Да астатняга зерня

Да астатняга зерня

Наста Кудасава


После выхода второй книги  Насты Кудасовой «Рыбы», которая увидела свет только что, и в преддверии третьей ее книги, которая выйдет вот-вот, Текстура публикует новые стихи поэта.

Наста Кудасава, паэт. Нарадзілася 25 мая 1984 г. у Рагачове. Аўтар кніг «Лісьце маіх рук», «Рыбы».

 

СЛУП

Сусьвету ўсьлед глядзець, як Лоту,
не паднімаючы рукі.
Стаіць самоту страшнаротую,
не расчытаную нікім.
Стаяць, маўчаньне ў неба сеючы,
тугая соль – на языку.
Мне вечнасьць абдымае плечы
і боль вымае – па радку…


*

вершы –
каб вымяраць вяршыні
ці, выміраючы
ў горы вершавым,
высвабадзіцца ў разлог птушыны,
туды,
дзе гняздуюцца сэрцам шырэйшыя,
дзе я ня буду вачмі лісьлівіць,
рук абцяжарваць нішчымнымі ласкамі –
словы разьвешу лупатымі сьлівамі
і абярнуся
ластаўкай.


*

не хачу ні мора, ні літасьці.
толькі б з гэтага болю выпаўзьці.
нібы ўласная скура мне здрадзіла
і па мясе разьдзёртым градзіны
скачуць вусьцішна, саламейна.
забяры мяне ў рай кялейны,
ласкай пекла маё прычашы,
каб – душа. і вакол – ні душы…


*

разьбягаюцца anni domini –
новых зморшчынак разьбяры,
я й сама на зямлі паломная –
вечны восеньскі пілігрым,
я й сама, што ні ўдых, рухомая –
пругкіх сэрцаў гартую спрыт!
закунежу і вылечу ў комін…
варажбітка. завея. ліліт.


НА РАЗВОДЗЬДЗЕ ДНЯПРА

лусьні крыгамі,
у бераг плясьні,
размачы зачарсьцьвеньня нуду!
бачыш,
стомлены змрочны саньясін –
я
пустымі шляхамі брыду,
бо
зрываюцца людзі,
як ноты,
на паўсьпеве
і ў горле стаяць
незагойным гаркавым налётам,
што ня выкашляць
і не назваць.


*

а водар твой мяне вядзе
туды, дзе ў пушчы бездарогай
шукае ноты ў барадзе
і грае Пан касматаногі,
дзе столькі вечнасьці ў гудзьбе,
што ўжо ня страшна ведаць – хто ты…
і хочацца любіць цябе
да самай незваротнай ноты.


*

кінь мяне,
і так закамянелая –
моўкну я шляхоў тваіх наўзбоч.
тысячы гадоў сівілай пела я
сераду твайму –
вярні мне дождж!
каб абмыцца вольніцай самотнаю
там,
дзе мы – нязбытныя – прайшлі,
як праходзіць слава пустаротая,
як усё
праходзіць
на зямлі.


*

высьпяваем у сьпеве –
галасоў каласы.
не пытай, хто пасеяў
нас у полі пустым,
не схіляйся,
бо шэрань
хутка ўсходы дзяўбе, –
да астатняга зерня
сьпей сябе.


*

ведаць бы,
што не перапоўніцца мора,
як ні прымае захады,
што – шчасьлівыя –
рыбіны моляцца
і сьпяваюць харалы алаху
усяводнаму,
і не зрываюцца
галасоў пуцяводныя ніці,
а растуць, абтрасаючы памяць,
і сягаюць наверх
крыніцамі.

ВАМ ПОНРАВИТСЯ:
Іван Штэйнер – Solus cum sola (пра паэзію Насты Кудасавай)

Tags: , , , ,

Отклики: 2 в “Да астатняга зерня”

  1. 12. Янв, 2014 в 11:31 пп #

    неверагодная, пяшчотная паэзія.

    • 13. Янв, 2014 в 3:27 пп #

      Дзякуй вялікі, Яўгенія, за цёплыя словы!

Оставить ответ