прастор.
Дзе ж ты, мой каханы, адзiны,
Што шукаю я з даўнiх пор?

Вецер грае маўклiвае скерца
Ў тонкiх струнах маёй душы.
Толькi б’ецца маўклiвае сэрца,
Утрапёна натхнёнае чым?

Можа, родных зямель Беларусi
Цiхiм тужлiвым напевам?
Да каго я сэрцам гарнуся,
На каго мая ўжо тут надзея?

Знае толькi пра гэта бярозка,
Што стаiць на палетку адна.
Да цябе мая зноўку дарожка —
Можа, не да цябе, а да нас?

Я дыпламатычна прамаўчаў. Iрына Мiкалаеўна перамянiла нагу i працягнула:

— А раней я пiсала гумарыстычныя вершы. Во, паслухай:

Быў паэтам самым першым,
Вельмi добра складаў вершы.
Беларус цяпер ён «новы»
I працуе на «Дайнову»!

— Я больш люблю чыстую лiрыку, — паспяшаўся прамовiць я. — Пачытайце мне што-небудзь пра каханне.

Iрына Мiкалаеўна крыху задумалася, паглядзела ўгару i ўбок. Потым нiбы нешта згадала.

— Юра, — сказала яна. — Я ж зусiм забылася прапанаваць табе выпiць са мной на брудэршафт!

— На брудэршафт?

— Ну так. Мне няёмка, што я цябе называю на «ты», а ты мяне — на «вы».

— Вы настаўнiца, я вучань.

— У школе называй на «вы», а ў паэзii няма настаўнiкаў i няма вучняў, а ёсць паэты i графаманы. Чакай, я зараз!

Падскочыла з зэдлiка i пабегла на кухню. Вярнулася з кубкамi i пляшкаю чырвонага вiна, паставiла гэта на пiсьмовы столiк, кнiгi паскiнула на ложак.

— Ты ўмееш адкаркоўваць?

— Умею, нясiце штопар.

— Штопара, здаецца, няма. Добра, дай мне.

Iрына Мiкалаеўна села на ложак, зацiснула пляшку памiж ног, упёрла донца ў ложак, зганяла мяне на кухню па вiдэлец i з шостай спробы запхнула корак унутр бутэлькi. Выплюхнула пакецiкi з кубкаў на край стала, налiла па абадок.

— Я не люблю напiвацца як свiння, — папярэдзiў я.

— Не нап’ешся пры ўсiм жаданнi, таму што бутэлька ўсяго адна, — усмiхнулася мне Iрына Мiкалаеўна. — Сядай да мяне.

Я сеў на ложак побач з ёю. Мы ўзялiся пад локцiк. Iрына Мiкалаеўна была мяккай, цёплай i прыкметна паружавела. Вiно апынулася кiслым i вельмi халодным.

Дапiўшы вiно, яна абняла мяне за галаву, пацалавала ў вусны, правяла па iх языком. Ейныя рукi слiзнулi па маёй спiне i нырнулi пад швэдар. Праз момант зубы Iрыны Мiкалаеўны цiхенька цюкнулiся аб мае. Яна перарывiста ўдыхнула, закiнула левую нагу мне на каленi.

— Iрыначка, сонейка, — прамармытаў я, ледзь адляпiўшыся ад ейных вуснаў, — прабач, але ў мяне ёсць дзяўчына.

9.

— На свежанiнку, значыць, пацягнула?

Я павярнуўся на голас.

Перада мною стаяла Валянцiна Мiхайлаўна, былая наша класная кiраўнiца. Яна нiмала не змянiлася — адно крыху болей стала белых каранёў у валасах.

— Што вы маеце на ўвазе, Валянцiна Мiхайлаўна? — спытаўся я i адчуў забытую халодную дрыготку ў нагах, на паверхнi галавы i кончыках пальцаў.

— Ты мяне цудоўна зразумеў, Юра, — прамовiла Валянцiна Мiхайлаўна. — Трыццаць гадоў ты бiў лынды, жыў як хацеў, пiў пiва са свiнiнкай, нiколi нiчога добрага не зрабiў, нiкога не любiў, нi разу не схадзiў на балет. Папраў мяне, калi што не так.

Я не знаходзiў, чаго паправiць.

— Потым, калi табе заканамерна перасталi даваць, ты вырашыў памаладзець, адправiцца ў шэрую мiнуўшчыну i паймець плюс-дырэкт сярод цёмных абарыгенак.

Я меў чым апраўдацца, але «плюс-дырэкт» мяне збiў i я сумеўся.

— Ну вось. I цяпер ты плюеш нам у твар i са сваiм грандыёзным багажом спрабуеш кудысь умасцiцца. Як жа, як жа: мы крутыя, мы цэлы падручнiк па гармонii да сярэдзiны чыталi, сем гам на раялi ўмеем, у нас такая тонкая душэўная арганiзацыя. Зараз як набяру быдла ў каманду ды як пастаўлю на вушы гэтых пасрэднасцей з беларускага року! Так?

Я маўчаў, глядзеў унiз i ўбок.

— Адумайся, Юра. Ты ўжо разбiў у нашым часе адно цудоўнае дзявочае сэрца. Цяпер гэтая дзяўчынка, Жэня. О так, лёгкая здабыча для прынца з будучынi: такi круты, разу-умны, самасто-ойны. Што далей, Юра? (паўза) Самому не брыдка? (паўза) Колькi ты яшчэ наробiш лiха ў нашым свеце? Пераплачаш i зноў за старое? Рыфмаплёцтва — яшчэ не лiтаратура, разумееш ты гэта цi не?

Пра рыфмаплёцтва яна ўжо казала мне ў 2001 годзе, сустрэўшы во так на вулiцы. Вiдаць, гэта быў дзяжурны жарцiк.

Але раптам пачуўся нейкi трэск, я закрычэў оперным фальцэтам i прачнуўся.

Было ўжо светла. Званiў тэлефон.

Я падбёг на нягнуткiх нагах, схапiў слухаўку халоднымi пальцамi.

— Як тваё здароўе? — заклапочана спытаў мяне знаёмы голас.

— Фууух. Джэнi, мне такi кашмар зараз снiўся…

— Распавядзi, што за кашмар.

— Ён асабiсты, ты не зразумееш.

— Тады забудзь.

— Я пастараюся.

— А я ўжо дома. А другой гадзiне, ты не забыўся?

— Ужо буду збiрацца. Да сустрэчы!

Да цёцi Галi апынулася аграменная чарга з розных слаёў грамадства, апранутых у цёплыя апранахi. Джэнi з мамай яшчэ не было: яны падышлi, калi я ўжо крыху падмёрз.

— Ддобры дзень, — павiтаўся я.

— Добры дзень, Юра, — сказала Джэнiна мама, дагледжаная хударлявая кабета ў элегантным шэрым палiто i рыжаватай шапцы. — Чаму без шалiка?

— Я iх насiць не ўмею, — паведамiў я.

— Вельмi дрэнна, — заўважыла Джэнiна мама, i я быў гатовы з ёю пагадзiцца. — Мне Жэня пра цябе шмат расказвала.

— Што менавiта? — бадзёра спытаў я.

— Кампрамат, — хiхiкнула Джэнi.

— Жэня, не кажы глупстваў.

— Дык а што расказвала? — спытаўся я.

— Усё самае добрае, — прамовiла Джэнiна мама i годна ўсмiхнулася. — Напрыклад, як ты дапамог ёй выбраць ровар.

— Там выбар сам па сабе небагаты, — сказаў я. — Таго, што мне трэба, у iх няма.

— А што табе трэба?

— Мне трэба гоначны. Такiх там i блiзка няма.

— Гэта сапраўды складана. Хаця мае знаёмыя летась купiлi гоначны ровар па аб’яве. Але ён дорага каштуе — дзвесце даляраў.

— Дарагавата, — пагадзiўся я, не ўдакладняючы, што мой ровар з мiнулага жыцця каштаваў пад тысячу. — А што за апарат?

— Нямецкi. Колы зубатыя, як у трактара.

Я вырашыў не чытаць добрай жанчыне лекцыю пра адрозненнi шосэраў ад горнiкаў, а замест гэтага спытаў:

— Як вас завуць?

— Алена Ўладзiмiраўна.

— Толькi ў мяне паганая памяць на iмёны, дык вы не крыўдуйце, калi забудуся.

— Ну, Жэню ж ты не забыў, — мудра пасмiхнулася Алена Ўладзiмiраўна. — Значыць, не такая дрэнная твая памяць.

У падобных размовах мы адстаялi сваю чаргу, раз-пораз штурхаючыся для сугрэву. Дзень ужо крыху ружавеў. Цёця Галя не падманула: перадала нам канарэечна-жоўтую «Дзюймовачку», павiншавала Джэнi з народзiнамi i нават скiнула пяцьдзясят тысяч (Алена Ўладзiмiраўна ёй годна падзякавала). Мы павалаклi «Дзюймовачку» на стаянку, дзе нас чакаў крэмавы «Iж-комбi». Я вельмi ўзрадаваўся, бо памятаў, што ў «Волгу» савецкi ровар не ўлазiць.

— Як файна, калi вялiкi багажнiк! — прамовiў я, расчышчаючы шыбу.

— Для таго i купляла. Жэня, будзем ехаць — прытрымлiвай.

— Добра, мам!

Мы рушылi Партызанскiм праспектам на кальцавую i iмклiва набралi хуткасць.

— Шпарка iдзе ваш «Iжык», — заўважыў я.

— Калi паставiць нармальны карбюратар, то шпарка. Прынамсi, куды лепей за «Жыгуль», перароблены на А-76.

— А мiлiцыi не баiцеся?

— Калi будзе мiлiцыя, пярэднiя пачнуць скiдваць хуткасць. Пакуль можна ехаць спакойна. А ты ўмееш вадзiць?

— Крыху ўмею, але правоў не маю.

— Правы табе нiхто пакуль i не дасць. А якая ў вас машына?

— «Запарожац».

— Вушаты, гарбаты, мыльнiца?

— Мыльнiца.

— У «Запарожца» маленькi багажнiк i дрэнная дынамiка.

— Гэта праўда.

— Ну дык i нашто такое купляць?

Я не адказаў.

Мы зрулiлi ў горад i прыпаркавалiся каля пад’езда, у якiм яшчэ дагэтуль не было дамафона.

Флегматычны аўчар тыцнуў мне мокрым носам нiжэй поясу («Ён не кусаецца!»), павольна развярнуўся, пайшоў ляжаць у левы пакой, адчынiўшы дзверы ўжо згаданым носам.

— Жэня, правядзi госця ў свой пакой i дапамажы мне зрабiць бутэрброды, — загадала Алена Ўладзiмiраўна.

— Хадзем, я пакажу табе, — прамовiла Джэнi.

Пакойчык быў невялiкi. Злева вiсела авальнае, мыльна-салатавае люстэрка, пад люстэркам — палiчка з заколкамi, завязкамi ды грабёнкамi. Справа — шафа колеру арэхавага крэму, вядомага фасону. Памiж шафай i ложкам на коркавым лiнолеўме стаялi савецкiя вагi, а з-пад ложка выглядваў яшчэ «Дыск здароўя». Ложак быў высокi, куды вузейшы, чымся ў Iрыны Мiкалаеўны, акуратна засцелены зялёным пакрывадлам; над ложкам сiметрычна вiсеў пейзаж пяра невядомага майстра i два постары: Spice Girls i Леанарда ДзiКапрыа. Каля вакна стаяў стол, накрыты шклом, пад якiм было шмат усялякага; па левы бок стала ўмасцiўся новы чорна-чырвоны двухкасетнiк, а ганаровае месца ў цэнтры займаў свежы Cool Girl, закладзены на трыццаць восьмай старонцы.

— Жэня, паклiч Юру i пераапранiся, — пачуў я голас Алены Ўладзiмiраўны i рушыў на кухню. «Эй, мы тут!» — гукнула мне Джэнi, я перапрасiўся i павярнуў да гасцёўнi.

— Мы на кухнi не ямо, — прамовiла Алена Ўладзiмiраўна. — Сядай, перакусi — асноўны стол будзе крыху пазней. Гарбату будзеш цi каву?

— Каву зараз, гарбату пасля.

Алена Ўладзiмiраўна налiла мне густой кавы, прапанавала цукру. Я сербануў крышачку, агледзеўся.

Гасцёўня была, здаецца, самая звычайная, якiх i пацяпер вялiкае мноства па ўсёй Беларусi. Велiкаваты пакой, сценка з хрусталём, нейкiмi дыпломамi, Вялiкай Савецкай энцыклапедыяй i iншымi цудоўнымi рэчамi. Вiдэадвойка GoldStar, ля якой утульна згарнуўся сабака. Крыху палыселая хрустальная люстра. Дыван на падлозе, дыван над канапай. Рудое пiянiна ў куточку з двумя высокiмi стосамi на iм…

— Ты ўмееш граць на пiянiна? — спытала мяне Алена Ўладзiмiраўна.

— Не ўмею пакуль. Але на сiнтэзатары хачу навучыцца.

— На сiнтэзатары няма чаго вучыцца. Альбо трымаеш адзiн акорд, альбо марзянку, альбо простыя мелiзмы.

— Iх таксама трэба ўмець граць. Да таго ж нармальны сiнтэзатар — гэта яшчэ праца з тэмбрам.

— Згодная, — прамовiла Алена Ўладзiмiраўна. — Еш бутэрброды, дапiвай каву, а тады ты мне пакажаш, чаго не ўмееш на фано.

Я выбраў першы мiкраскапiчны бутэрбродзiк, i тут раптам дзiлiнькнуў званок.

— Хто б то мог быць? — прамовiла Алена Ўладзiмiраўна, паглядзеўшы на гадзiннiк. З вiтальнi даносiлiся дзявочыя галасы i смех.

I тут у гасцёўню ўвайшла… Алеся Рапунцэвiч!

I — здзiвiлася не менш, чым я.

— Доб… ры дзень.

— Гэта Юра, гэта Алеся. Каву, гарбату? — дапамагла Алена Ўладзiмiраўна. Я галантна пахiлiўся, Алеся прыняла гарбату.

Яна была ў маленькай чорнай сукенцы, двухслойнай i паўпразрыстай, якая не пакiдала без увагi, што ножкi ў Алесi танкаватыя, але сiмпатычныя, а што станiк чорны. Вожык на Алесiнай галаве пры блiжэйшым разглядзе выдаваў дружбу з добрым цырульнiкам, а можа i стылiстам. Акуляры, здаецца, былi таксама не прасцецкiя.

— Мiнус пяць? — спытаўся я для завязання размовы.

— Амаль адгадалi: мiнус шэсць з паловай. Слухайце, я даўно хацела вас спытацца: што такое фапабельная цян?

Тут ужо сумеўся я.

— Эммм… тое самае, што i прыгожая дзяўчына.

— Дзякуй. На якой гэта мове?

— На ммм… гаманецкай. Алена Ўладзiмiраўна, а можаце сыграць што-небудзь?

— Зайграйце, калi ласка, — папрасiла i Алеся. — Цi заспявайце.

Алена Ўладзiмiраўна годна кiўнула, паднялася, прайшла да пiянiна, велiчна-ўладарна адкiнула накрыўку, урачыста ўзмахнула рукамi, з’арпеджыявала на ўсю клавiятуру ля-мажорны сэптакорд i зайграла… «Мурку»! I яе ж заспявала магутным оперным сапрана, ад якога трымцелi шыбы i перазвоньвалiся фужэры ў шафе. А ў канцы запiлiла каларатурную кадэнцыю!

— Брава! — запляскалi я, Алеся i Джэнi, якая ўжо вярнулася ў караценькай спаднiчцы i ў белай кофтачцы. Алена Ўладзiмiраўна крутнулася на зэдлiку, пакланiлася, але раптам прыставiла палец да вуснаў: у дзверы зноў нехта званiў.

9 1/2.

Дзень народзiн атрымаўся шыкоўны. Ну, што было дужа смачна i сытна, пра гэта нават можна i не казаць спецыяльна — я дык i нiякага сумнiву ў тым не меў, напрыклад. Пра тое, што жаночага полу было болей чым дастаткова, таксама можна нават не ўзгадваць: прыйшлi тры Джэнiны сяброўкi (калi лiчыць Алесю, то чатыры); адна, праўда, была са сваiм хлопцам, але зато астатнiя ну проста паглыналi мяне вачмi. I я iх не расчараваў — чытаў вершы пра аўтамабiлi СССР, пра панну з пятым памерам (усе адразу вырашылi, што гэны опус прысвечаны Веранiцы, i яна дужа пачырванела) i наогул быў зоркаю вечара. Аўтамабiльныя санеты ўпадабаў i дзядзька Алесь, барадач у акулярчыках, ружовы i ўкормлены, як малады вяпрук, — i нават папрасiў у мяне iх перанатаваць! Сын дзядзькi Алеся Валера ўсяляк выдурняўся i псаваў мне дэкламацыю, але быў  п а д а ў л е н ы  бацькамi, а добрая Алена Ўладзiмiраўна дала яму кнiжку з машынкамi. Сябры Джэнi доўгi час намагалiся называць мяне на «вы» — даводзiлася тлумачыць, што мне пятнаццаць год i што я вучуся ў школе.

Пасля ежы, пiтва i дэкламацыi мяне доўга вучылi скакаць макарэну i наперарыў дзiвiлiся, што я гэтага ня ўмею, а пасля макарэны гулялi ў розныя гульнi: у жмуркi, у лунаходаў, у асацыяцыi, у бурымэ, у адгадай мелодыю i яшчэ не памятаю ў што. Спрабавалi нават варажыць па «Асновах вакальнай методыкi» — атрымалася нейкая лухта, часткова непрыстойная, i ўсе гучна рагаталi. Алена Ўладзiмiраўна з дзядзькам Алесем пяялi дуэт з нейкай аперэты: Валера так уразiўся, што прапанаваў Алене Ўладзiмiраўне пайсцi за яго замуж. Алена Ўладзiмiраўна адказала, што цяпер не пойдзе, а што вось калi ён вырасце вялiкi, то тады яна падумае.

У рэшце рэшт правялi спачатку дзядзьку Алеся з сямействам (у кватэры адразу пацiшэла прыблiзна ўтрая), а пасля надышоў час збiрацца i нам. Алена Ўладзiмiраўна сказала, што зараз будзе торт, якi спякла сама Джэнi, i што потым яны правядуць гасцей дадому… i тут раптам успомнiла пра мяне.

— Дарэчы, Юра, дзе ты жывеш? — так спытала яна.

Я сказаў, дзе.

— Гэта дрэнна.

— Чаму дрэнна?

— Таму што для падлеткаў каменданцкая гадзiна, а я цябе адвезцi не магу.

«А калi таксоўку выклiкаць?» — хацеў спытаць я, але грандыёзная iдэя блiснула ў маёй галаве i я намест гэтага сказаў так:

— А як жа быць?

— Табе давядзецца ночыць у нас. Мы з Жэняй ляжам у гасцёўнi, а табе пасцелiм у Жэнiным пакоi. Згодзен?

— Згодзен, — адказаў я, ледзь стрымлiваючы парыў радасцi, што падступiла да самага горла.

— Папярэдзь бацькоў, каб не хвалявалiся.

Я прайшоў у вiтальню i набраў наш нумар. Неўзабаве ў слухаўцы пачуўся мамiн голас:

— Алё?

— Прывед, — пачаў я.

— Прывед, прывед. Праз колькi будзеш?

— Буду заўтра, мне дазволiлi тут нанач застацца.

— Юра, ты з глузду з’ехаў. Нанач у незнаёмых людзей, ды яшчэ ў дзяўчынкi…

— Яны мне самi прапанавалi!

— Ну-ка дай мне Жэнiных бацькоў.

Я паклiкаў Алену Ўладзiмiраўну.

— Алё? — прамовiла яна.

— …

— Так, я мама Жэнi. Добры вечар.

— …

— Я зразумела.

— …

— Гэта праўда. Вас гэта здзiўляе?

— …

— Не разумею, чаму. Ваш сын — самастойны чалавек, амаль дарослы.

— …

— Не, не баюся. Па-першае, усё пад маiм кантролем, а па-другое, у выпадку эксцэсаў я асабiста адарву яму тэстыкулы (тут Алена Ўладзiмiраўна весела мне падмiгнула).

— …

— Алена Ўладзiмiраўна. А вас?

— …

— Буду. Вам таксама. Да пабачэння.

Паклаўшы слухаўку, Алена Ўладзiмiраўна павярнулася да мяне:

— I як жа ж так атрымалася, што цябе ў пятнаццаць гадоў апякаюць як маленькага хлопчыка?

Я пацiснуў плячмi:

— Некаторых i ў трыццаць пяць апякаюць.

— Ты — не «некаторы». Ты — гэта ты. Мужчына гадуецца навылет, гэта аксiёма.

— Згодзен, — кiўнуў я, крыху падумаўшы.

— Яшчэ б ты не быў згодзен. Гэта адно. Цяпер другое, на ўсялякi выпадак. Калi пакiнеш Жэню цяжарнай i збяжыш, тэстыкулы сапраўды будуць адарваны. I я не жартую. Зразумеў?

— Зразумеў… — прамармытаў я.

— Вельмi цудоўна. Я пэўная, што да гэтага не дойдзе. Хадзем у пакой, зараз будзе торт.

Мы выйшлi вонкi.

— Прыемны марозiк, — сказала Алена Ўладзiмiраўна i пусцiла ў чорнае неба вялiкi струмень пары.

— Вы проста як дракон, — заўважыла Алеся Рапунцэвiч.

— А я нарадзiлася ў год дракона, — усмiхнулася Алена Ўладзiмiраўна i, пусцiўшы другi струмень «дыму», страшна расхiнуўшы рукi, раптам кiнулася ў наш бок. Дзяўчаты i Алег з вясёлым вiскатам кiнулiся ў розныя бакi, а я прамовiў, што я асiлак, i стаў iх баранiць уяўным мячом. У рэшце рэшт я адсёк дракону шэсць галоў з дванаццацi, а дракон прыхiнуў да сябе прынцэсу Яўгенiю i па-мацярынску прылашчыў, але раптам паглядзеў на мяне i спытаў:

— Аб чым задумаўся, Юра?

— Аб тым, што вы ўсяго на пару гадоў старэйшая за мяне, — прызнаўся я, але адразу дадаў: — У нейкiм сэнсе.

— Ведаеш, так яно i ёсць, — прамовiла Алена Ўладзiмiраўна, крыху падумаўшы. — Я зараз успамiнаю свае пятнаццаць гадоў — i быццам як учора. А потым прыгадваеш, што ўжо дачка за цябе вышэйшая… Проста жах.

— Мы таксама часам думаем: ё-маё, гэта ж я зусiм нядаўна першы раз у першы клас хадзiў, — прамовiў Алег.

— Мне звычайна менавiта ад пятнаццацi да сямнаццацi прыгадваецца, — сказала Алена Ўладзiмiраўна. — Я лiчу, што ў вас цяпер самы лепшы ўзрост.

— Нам таксама падабаецца, — прамовiў Алег, i ўсе зарагаталi ўключна са мной.

Правёўшы ўсiх гасцей да пад’ездаў, з кожным крыху пагаварыўшы на развiтанне, вярталiся моўчкi — слухалi цiшыню, якую не заглушылi нават нейкiя змрочныя генii на «Маздзе», ды глядзелi, як павольна падае снег.

Макс абнюхаў нас, iзноў пайшоў спаць. Я рушыў следам, стаў разглядаць пацiшэлы пакой.

Мяне зацiкавiлi два чорна-белыя фотаздымкi, што вiселi над пiянiна. На адным здымку была радасная маладая брунэтка ў чорным палiто i белай хусцiнцы на фоне нейкiх змрочных заснежаных карпусоў. Чамусь было адразу зразумела, што гэты здымак зроблены адразу пасля вайны. На другiм здымку, вельмi якасным, быў малады мужчына ў лётнай форме, з ганарлiвым позiркам. Яго знялi крыху знiзу, на фоне неба. Я ўглядаўся то ў адзiн, то ў другi твар, пакуль Алена Ўладзiмiраўна не пажадала мне добрай ночы i не намякнула мякка, каб я клаўся спаць.

Я зноў, другi ўжо раз за дзень, апынуўся ў пакоi Джэнi. Ложак быў зроблены, але спаць не хацелася.

Я паглядзеў на кнiжныя палiцы. Там стаялi разнастайныя падручнiкi (знаёмыя i мне), кнiгi Пушкiна, Лермантава, Гогаля, Радзiшчава, Фанвiзiна, Купалы, Крапiвы, Арлова, васьмiтомнiк Караткевiча, крыху дапаможнiкаў па iнфарматыцы (дзiўна: кампутара я ў кватэры не бачыў), а таксама ўсялякiя энцыклапедыi для дзяўчынак i прыгоды Барбi. Збоку нiжняй палiчкi прытулiлiся ў два шэрагi касеты, акуратна расстаўленыя па выканаўцах: чатыры Буланавы, тры Агаты Крысцi, чатыры беларускiя касеты, дзве Салтыковы, два Мумiй Тролi й гэтак далей. Сярод усяго гэтага тырчэў невядома якiм ветрам занесены першы альбом Knorkator.

Я асцярожна ўзяў з палiчкi ружовую кнiжку, паставiў на мiнiмальнай гучнасцi «Народны альбом» i пачаў чытаць, думаючы пра сваё.

Даслухаўшы да «Простых рэчаў» i дачытаўшы да дзевяноста чацвёртай старонкi, я пачуў, што дзверы цiхенька прыадчыняюцца. Я рэзка павярнуўся, i ў пакой, загадкава прыставiўшы палец да вуснаў, нырнула Джэнi.

— Табе таксама не спiцца? — спытала яна шэптам.

— Таксама. Слухаю тваю музыку.

— Давай разам слухаць.

— Давай. Але я ўжо амаль даслухаў.

— Паставiм Скорпiёнз?

— Калi гэтая дайграе.

— Добра.

Джэнi яўна нешта парывалася мне сказаць i саромелася.

— Цудоўны дзень народзiн, — сказаў я абсалютна шчыра. — I ты цудоўная. I госцi. I мама твая.

— I сяброўкi, — дадала Джэнi.

— I сяброўкi, — пагадзiўся я. — Джэнi, ты што, раўнуеш?

— Раўную, — адказала яна сумнавата.

— Дарэмна, — прамовiў я. — Я цябе кахаю.

— Я цябе таксама, — вымавiла Джэнi. — Не кажы гучна, мама спiць.

— Я табе скажу во так, — шапнуў я ледзь чутна. Джэнi наблiзiлася да мяне, каб лепей чуць, i тут я цмокнуў яе ў губкi!

— Мяне яшчэ нiхто не цалаваў, — паружавела яна.

— Мяне адзiн раз цалавалi, але з табой лепей, — адказаў я i зноў упiўся ў ейныя вусны. Джэнi абхапiла мяне рукамi i нагамi, пацягнула на сябе i… калi я працягну апiсваць, гэты твор не надрукуюць у «Маладосцi»!

10.

— Прывiтанне, Юра. Я захварэла. Мама прыйдзе толькi позна вечарам, мне сумна. Прыязджай да мяне. Не забудзься зазiрнуць у аптэку!

У зразумелым настроi я вылецеў з пад’езда i панёсся да прыпынку, як раптам сустрэў сваiх сяброў.

— Прывед, пацаны, вельмi спяшаюся, бягу лячыць сваю дзяўчыну!

— А, вiтамiн Ч? — залыбiўся Саня Белы. Я ржануў i паскакаў.

— Пазванi потым, справа ёсць!

— Окээй!

Справа апынулася сур’ёзная i ганаровая. Iрына Мiкалаеўна (не беларусiца, а завучыха) неяк дазналася пра «Свiнтуса» i мякка прапанавала выступiць да восьмага сакавiка для нашых дзяўчынак. Пумба i Саня пагадзiлiся (паспрабаваў бы хто не пагадзiцца з Iрынай Мiкалаеўнай!). Да дэбюту на вялiкай сцэне заставалася, такiм чынам, крыху больш за два тыднi.

Абшырны рэпэртуар «Свiнтуса Грандыёзуса» налiчваў пакуль што дзве песнi, якiя я пiсаў досыць арыгiнальным чынам. Я браў прыстойнае з поп-музыкi двухтысячных, перарабляў пад нашу сцiплую iнструментоўку (дарэчы, Саня Белы апынуўся гiгантам, бо ўжо няблага валiў восьмымi тонiкамi), пiсаў беларускамоўныя тэксты пра дзевак, пiва, свiнiнку, машыны i падобныя высокiя матэрыi i ў такiм выглядзе прыносiў на рэпы. Сябры шчыра лiчылi мяне генiем. Я не спрачаўся з гэтым слушным меркаваннем.

Лячэнне Джэнi моцна зацягнулася, але наступным днём мы такi сабралiся на ваенную нараду ў наш гаражык i доўга сядзелi моўчкi.

— Ну, што будзем рабiць? — спытаў урэшце я з фальшывым iмпэтам.

Саня i Пумба задумалiся шчэ болей. Я зразумеў, што трэба ратаваць сiтуацыю. Вось толькi як?

— Я бачу наступныя варыянты, — прамовiў я, не надта ўяўляючы, штО буду казаць у наступную секунду. — Варыянт першы палягае ў тым, каб выступiць з тым, што ёсць.

— А другi? — спытаў адразу Пумба.

— Другi варыянт палягае таксама ў тым, каб выступiць з чым ёсць, але з адным адрозненнем.

— Якiм жа? — зацiкавiўся Пумба.

— Такiм, што трэба прыдумаць нейкае шоў!

— Шоў прыдумаць трэба, — пацвердзiў Саня Белы. — Ёсць iдэi?

— Iдэi ёсць, — сказаў я. — Па-першае, трэба нешта выдумаць з касцюмамi.

— О, крута! — захапiўся Пумба, а Саня Белы сказаў так:

— З касцюмамi трэба нешта выдумаць. Пытанне ў тым, што.

— Заечыя вушы! — прапанаваў адразу я. Пумба горача падтрымаў, а Саня Белы выразiўся ў тым сэнсе, што якасныя заечыя вушы невядома дзе шукаць i з чаго рабiць, а таксама што наогул заечыя вушы — гэта папросту несур’ёзна.

— А калi ў спалучэннi са строгiмi чорнымi гарнiтурамi?

— Не, лажа. Лепей ужо проста строгiя гарнiтуры.

На гэтым i вырашылi. У Санi Белага быў фiялетавы пiнжак, у Пумбы смарагдавы, а я апрануў бы «тройку», у якой фарсiў яшчэ мой бацька на вяселлi. Я хацеў употай ад сяброў яшчэ здабыць «плашч публiчнага ананiста», цяжэнную пацёртую хламiду — але ж, блiн, пастаўскi дзядзька, у якога я браў яе ў далёкiм 2010 годзе, пакiнуў мне адно нумар мабiлы, якой цяпер, вiдавочна, не меў.

У ходзе гэтай дыскусii раптам выявiлася i больш iстотная перашкода. Пумбаў сябра наадрэз адмаўляўся, каб ягоную каштоўную ўдарку нехта выносiў з гаража. Намест гэтага ён лiтасцiва дазваляў карыстацца сваiм аблезлым пiянерскiм барабанам.

— Дык запiшам мiнусоўку з ударкай! — прапанаваў я.

Саня Белы сказаў, што выступаць пад мiнусоўку несур’ёзна, але што ён таксама не бачыць iншага выйсця.

— А што буду я рабiць? — спытаўся Пумба, i я патлумачыў, што на яго ўскладаецца адказная мiсiя — шлопаць па муляжах барабанаў альбо па гэтым пiянерскiм (я яшчэ не вырашыў, як будзе лепей глядзецца), трапляць у рытм i рабiць выгляд, нiбыта граеш.

— А, тыпу як фанера, — зразумеў Пумба. — Добра. Фанера дык фанера!

У рэшце рэшт мы вырашылi запiсаць не адзiн, а цэлых тры трэкi. Першы трэк — ударка. Другi — на выпадак, калi раптам не атрымаецца нармальна падключыць iнструменты, поўная мiнусоўка. Нарэшце, трэцi трэк павiнен быў уяўляць з сябе плюсавую фанаграму, якую можна было б потым нават распаўсюджваць! Пумба адразу збегаў дадому, прывалок бацькаў дыктафон i дзве касеты. Змяркалася.

Цягам наступных двух тыдняў нам адкрылася некалькi горкiх iсцiн. Першая iсцiна палягала ў тым, што дыктафон, кiтайская магнiтола i цяжэнны кампутар са здаравенным манiторам пiшуць рок аднолькава хранова. Пасля таго як мы ўстанавiлi, што савецкая магнiтола з хрыпучым патэнцыёметрам пiша сяк-так добра, нам адкрылася другая горкая iсцiна: наш Пумба гуляе мiма тэмпу i рытму як хоча. Мы пiсалi яго i цвярозага, i п’янага, i нават адключалi святло ў мэтах фотасэнсiбiлiзацыi слыхавых рэцэптараў — i на ўсiх трох касетах з дублямi не апынулася нi аднаго з роўным рытмам. У рэшце рэшт выбралi той варыянт, дзе наш сябар хаця б не збiваўся з партыi, перапiсалi яго на iншую касету (зразумела, што якасць гучання ад гэтага не палепшала). Пад гэтую падкладку пачалi пiсаць рэшту — i адразу спасцiгнулi трэцюю горкую iсцiну: апынулася, што Пумба сярод нашай тройцы яшчэ самы рытмiчны. А ўжо калi ўзялiся за вакал, то i яшчэ некалькi iсцiн даведалiся: што мяне ледзь чуваць, што я не трапляю амаль у нiводную ноту, што голас у мяне гунявы i ненатуральны i, урэшце, што ўсё гэта малаiстотна, бо на запiсе нармальна чуваць толькi адзiн шум.

Змяркалася.

У дзень канцэрта мы прыпёрлiся ў школу з iнструментамi (Пумба — з палачкамi i той пiянерскаю бякай), якiя кожны ёлуп парываўся патрымаць уласнаручна, i ў самых элегантных гарнiтурах. На гарнiтур я ледзь не выцiснуў павiдла з пiражка, але спрытна ўхiлiўся, так што павiдла паляцела ўсяго толькi на падлогу i крыху ў гiтару.

Апарат у нашай актавай зале, як я й прадбачыў, стаяў даволi прасцецкi (адзiн разумны чалавек параiў мне не перагружаць раман дробнымi дэталямi, а таму й не скажу вам, якiх брэндаў было прыладдзе). Зрэшты, гэтага апарату было цалкам дастаткова, каб падрубiцца, паставiць мiнус з ударкаю i даць людзям року!

— Для нашага шоў спатрэбiцца магнiтафон, — прамовiў я ў мiкрафон. Вылезла настаўнiца пачатковых класаў, паставiла магнiтафон на стул, нахiлiла мiкрафонную стойку. Мiкрафон выслiзнуў i громападобна ўпаў на паркет.

— А колькi тут усiх мiкрафонаў? — пацiкавiўся я тонам зубастага профi.

— Два мiкрафоны, — падала голас Iрына Мiкалаеўна (старэйшая, вядома ж, а не малодшая).

— Падгучка магнiтафона адмяняецца. Вынесцi на авансцэну, мiнус на максiмум, дадаць сярэдзiны, — прамовiў я i сам жа гэта здзейснiў. Дадаць сярэдзiны не атрымалася, бо магнiтафончык быў даволi просты.

Мiж тым народу набралася поўная зала, i ўсе яны з надзвычайнай увагай назiралi за маiмi манiпуляцыямi.

Я паставiў у касетнiк прынесеную касетку, уключыў перамотку — эх, i добра ж матае рухавiчок! — i раптам плаўна, спрытна i выразна зразумеў, што гэтая касета з плюсам. А касету з ударкай i мiнусам я, адпаведна, пакiнуў дома ў музычным цэнтры. Магнiтафончык не дакруцiў яшчэ й да сярэдзiны стужкi, як я ўжо ў дэталях намаляваў сабе, штО зараз будзе.

Так i атрымалася. Нават яшчэ весялей.

Гучнае шыпенне нашай цудоўнай фанаграмы прымусiла ўзгадаць урокi ангельскай мовы. Пумба ўзмахнуў палачкамi над галавой, я эфэктна крутануўся з гiтарай, заспяваў i… адразу заглушыў фанаграму i вылецеў з тэмпа. Я адышоў ад мiкрафона ўбок i заспяваў так, робячы выгляд, нiбы граю. Саня Белы нейкi час бубубукаў на сваiм басе (якi да ўсяго не строiў з мiнусам на харошых паўтона), але блiжэй да першага прыпеву кiнуў дурное i пачаў заводзiць публiку, то бок пляскаць у ладкi над галавой, па магчымасцi ў рытм. Я, пабачыўшы такiя праявы, нагнуў мiкрафонную стойку зноў да магнiтафона, якi са сваiмi пяяннямi абганяў ужо на цэлы такт. Мiкрафон зноў выпаў, цюкнуўся аб магнiтафон, аб стул, грымнуўся на падлогу i гучна засвiстаў. Я стаў сунiмаць яго, прыладжваць, не прыпыняючы вакалу, забыў словы i спяваў на «дай-дай-дай» i «дэй-дэй-дэй». А Пумба сумленна рабiў выгляд, быццам адбiвае рытм, але зусiм разгубiўся, якi менавiта рытм яму адбiваць, i вельмi хутка скончыў тым, што стаў проста часта-часта махаць палачкамi па-над сваiм iнструментам. Зала ўжо даўно ляжала покатам уключна са ўсiмi настаўнiкамi.

— Вось такiя вясёлыя рабяты вучацца ў нас у дзясятым «А», — паспешлiва прамовiла Iрына Мiкалаеўна. Мы палiчылi за лепшае пакiнуць сцэну. Пад гром авацый мы iшлi да выхаду, а народ прасiў аўтографы i патрабаваў працягу банкету.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

Tags:

Отклики: 2 в “Белая iнтуiцыя, раман”

  1. 08. Мар, 2014 в 12:22 дп #

    Ну, нарэшце! Чакаю працягу!

  2. 12. Мар, 2014 в 8:49 пп #

    Працяг крыху ёсць, зараз чакаю бэта-тэстынгу ад людзей, якiя памятаюць фактуру :-)

Оставить ответ