DIARIES: Дзённiк Алеся Емяльянава-Шыловiча

DIARIES: Дзённiк Алеся Емяльянава-Шыловiча

Автор создает свои произведения, но что создает автора? Что происходит в жизни писателя? Чем он живет, что его тревожит, о чем он думает? Какой он на самом деле, когда не прячется за своего лирического героя или персонажа романа?

Давайте разбираться…

«Текстура» предлагает Вашему вниманию очередную публикацию в рамках проекта «Diaries» (дзеннiкi, дневники) – дневник, который по просьбе редакции поэт и переводчик Алесь Емельянов-Шилович вел в течение месяца.

 

Алесь Емяльянаў-ШыловічАлесь Емяльянаў-Шыловіч паэт, празаік, перакладчык. Аўтар зборніка вершаў ”Парасонечнасць”. Фіналіст конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра, пераможца конкурса “Экслібрыс імя Рыгора Барадуліна” Саюза беларускіх пісьменнікаў (2015). Пераможца міжнароднага конкурса на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову (2015). Сябра ГА ”Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Беларускага ПЭН-цэнтра. Рэдактар літпартала “Textura.by”. У 2016 г. у перакладзе з польскай выйшла кніга выбраных вершаў Галіны Пасвятоўскай “Ідалапаклонніца”. Удзельнік міжнароднага семінара перакладчыкаў “Tłumacze bez granic” (2016).

Вершы перакладаліся на польскую, сербскую, украінскую, рускую мовы. Скончыў біялагічны факультэт БДУ. Нарадзіўся ў1987 г. у Крычаве, жыве і працуе ў Мінску.



ДЗЁННІК АЛЕСЯ ЕМЯЛЬЯНАВА-ШЫЛОВIЧА



5.11.2016, субота

Сёння Андрэй Фаміцкі прапанаваў весці дзённік для нашага літпартала. Цікава. Чаму не? Калісьці я спрабаваў пачаць яго, але не пратрымаўся і тры дня. Было гэта, між іншым, амаль год таму, перад ад’ездам у Польшчу. Цяпер у мяне таксама намячаецца тыднёвы семінар перакладчыкаў ва Вроцлаве, дакладней у Вайновіцкім за́мку на вадзе. Але пра тое пазней.

Сённяшні дзень прайшоў досыць спакойна і гарманічна. Нікуды не спазніўся, нікога не пакрыўдзіў, нічога не адкалоў. Праўда, дачка вырашыла паспытаць нас з Насцяй на трываласць. Ночылі ў цешчы, апоўдні сталі збірацца дамоў, а малая выдурняецца і не хоча ісці з намі, дакладней спрабуе знайсці прычыну для таго, каб застацца. У выніку мы былі вымушаны пайсці на непапулярныя меры. Чарговы раз, калі Васіліна адмовілася ісці, апрануліся і выйшлі на калідор, зачыніўшы дзверы. Калі зайшлі праз паўхвіліны, дзіця румзала і раўло на ўвесь тамбур. Магчыма, гэта і няправільна, але мы не прыдумалі нічога лепшага.

Прыйшлі дамоў, і я, не распранаючыся, пацёгся ў аптэку па лекі для Насці. Яна кашляе ўжо тры тыдні, прымае розныя мікстуры, але толку мала. Сёння лекар выпісаў новы прэпарат ад кашлю і антыбіётыкі ўнутрымышачна. Відаць, без гэтага ніяк.

Пакуль дзяўчаты спалі, паспеў глянуць тое-сёе ў кастрычнічкай “Літаратурнай Беларусі”. З цікавасцю і захапленнем прачытаў чарговы ўрывак з архіўнай аповесці Л. Дранько-Майсюка пра Максіма Танка. Як хочацца, каб усе гэтыя фрагменты сталі кніжкай. Спадзяюся, што так і будзе. Рэч вельмі патрэбная. Запомнілася падборка Алеся Замкоўскага. Паэта, каторы нячаста з’яўляецца ў перыёдыцы, але, як кажуць, рэдка ды метка. Уразіла нізка верлібраў, ці нават версэтаў Барыса Пятровіча — пісьменніка, які амаль не піша вершаў. Спроба асэнсавання зменаў, што адбыліся з намі, погляды ў будучыню, але, на жаль, не аптымістычныя. Увогуле, нумар атрымаўся моцным. Хоць і не багатым на імёны.

Нарэшце прачытаў нізку вершаў Волі Злотнікавай у ЛіТЭРРАтуры двухдзённай даўніны. Я памятаю іх па фэйсбуку, і чуў на Воліным вечары ў музеі Петруся Броўкі, але гатовы слухаць і перачытваць іх ізноў і ізноў, бо гэта нешта абсалютна новае, на мой погляд. Такой літаратуры сапраўды не хапае сучасным чытачам, і неістотна, дзе яны жывуць — у вёсцы ці ў горадзе. Бо адным варта прыслухацца да другіх, а тым паглядзець на сябе збоку. Падборка атрымалася вельмі цэласнай, моцнай і балючай. Усё-ткі паэзія ва ўсе вякі мела на мэце адно: прымусіць спыніцца і задумацца, прычым не толькі чытача, а перадусім самога аўтара. Сапраўдная паэзія такой была і засталася. Яна не ведае межаў, нацыяў, арыентацыі, веры, палітычных перакананняў і неістотна на якой мове напісаная. Як казала Наталка Кучмель — хоць на суахілі, абы таленавіта. Нацыянальная літаратура можа быць напісаная па-беларуску, і па-польску, і па-руску, і на іўрыце. Галоўнае, каб было што сказаць і каму сказаць. Вядома, зрабіць гэта на чужой мове больш складана, але магчыма. Таму шмат прыкладаў. Відаць, на ўзроўні падсвядомасці я вырашыў спрычыніцца да стварэння чагосьці нематэр’яльнага і выдаў такое:


час

ты знаеш
з намі штось не так
змяніўся час
а можа мы яго змянілі
так ці інакш
ён нас не пазнае
і нават для прыліку
не зірне ў наш бок
але ж мы не адны
і гэта цешыць
час ад часу
спрабуе збегчы
таксама й мы з
тым-часам
дрэвы голыя стаяць
але не так як летась
няма бярозкі побач з домам
яе нядаўна ссеклі
худую і маленькую дзяўчынку
ні зморшчынкі ні шнары
на яе цнатлівым целе
сінічкі прылятаюць на вакно
і дзюбкамі дзяўбуць
скрылёк старога сала на цвіку
прыбітым толькі што
сінічкі ў нас гасцююць
і з мясам выдзіраюць гэты час
як добра любая дачушка
што ты яго не знаеш
але я не забуду
як ты сваім з’яленнем
з ім пазнаёміла мяне


Насця прачнулася, зрабіў ёй укол. Паехаў у Сухарава рабіць масаж і меркаваў на зваротным шляху зазірнуць у шапік Белсаюздруку, каб набыць “ЛіМ” — там мусіў быць матэр’ял пра кніжку Пасвятоўскай. Але давялося адразу ехаць дамоў. Дамовіліся сустрэцца з Адамам Шостакам. Ён прынёс нам свойскіх груш. Вельмі падобныя на мае слуцкія бэры. Хаця я, напэўна, як случак, у кожнай грушы бачу гэты сорт. Паразмаўлялі пра пераклады, пра Крым і іншыя рэчы. У ягонага сына Васі заўтра дзень народзінаў. 7 гадоў чалвеку. Хай расце здаровенькім і разумненькім. Трэба раніцай павіншаваць і бацькоў, і імянінніка.

Насця тэлефанавала маці і перадала мне віншаванні ад цесця з міжнародным днём мужчынаў. Нечакана і прыемна. Я ведаў, што гэты “празьнік” адзначаецца ўвосень, але дакладнай даты не памятаў. Гендарнае раўнапраўе. Усё “па-чэснаму”. Кожнаму свой дзень. Сённяшні скончыўся.


6.11.16, нядзеля

Увесь дзень ішоў надакучлівы дождж, вісеў туман, густы і ўсюдыісны — даўно такога не памятаю. Прыехала маці, Васілінка абрадавалася. Ненадоўга прыходзілі цесць і цешча. Падарыў ім “Ідалапаклонніцу”. Падпісаў кніжку маме і перадаў ёй яшчэ адну для бабулі. Па дарозе да кліента заехаў-такі ў шапік на Каменнай Горцы. “ЛіМ”а не было. Альбо ўжо распрадалі, што дзіўна, альбо ўвогуле не паступаў, што таксама неверагодна. Давядзецца, відаць, ехаць у цэнтр.

Званіў Валодзю Глазаву. У Берасці суха. Пагутарылі пра магчымую прэзентацыю пры канцы месяца. Валодзя незадаволены малой колькасцю людзей, якія былі на вечарыне Насці Кудасавай, а праз колькі дзён Прылуцкага з Касцюкевічам, таму не хоча нічога абяцаць. Мы нядаўна бачыліся з Сяргеем у кнігарні “Ў” і ён пацвердзіў, што народу было няшмат — насоў 12-15. Паглядзім.

Хадзілі ў госці да Ігара з Марынай. Запрасілі іх на прэзентацыю дзясятага. Ігар абяцаўся быць. У Марынкі курсы польскай. Глядзелі пад піва “Уладара пярсцёнкаў” у гоблінскім перастварэнні. Насці спадабалася.

Тэлефанавала Маша Дуброўская, запрашала ў чацьвер на радыёпраграму распавесці пра кніжку. Вельмі добра і ўчасна, хацеў ужо сам ёй набіраць.

Насця кашляе, і мяне гэта непакоіць. Добра, што заўтра выходны, можа адлежыцца, акрыяе троху. Дарэмна пацягнуў яе да Цішыных, хай бы дома была. Я ж спадзяваўся, што яна трохі абстрагуецца, адпачне. Галоўнае, каб да майго ад’езду вышкуралася з гэтай хваробы.

Ліхтары ў паўночнай імгле, як вочы Балрога, ці як сільмарылы ў кароне Маргота. Нешта мяне плюшчыць. Спаць.


7.11.16, панядзелак

Не хацеў пісаць нічога пра рэвалюцыю, але, па ўсім відаць, давядзецца. Пазітыўны момант гатэга “празьніка” бачу хіба ў тым, што сёння выходны, і я магу больш пабыць з сям’ёй. У астатнім нічога добрага. Хай камунякі адзначаюць. І помнікі Леніну адкрываюць. І чаму гэта раптам дзяржаўнае свята? Глупства. Зрабілі б лепш выходным днём Дзяды. І зразумела, і правільна.

Палову дня сыпаў снег. Вялікія камякі павольна апускаліся долу. Васілінка ўзрадаваная стаяла на зэдліку і назірала палёт белых мушак. Добра памятаю сябе ў дзяцінстве, і такі самы снег за вакном. Здавлася, што сняжынкі — гэта пухіры вады, а ты на дне возера. Дзіцячае ўспрыняцце. Цікава, пра што думала малюська, гледзячы на гэтую крупу з неба?

Другі дзень на нашым падваконні шчэбет і цвырканне. Спачатку сінічкі дзюбалі сала, якое мы вывесілі за вакно, а ўчора я па насцінай просьбе зрабіў кармушку. Але сёння птушак было не надта многа, бо проса змяшалася са снегам і атрымалася каша. Трэба зрабіць стрэшку.

Нарэшце за тры дні знайшоў час, каб сесці за пераклад верша “Я хацеў бы спаткацца…” М. Багдановіча на польскую. Сам да такога наўрад ці дайшоў бы, але гісторыя гэта пачалася яшчэ ўлетку, калі мне пазваніла Іра Мяцеліца з “Маладосці” і прапанавала паўдзельнічаць у праекце перакладаў гэтага верша на розныя мовы свету. Я папярэдне даў згоду і нават паспеў на тое забыцца, але тыдзень таму Іра нагадала мне сваім лістом пра гэта, і схацелася паспрабаваць. Не ведаў, як падысці да такога задання, і вырашыў, што лепей не думаць многа, бо атрымаецца толькі горш. Пераклаў вельмі хутка, хаця потым усё адно палез на нейкі польскі сайт і адкапаў чыйсці пераклад, параўнаў і падумаў, што атрымалася някепска.

Глядзелі з Насцяй папулярны фільм-біяграфію Джона Кітса. Няшчасны чалавек: пры жыцці быў непрызнаны, жыў у галечы, захварэў на сухоты, і памёр у дваццаць пяць. Вельмі нагадвае біяграфію Максіма, ці няпраўда? Усе нешчаслівыя паэты падобныя ў сваіх лёсах. Японскі паэт Ісікава Такубоку таксама пайшоў з жыцця маладым.

На сайты навінаў хоць не вылазь — паўсюль выбары ў Амерыцы. Заўтра нарэшце ўсё стане вядома, але ж журналісцкі вулей будзе гусці яшчэ, як мінімум, тыдзень. Такое ўражанне, што апрача гэтай тэмы няма аніякіх вестак.

Даслаў Шостаку пераклад Багдановіча, яму спадабалася. Ягоны пераклад на ўкраінскую, як на мяне, вельмі класны. Адразу відаць, што працаваў паэт. Тут табе і гукапіс, і сэнсы новыя, карацей і глыбы, і слаі, й напластаванні. Усё ёсць.


8.11.16, аўторак

Тэлефанавала Маша Дуброўская, нагадала пра інтэрв’ю 10-га. Васіліна пытае: хто званіў? Кажу: цёця Маша, яна працуе на радыё і запрасіла туды тату, бо ў яго выйшла кніжка.

— Я тэж хачу на радыю, — выдала малая.

— Але ж ты яшчэ маленькая, Васілінка, я абяцаю, калі вырасцеш, абавязкова вазьму цябе з сабой.

Дачка засмуцілася.

— Калі я буду вялікай, сама буду хадзіць на радыю. І ў садок — падсумавала Ліна.

Хай бы і так.

Сёння час ляцеў так хутка, што не было калі зірнуць на гадзіннік. Насця, нягледзячы на тое, што затрымалася на працы, прыйшла дамоў, як заўсёды. Па абедзе паехаў ў палікнлініку, каб напісаць заяву на водпуск. Адтуль дамоў, з дому ў дзіцячую паліклініку на электрастымуляцыю і да ЛОРа. Бальнічны мне аддалі, заўтра ізноў ісці да старшай. З паліклінікі да кліента на Адзінцова. З Адзінцова дамоў. Добра, што Шостак прыехаў трошкі пазней, хоць крыху перадыхнуў.

Размаўлялі з Адамам пра пераклад Багдановіча, параўноўвалі розныя варыянты і я прапанаваў напісаць нашай агульнай знаёмай Бэаце Сівэк у Люблін. Мы пазнаёміліся летась на кангрэсе ў Коўне падчас круглага стала, які быў прысвечаны перакладам. Бэата працуе ў Люблінскім універсітэце на кафедры украінскай і беларускай філалогіі, таму было б не лішнім даведацца ейнага меркавання наконт нашай працы. Я ў адрозненні ад Шостака амаль не кантактаваў з ёй пасля кангрэсу, сышліся на тым, што яму і карты ў рукі.

Спісваліся з Андрэем Хадановічам наконт вечарыны, абмяркоўвалі дэталі. Хутчэй бы ўсё адбылося. Няма нічога горш за чаканне.

Прачытаў у 2-м нумары Homo Legens падборку Андрэя Фаміцкага «Чужие знаки». Некаторыя вершы я чуў, чытаў, і магу сказаць, што яны як на слых, так і ў друкаваным выглядзе ўспрымаюцца і чапляюць. У вершы «так по-русски красива…» вельмі спадабалася сугучча страстно-страшно, бо страх — гэта па вялікім рахунку таксама страсць, жарсць — тое, чаго баішся, але падсвядома прагнеш.

Насця па-ранейшаму кашляе, падазраю, што гэта бранхіт, астматычны. Хай заўтра ідзе да лекара. Дзякуй Богу, хоць Васіліна добра пачуваецца.

Дзённік — карысная рэч, аднак усе мае папярэднія спробы пачаць яго пацярпелі няўдачу. Але ж у дадзеным варыянце ступень адказнасці большая, ніж перад самім сабой. Адно думка, што хтосьці яго прачытае, прымушае пісаць. Апрача гэтага, штодзённае пісьмо — добрае практыкаванне для таго, каб быць у форме.


9.11.16, серада

Ніколі не думаў, што давядзецца сутыкнуцца з зайздрасцю ў мой бок. У творчым асяродку гэтае пачуццё з’яўляецца абсалютна нармальным, і я таксама зайздросціў і працягваю гэта рабіць, але ў добрым сэнсе, каб расці над сабой і цягнуцца да ўзроўню таго чалавека, які сумеў, здолеў зрабіць штосьці цікавае і класнае, але сёння я адчуў, што мне крыўдліва, а зайздросцяць мне не па-творчаму, а па-чорнаму. Гэта страшна.

Хадзілі з Насцяй на джазавы канцэрт. Яшчэ тыдзень таму, калі я разам з Андрэем Хадановічам быў у польскім інстытуце, нам прапанавалі бескаштоўныя квіткі на дзве асобы кожнаму. (Карысна разам з Хадановічам хадзіць у такія ўстановы). І сёння мы сядзелі побач з Андрэем, Марынай і Аленкай. Добра адпачылі. Калі не выдаткоўваеш грошы на канцэрты, спектаклі і іншыя мерапрыемствы, асабліва прыемна туды хадзіць.


10.11.16, чацьвер

Сённяшні дзень, вядома, быў вельмі насычаным. Ноч перад тым мне кепска спалося. Хваляванні, якія выплёхваліся праз край, былі таму прычынай. Але раніца пачалася добра і вельмі гладка. А палове на адзінаццатую прыйшла Ніна Канстанцінаўна глядзець Васіліну. Я трошкі пабыў з імі і паехаў на радыё. Каб не спазніцца, выйшаў за гадзіну, хаця ехаць ад нас на Чырвоную, 4 пры найгоршым раскладзе хвілін 35-40. Адпаведна, у мяне была яшчэ процьма часу, і я вырашыў прайсціся па старых навакольных кварталах. Люблю гэты раён. Не ведаю, чаму, мабыць тут якое-небудзь месца сілы. Асабліва набярэжная Свіслачы, будынак міністэрства, і елкі, шмат смарагдава-белых пышных красунь каля яго. Стоячы на рагу Чырвонай і Камуністычнай, стаў сведкам адной сцэнкі. Мужчына і жанчына ў паважным узросце — язык не паварочваецца назваць іх бабуляй і дзядуляй — сустрэліся ў двух кроках ад мяне і павіталіся:

— Приветствую! — сказала жанчына ў капелюшы і паліто, нібыта з мінулага стагоддзя.

— Надо говорить good morning, — паправіў мужчына ў фетры.

— Тогда уж good afternoon, — парыравала яна.

— Нет, ещё нет двенадцати, значит good morning, — не саступаў ён.

— Ну, пусть будет good morning, — нарэшце здалася яна.

І яны пайшлі далей, нетаропка, размаўляючы пра нешта абстрактнае. Яны так арганічна глядзеліся ў перспектыве вуліцы і гэтых старых будынкаў, што я яшчэ ладны час пастаяў, каб паназіраць за імі.

Зірнуўшы на гадзіннік зразумеў — good day і накіраваўся паўз псіханеўралагічны дыспансер на радыё.

Прамы эфір прайшоў добра, хаця заўсёды ў такія моманты застаецца адчуванне, што тое-сёе сказаў не так. Гэта, відаць, нармальна. Сорак пяць хвілін праляцелі імгненна. Забыўся скарыстацца з моманта і сказаць дзякуй рэдактару і выдаўцу, але што сказана, тое застанецца. Нічога не зменіш. Хіба наступны раз, калі рэдактар і выдавец будуць тыя самыя. Наконт першага ўпэўнены дакладна.

У “Кніжнай шафе” прадавачка аддала манеткі за прададзеную кніжку і прыняла два экземпляры новай. Трохі дзіўна, што Настасся ўзяла так мала кніжак. Я спадзяваўся здаць хаця б пяток. Але кнігарня невялікая, таму, напэўна, так і павінна быць. Што казаць, калі Белкніга ўзяла ўсяго 8 асобнікаў. Пакуль больш за ўсё завёз да Логвінава, што зразумела. Дома застаюцца яшчэ каля ста сарака кніг. Паглядзім. Адчуваю, што будуць гэтыя пачкі ляжаць у нас да сканчэння веку.

ІдалапаклонніцаПрэзентацыя прайшла на ўзроўні. Андрэй вёў рэй і гэта цудоўна. Ён выдатны мадэратар, вельмі далікатны, сучасны, эрудыяваны. Нікога не забыўся выхваліць, у тым ліку сябе. Імпрэза ішла вельмі роўна і нязмушана, хаця мы фактычна не рэпетавалі. Наталка Кучмель вельмі пераймалася, што не паспела прыйсці раней, але ведаючы Наталку, я нават не засмуціўся. Яна малайчына, як і Наста Кудасава. Я паставіў на яе і не пралічыўся. Творы Пасвятоўскай у ейным выкананні гучалі так арганічна і натуральна, быццам яна сама і не пісала ніколі рыфмаваных вершаў. Уразіў Матэуш Адамскі, дырэктар польскага інстытута. Ён добра размаўляе па-беларуску і вельмі душэўна прачытаў верш з кніжкі.

Слухачоў на пачатку было чалавек пад сорак, а пры канцы ўжо нешта з паўсотні. Самымі дысцыплінаванымі слухачамі аказаліся сябры, большасць знаёмых і калег па цэху, якія абяцаліся быць, не з’явіліся, і наадварот, тыя, хто не ведаў, прыйшлі. Напрыклад, Сяргей Крыштаповіч, мастак, пачуў сённяшнюю радыёперадачу, пазваніў Машы, каб даведацца, дзе будзе імпрэза, адклаў усе справы і прыйшоў. Вось сапраўды зацікаўлены і вытанчаны чалавек. Прыемна здзівіў Лявон Баршчэўскі, які купіў кніжку і падышоў яе падпісаць, шчыра і горача віншаваў мяне і моцна ціснуў руку. Такое не забываецца. Былі Ігар Крэбс, Маша Пушкіна, Аляксей Адзінец. Адам Шостак, які яшчэ ў абед званіў і перапрашаўся, што не зможа прыйсці, нечакана з’явіўся з Юляй і сярэднім сынам Цімохам. Цімох падрос, ён уважліва слухаў, і пры канцы рэзюмаваў, што яму спадабалася.

Насціна сяброўка Жэня засталася пад уражаннем, бо ўпершыню была на такім мерапрыемстве.

Валя прыйшла ў час, як і Ігар, а Сашка, як заўсёды, спазніўся.

Вельмі кранальным для мяне быў прыход Вольгі і Юры, бо я знаю, што ім зараз ой як няпроста і яўдзячны ім за гэта. Дай Бог, каб Данік і Міша хутчэй акрыялі і сталі здаровыя.

Асобнага абзацу заслугоўвае Андрэй Фаміцкі, які быў разам са сваёй музай, Клеменцінай. Яны пазнаёміліся пару тыдняў таму на форуме расейскіх пісьменнікаў у Ліпках. Я ведаў, калі пачынаў гэты дзённік, што яна гасцюе ў Андрэя, але як толькі пабачыў іх разам, зразумеў: ад Клеменціны ў Андрэя замкнула клемы, то-бок здарылася штосьці неверагоднае. Шкада, што мы наўрад ці хутка пабачымся, бо Клеменціна жыве ў Маскве і з’язджае на наступным тыдні.

Пасля прэзентацыі пасядзелі вузкім сяброўскім колам, выпілі трохі віна. Я ўмудрыўся зачапіць крысом пінжака келіх, і той, відаць, ад крыўды ўпаў і раскалоўся. Але плату з мяне не спагналі, бо, па праўдзе, з такім паганым асвятленнем вельмі лёгка растаўчы посуд ці згубіць што-небудзь. Святло і так увесь вечар было цьмяным, а пасля дзясятай і наогул.

Калі мы з Насцяй прыехалі да цешчы, усе ўжо спалі. Я доўга круціўся ў ложку, спрабуючы заснуць, у выніку лёг дзесьці а другой.


11.11.16, пятніца

Сёння вадзілі Васілінку да доктаркі, яна сказала, што ўсё вельмі добра, вушкі здаровыя і можна ісці ў садок. Гэта, канечне, вялікая радасць, але Насця яшчэ не здаровая. І гэта адзінае, што засмучае.


12.11.16, субота

Ад’язджаць кудысьці заўсёды цяжка. І сёння мяне не пакідае пачуццё суму, якое пройдзе заўтра зранку. Так заўсёды. Але самы складаны момант пераступіць парог і сказаць: ”Пакуль, мае любыя, тыдзень праляціць зусім хутка”. Гэта хутчэй каб супакоіць сябе, бо момант расстання тужлівы да неверагоднасці.


13.11.16, нядзеля

Паездка прайшла на дзіва лёгка. Не ведаю, што так паспрыяла гэтаму: добрае надвор’е, адносная выспанасць пасля ночы ў аўтобусе, ці суседства прыемнага і лёгкага спадарожніка, а можа ўсё разам. Па вялікім рахунку, гэта неістотна. Нават лёгкія неспадзяванкі не папсавалі настрой. З Андрем Хадановічам сустрэліся на Варшаве-Цэнтральнай і адтуль самым хуткім цягніком (можна сабе дазволіць) накіраваліся ў горад Нябёснай чыгункі, Вроцлаў, падсілкаваліся, і нават паспелі на электрычку да Mrozów’а. Там нас сустрэлі на машыне і адвезлі ў Замак на Вадзе. Па фотаздымках ён здаваўся мне бо́льшым, як і роў вакол яго, але ж гэта няважна, бо найцікавейшым з’яўляецца той факт, што мы адрэзаны, у адносным, вядома ж, сэнсе, ад цывілізацыі. Маю на ўвазе лес, каторы атачае замак, а бліжэйшая крама знаходзіцца на адлегласці двух кіламетраў. Умовы самыя, што ні ёсць, творчыя. Замак тут з 1546 года. Інтэр’ер падабраны някепска, але дзіўнавата. У пакой, куды пасялілі мяне, два ложкі, столькі ж крэслаў і бюро. У суседнім крэслы, ложкі, канапа і нейкая старая, брудна-балотнага колеру шафа з гатычным надпісам па-нямецку.

Астап, мой сусед па пакоі, украінец, але ўжо два гады жыве ў Лодзі. Яму 34 гады, дзесяць з якіх ён перакладае. Каб не ісці на вайну, здаў на карту паляка, і цяпер займаецца фрылансам і вучыцца ва ўніверсітэце. Пераклаў багата літаратуры. Трохі пазней з’явіўся Юры Завадскі. Пазнаёміліся. Прыемны хлопец. Выдавец з Тэрнопаля. А яшчэ паэт, празаік, і, вядома ж, перакладчык.

Увечары быў канцэрт класічнай музыкі. Пекныя дзяўчаты і гжэчныя хлопцы зачаравалі сваёй ігрой. Тэмай была мазурка і яе папулярнасць у Еўропе ў дзевятнаццатым стагоддзі. Вядома, згадвалі Шапэна і Ліста. Было цудоўна. Не, не так! Было феерычна! Ай, усё адно нічога не сказаў. Ніколі не ўмеў арыгінальна і красамоўна выказваць эмоцыі. Я трымаўся з апошніх сіл, каб не захрапсці і не заснуць, бо начны пераезд даваўся ў знакі.


14.11.16, панядзелак

А палове на шостую з Прагі прыехаў Сяргей Прылуцкі. Там была прэзентацыя ягонай новай кніжкі — пераклада з паўночнакарэйскага паэта Кіма Чжун Хо. Вельмі прыкольная тэма. Ён расказаў, як прадзіраўся праз туман да замка, і яго ўважылі за прывіда дзве кабеты на роварах, што сустрэліся па дарозе. Сяргей умее апавядаць показкі.

На першым семінары Андрэй Хадановіч прапанаваў зрабіць дзень беларускіх перакладаў. Спачатку Юры Завадскі паказваў пераствораныя па-ўкраінску вершы Ул. Арлова, В. Рыжкова і Сяргея Прылуцкага. Цікава.

Наступным давялося быць мне, і паказваць абеларушаных украінскіх паэтаў. Я зразумеў, што мову паўднёвых суседзяў давядзецца яшчэ падвучыць, хаця Сашко Бойчэнка параіў знайсці іншых аўтараў для перакладу, бо сэнс некаторых вершаў застаўся цьмяным для большасці ўкраінцаў, якія прысутнічалі на разборы.

Бліжэй да вечара пачаў трохі балакаць па-ўкраінску.

І польскую разумеў, як родную.

Пасля вячэры была прэзентацыя кнігі Fantazjemimowolnegopodróżnika маладога літаратуразнаўцы Яцка Гайдука пра Ежы Стэмпоўскага і Авідыя, ці калі больш дакладна, чаму Стэмпоўскі не напісаў кніжку пра антычнага паэта-эмігранта. А цяпер па парадку. Ежы Стэмпоўскі — вядомая фігура, перакладчык, літаратурны крытык, эсэіст, публіцыст, масон (нямалаважнае ўдакладненне з Вікіпедыі), вольна размаўляў ледзь не на ўсіх еўрапейскіх мовах. Што казаць, калі ён задаваўся пытаннем, на якой мове пісаць памянёную кніжку пра Авідыя. Слухаў Яцка вельмі ўважліва. Адразу бачна — чалавек грунтоўна вывучаў гэтую тэму, што і зразумела, бо ён класічны філолаг і сам перакладаў Авідыя. Пасканчэнні імпрэзы атрымаў у падарунак аўтограф даследчыка. Кніжка была ў вольным доступе.

Пасля быў мініканцэрт, прысвечаны “народнаму беларускаму паэту” Леанарду Коэну і ягонаму перакладчыку Андрэю Хадановічу з сумнай нагоды нядаўняй смерці першага. Андрэй заспяваў усе свае пераклады, яго вельмі добра прынялі. З такой радаснай нагоды ўсе дзюбнулі, апрача барда, Андрэй даганяўся гарбатай. Пазнаёміўся з Геркусам Кунчусам, дзейным старшынёй літоўскага ПЭН-клубу і тутэйшым рэзідэнтам.

Тыдзень пачаўся пазітыўна.


15.11.16, аўторак

Пасля заняткаў з Паморскім зразумеў, які ж я фіговы перакладчык. Мяне, канечне, папярэджвалі, што гэтыя семінары для “мастадонтаў” і акул перакладчыцкага пяра, але я не думаў, што ўсё так кепска. Але, з іншага боку, ёсць куды расці. І мне падумалася, якім дасведчаным не быў бы перакладчык, усё адно, кніжкі выходзяць з памылкамі і адрукоўкамі, ад якіх ніхто не застрахаваны.

Але я задаволены, што трапіў сюды, бо праца з тэкстам вельмі важная, асабліва, калі заняткі праводзяць прафесіяналы. Новыя сувязі, інфармацыя пра падзеі ў свеце літаратуры — вельмі карысныя мне як пачаткоўцу.


16.11.16, серада

Паглядзеў, як крытыкуюць іншых, больш знаных і вопытных перакладчыкаў і выявіў, што ў мяне не ўсё так кепска.

Пасля абеду ездзілі ва Вроцлаў на прэзентацыю двух украінскіх пісьменнікаў — Сашка Бойчэнка і Андрія Любкі. Яны зараз на літаратурнай рэзідэнцыі, і жывуць разам з намі ў за́мку. Богдан Задура разам з сынам пераклалі іх новыя кніжкі з украінскай на польскую. Сашко — таленавіты літаратуразнаўца і фельетаніст. Публіка была ў захапленні ад ягоных тэкстаў. У нас такога жанру амаль няма, бо дзе публікаваць гэтыя творы? Прыкра. Андрій чытаў урыўкі з новага рамана. Тэж цікава, але раман усё-ткі трэба чытаць вачыма, слухаць урыўкі не па мне. Імпрэза атрымалася нядоўгай — недзе з гадзіну — што дзіўна, бо на афішы быў пазначаны час — 1800, а нас запрашалі а сёмай, нешта тут не так.Я ўпершыню пашкадаваў, што ўсё так хутка скончылася, той рэдкі выпадак, калі слухаў бы і слухаў. Прыкладна палова кніжак разышлася, і добра. Гледзячы на ўсё гэта я падумаў, што для перакладу трэба шукаць нейкую такую кніжку, якая б была цікавай і нам, і суседзям.

Прайшліся з Остапам па кнігарнях, прыкупіў таго-сяго — будзе што пагартаць у цягніку і аўтобусе, а можа знайду свайго аўтара і нават нешта зраблю. Пажадана прозу. Але як атрымаецца.


18.11.16, пятніца

Семінара не было. Па сняданні да нас прыехаў рэжысёр легніцкага тэатра. Шмат распавядаў пра спектаклі, трохі пра прэм’еру, якую мы павінны ўбачыць увечары. Пасля абеду адбылася яшчэ адна сустрэча з пісьменніцай і даследніцай польскай літаратуры, Ганнай Насілоўскай. Сухавата і акадэмічна. Потым на бусе ў тэатр. Дарога хоць і заняла гадзіну, падалася вельмі кароткай, бо ў кампаніі ўкраінскіх сяброў мы жартавалі і рагаталі на ўвесь салон.

Тэатр у Легніцы невялікі, на дзвесце месцаў, але вельмі ўтульны. Ён мне нагадаў наш Купалўскі. На прэм’еру сабраўся ўвесь бамонд. Вольных крэслаў не было. Спекткакль вельмі ўразіў. Гісторыя такая: падчас грамадзянскай вайны ў Грэцыі ў 1946–1949 гг. у Легніцу, дзе тады знаходзіўся штаб заходняй групы войскаў Савецкага Саюза, эвакуавалі некалькі соцень дзяцей з так званай Грэцкай Македоніі — тэрыторыі, якая належала Грэцыі, але была населеная этнічнымі македонцамі. Спектакль у дзвюх дзеях. Дзеянне першай адбываецца ў школе, куды прывезлі дзетак, як яны звыкалі да новага жыцця і як звыкалі да іх настаўнікі і работнікі школы. У другой дзеі македонскія акторы граюць тых дзяцей, якія ўжо дарослымі прыехалі ў Польшчу, каб пабачыць сваіх былых настаўнікаў. Нехта для таго, каб падзякаваць ім, а нехта наадварот — судзіць. Спектакль псіхалагічна вельмі цяжкі. Акторы адыгралі цудоўна — і з польскага, і з македонскага боку. Насамрэч, было дзве прэм’еры спектакля — першая ў Скоп’е, а другая — тут, у Легніцы. Цяжкавата было падчас паказу сачыць польскі тэкст, які бягучым радком дэманстраваўся зверху і слухаць македонскую мову. Яна, дарэчы, вельмі падобная да беларускай. Напрыклад, мне спадабалася слова Велигден, вельмі блізкае да нашага Вялікдзень. Адзінае, у іх замест к пішацца г, што, як на мяне, правільна, бо гэта адпавядае выммаўленню. Мы таксама прамаўляем на гэтым месцы г, як і ў слове вакзал, але незразумела па якой традыцыі пішам к. Ну, ды хай лінгвісты займаюцца гэтымі пытаннямі.

Спектакль скончыўся а палове дзясятай. Потым быў банкет з удзелам актораў і прадстаўнікоў македонскага пасольства. Нельга ўсё-ткі прамаўляць высокія словы і зачытваць падзякі на пяць лістоў у той зале, дзе сервіраваны стол. Рэфлексы ёсць рэфлексы. Асабліва, калі пасля абеда прайшло ўжо 10 гадзін. У гэтым сэнсе такія імпрэзы што ў нас, што ў суседзяў вельмі падобныя.

У замак прыехалі а першай, стомленыя і акультураныя.


19.11.16, субота

Лёг учора недзе а другой, таму прачнуцца было няпроста.

Увесь дзень займаліся разборам перакладаў. Пад канец плённа папрацавалі. Аня Урсуленка з Вроцлава добра перастварыла па-польску мініяцюры Шэндэровіча. Пасмяяліся. Даводзіцца прызнаць, што руская мова мне больш блізкая. У тым сэнсе, што я адчуваю ўсе адценні, чую любую недакладнасць, няправільнасць пры перакладзе. Ды што казаць, думаю таксама з большага па-руску, хаця складана сказаць, бо думка — імгненне, і аналізу не паддаецца.

Пасля развітальнай вячэры з віном была фінальная імпрэза, якая паступова перайшла у ноч перакладчыка з п’янствам, песнямі і рогатам.


20.11.16, нядзеля

Дзень выдаўся цяжкім. Давялося перажыць яшчэ і развітальны сняданак. Досыць цёпла рассталіся з дзяўчатамі-балтысткамі з Варшаўскага ўніверсітэта. Яны нас усіх расцалавалі, абнялі, я стараўся нічога пры гэтым не казаць, бо патыхала ад мяне пасля ўчарашняга досыць моцна. Сардэчна развіталіся з Геркусам. Мілы і добры чалавек.

Пабадзяўся па Вроцлаве, набыў таго-сяго дамоў. Не знайшоў аніводнай крамы з цацкамі. Дзе купіць Васіліне падарунак? Думаў, што ў Злотых Тарасах штосьці нагледжу, але і там нічога. Відаць ужо ў Мінску куплю якую ляльку.

У аўтобусе пазнаёміўся з адной бардэсай, якая ехала з фестываля аўтарскай песні ў Лодзі. З ёю разам былі яшчэ колькі чалавек. Дзяўчына-скрыпачка пасля таго, як мы прайшлі памежны кантроль, распавяла, што ад яе патрабавалі пашпарт на скрыпку, а яна пакінула яго дома. Я ніколі не думаў, што на музычныя інструменты патрэбны пашпарт. Аказваецца, скрыпка належыць да інструментаў, якія без суправаджальных дакументаў правозіць нельга. Тлумачыцца гэта проста: а раптам ты спёр Страдзівары, і з мэтаю кантрабанды перавозіш яе за кардон. Але дзякуй Богу ўсё абмежавалася папярэджаннем.


21.11.16, панядзелак

Сённяшні дзень прайшоў у аўтаматычным рэжыме, бо паспаць не ўдалося, хоць я вальготна разлёгся на двух сядзеннях. Круціўся ўсю дарогу. Ніколі больш не паеду аўтобусам, прынамсі Ecolines.

Давялося купіць малюсьцы ляльку ў Скале.


22.11.16, аўторак

Сёння напісаў Алесь Сачанка з “Кніганошы”, папрасіў адказаць на колькі пытанняў для кніжнага бюлетэня. Асноўныя пытанні, вядома, былі звязаныя з перакладчыцкай творчасцю і з апошняй кніжкай. Прасядзеў над адказамі паўдня, бо ніяк не мог выціснуць з сябе больш-менш прыстойныя сказы і звесці іх у адзін тэкст. Усё-ткі, калі хвалюешся падчас інтэрв’ю, адказваеш хутка, без ваганняў і адносна лёгка. А тут іншая справа. Ці таму, што я не вельмі люблю такое анкетаванне, ці таму, што пытанні неактуальныя: пра гурт, дзе я ўжо больш за два гады не граю, пра літаб’яднанне, якім я тры гады ўжо не кірую. Дзіўна. Можа Алесю трапілася мая старая біяграфія? Не ведаю. Даслаў, хай разбіраецца.

Вельмі хацеў трапіць на творчы вечар Андрэя Фаміцкага, але не атрымалася, бо шмат хатніх спраў назбіралася, і Васілінка трэці раз за апошні месяц хварэе на атыт, бедная. Без дзіцячага садка дурэе, ёй не стае камунікацыі з аднагодкамі. Насці вельмі цяжка, пагатоў трэба на рабоце адпрацаваць гадзіны, якія яна брала, калі хварэла.

Напісалі з KolegiumEuropyWschodniej, папрасілі вычытаць карэктуру некалькіх перакладных польскіх вершыкаў для малят. Пагадзіўся, чакаю на тэксты.

Тэлефанаваў Вользе Злотнікавай. Дзякуй Богу, усе здаровыя, і сама Воля добра пачуваецца.


23.11.16, серада

Сярэдзіна тыдня, а я ўсё думаю, што панядзелак. Няпроста пасля такога падарожжа ўключыцца ў будзённы рытм, раблю ўсё хутчэй на аўтамаце.

Пачаў чытаць “Насыпаць горы” Малгажаты Шэйнерт. (Насця малайчына — схадзіла разам з Жэнькай на прэзентацыю, і нават узяла аўтограф у 80-гадовай аўтаркі). З аднаго боку выдатна, што адкрываеш для сябе свой край, а з іншага — атрымліваецца, даследчыку з Польшчы цікавей працаваць з гэтай тэмай, чым сучасным беларусам? Сумна.

Тэлефанаваў у сваю творчую арганізацыю, дарагім членам якой з’яўляюся ўжо больш як паўгода. Цікавіўся, калі ж я нарэшце атрымаю членаўскі білет, бо грошы за членкаўства з мяне спагналі яшчэ ўвесну. Аказалася, што ён пакуль не гатовы, а калі будзе — невядома, бо неўзабаве збіраюцца прымаць яшчэ новых членаў і тады ўжо ўсім разам дадуць па білету. Карацей, у наступным годзе. Трэба ім ўнёскі плаціць так, як яны працуюць.

Бачыў кліп на песню Вольскага з “Псіхасаматыкі”. Бадай, самая лірычная кампазіцыя з альбому. Простая, кранальная і тужлівая. Ужо год прайшоў, як адышла ў лепшы свет жонка музыканта, Ганна. І тады, і раней я спрабаваў уявіць, што адчувае чалавек у такія моманты і пасля, але не змог. Цяжка быць знакамітым. Усё навідавоку, не схаваешся, не пабудзеш сам-насам з сабой. Не дзіўлюся і магу зразумець некаторых зорак, што прыдумваюць для журналістаў адно жыццё, а жывуць іншым — так прасцей.

Васіліне горш, Насця таксама перхае, стаміўся я, знерваваўся за гэтых два месяцы, хутчэй бы скончыўся год.


24.11.16, чацьвер

Усякі твор мастацтва, музыкі, літаратуры з’яўляецца такім не тады, калі яго нельга паўтарыць, а калі яго бессэнсоўна паўтараць. Найгалоўнае цяпер — стварыць нешта першым і гучна пра гэта бзнуць. Напрыклад, калі я, не ведаючы супрэматызму, кубізму ці авалізму, намалюю жоўты квадрат, мне адразу заўважаць — гэта ж было ў Малевіча. Кантэкст быў, сапраўды, але не было жоўтага квадрата. Але гэта плагіят! З чаго б гэта? Я таксама ўкладаў у гэтую карціну сэнсы і ніводзін. Якія сэнсы? Напрыклад, жоўты квадрат — гэта сонца, калі глядзець на яго праз рэнтгенаўскі здымак. Але ж Казімір быў першым, сцяг яму ў вочы. І хоць у белы квадрат ператварыся, але чырвоны дакладна будзе выглядаць як плагіят. А вось чырвонае на белым — нібыта і не.

Г. зн., любы сучасны твор мастацтва можна назваць плагіятам, бо тут спрацоўвае прынцып дзіцячай дражнілкі — а я першы сказаў.


25.11.16, пятніца

Насця вадзіла Васіліну да лекара. Дзякуй Богу, усё нават лепей, чым яна думала, але да панядзелка-такі падоўжыла бальнічны. Нічога. Цяпер трэба хаця б паўмесяца яе не пускаць у садок, а там паглядзім.

Насця пасля працы забегла ў шапік Белсаюздруку і набыла “Полымя” з маёй падборкай. Так дзіўна бачыць свае вершы на старонках гэтага часопіса. Недзе пару гадоў таму, адразу пасля таго, як адбыліся кадравыя перамяшчэнні ў “першым літаратурным часопісе краіны”, мне напісала маладая рэдактарка аддзела паэзіі (відаць, разбірала Вадзімаў архіў, і знайшла мае старыя вершы, бо недзе напачатку я думаў там надрукавацца) і спытала наконт новых вершаў. Я аператыўна даслаў, што было, і забыўся на гэта. Праз колькі часу рэдактарка сказала, што можа зрабіць публікацыю ў агульнай падборцы. Я ведаў, што гэта значыць. Такое на холдынгаўскім слэнгу называецца “брацкая магіла”, г. зн. для людзей, якія толькі пачынаюць нешта пісаць, а мне на той момант не хацелася такой долі, я падзякаваў, і спытаў ці можна-такі асобную нізку. З таго боку манітора сумеліся і нічога не адказалі. Праз некаторы час адзін мой сябра, супрацоўнік рэдакцыі, папрасіў даць што-небудзь у друк. Вось і заканчэнне гісторыі.


26.11.16, субота

Быў на майстар-класе пісьменніцы са Швецыі Ульрыкі Кернборг. Шведы вельмі любяць да нас прыязджаць, не ведаю чаму. Але з імі заўсёды лёгка і цікава гутарыць, асабліва калі ёсць перакладчыкJ. Дык вось, сённяшняя госця журналістка, якая піша гістарычныя раманы, п’есы і нон-фікшн. Амаль як наша Людміла Рублеўская (якой, дарэчы, не было). Даведаўся, што ў Швецыі папулярная айчынная літаратура, але шмат чытаюць па-ангельску (што зразумела), а як попыт спараджае прапанову, дык пішуць па-ангельску таксама нямала. Ульрыка казала пра тое, што ў Швецыі і наогул у Еўропе ў людзей, асабліва публічных, няма асабістага жыцця. У сэнсе таго, што літаратар можа напісаць раман пра прэзідэнта Францыі ці яшчэ пра каго-небудзь і выкласці ў ім усё, што заўгодна, нават не мяняючы прозвішчаў, і яму за гэта нічога не будзе. З журналістамі іншая рэч — за такое можна і сесці. Калі я спытаў, а дзе ў такім выпадку розніца паміж журналістыкай і пісьменіцтвам, Ульрыка ўзяла сваю кніжку і паказала на пяць літар ROMAN, а потым патлумачыла, што розніца толькі ў гэтым. Таксама адкрыў для сябе новы жанр — отафікшн (autofiction) — вельмі папулярны цяпер у Швецыі. Сутнасць такой прозы ў тым, што бярэцца біяграфія пэўнага чалавека, ці аўтабіяграфія, і апрацоўваецца, як мастацкі твор з вялікай доляй вымыслу. Такім чынам, жыццё чалавека ў кніжцы можа абсалютна не адпавядаць рэальнаму. Гэтакі нон-фікшн, які пішацца па прынцыпе фікшн.


27.11.16, нядзеля

Сёння знайшоў допіс на радыё пра прэзентацыю “Ідалапаклонніцы”. Памятаю, прыходзіў жырналіст і распытваў мяне пра кніжку. Пару радкоў пра перакладчыка, ды яшчэ і з памылкамі. Начорта так рабіць? Ну няўжо цяжка прачытаць хаця б першыя старонкі кнігі? Праверыць, вычытаць тэкст? Неахайная праца. Хаця ў нас так шмат хто робіць. Згадалася ўчорашняя дыскусія са шведскай пісьменніцай наконт крытыкі. Яна спытала, а ці ёсць у нас крытыка. Ды няма ў нас аніякай крытыкі. Не нарадзіўся яшчэ той крытык, які паказаў бы знанаму аўтару на ягоныя хібы, не з’явіўся яшчэ такі крытык, які напісаў хоць адну рэцэнзію не па знаёмстве. Ды й наогул рэцэнзій я даўно не чытаў. Цяпер на старонках газет у большасці з’яўляюцца водгукі, якімі і я ў свой час бавіўся, а рэцэнзій няма.

Прачытаў інтэрв’ю Андрэя Дзічэнкі з Юліяй Чарняўскай. Яно непадобнае да процьмы шараговых размоў, якія перыядычна з’яўляюцца на розных рэсурсах. Вельмі спадабалася думка пра тое, што дэфіцыт духоўнага жыцця страшнейшы за дэфіцыт у крамах. І сапраўды, навошта нам цяпер столькі хлеба, калі большая частка ідзе ў сметніцу? А таргашы ўсё пхаюць і пхаюць нам розныя адкіды. Таргашы ў шырокім сэнсе — на тэлебачанні, на мітынгах, на вуліцы. І я не знаю, што страшней — плесня хлебная ці інфармацыйная, выпаласкі мясныя ці з тэлескрыні, смурод з талчка ці з сеціва?


28.11.16, панядзелак

Тэлефанаваў Андрэй Федарэнка, павіншаваў з дэбютнай публікацыяй апавяданняў у “Літаратурнай Беларусі”. Было вельмі прыемна. Цікава, што яны ўзялі толькі два караценькіх, а трэцяе, найбольш цікавае, як на мяне, пакінулі без увагі. Трэба будзе папрасіць Барыса на будучы год надрукаваць у “Дзеяслове”.

Зайшоў у аптэку па альбуцыд для Васіліны. Чарга па талончыках. Узяў. Перада мною чалавек восем. Прысеў, чакаю. Побач мужык у зацяганай вопратцы, з крывой мордай. Адразу відаць, што “душа гарыць” у чалавека. Не паспеў на табло высвеціцца ягоны нумар, а ён ужо тут як тут:

— Два баярышніка, пжлста.

Заходжу ў пад’езд. З ліфта, як прывід, выпаўзае баба з трыма мяхамі шклатары. У такія моманты мне здаецца, што быць цьвярозым ганебна і страшна.

Напісала Наста Грышчук, прапанавала паразмаўляць пра кніжку перакладаў. Дамовіліся сустрэцца ў пятніцу а другой.


29 — 30.11.2016, аўторак — серада

Два дні ў штатным рэжыме, нічога не адбывалася, хіба што сёння быў на сядзібе Саюза, узяў колькі асобнікаў пятнічнага НЧ з “Літаратурнай Беларуссю”. Алесь стрымаў слова і надрукаваў на палову паласы два апавяданні. Набыў за 5 рублёў “Дзеяслоў” знізкай маіх мініяцюр, якія да публікацыі ішлі больш за паўгода, але не гэта галоўнае.

Тэлефанаваў Васю ў “Вясёлку” наконт ганарару, якога так і няма з кастрычніка. Аказваецца, паштовае аддзяленне яго чамусьці вярнула назад і ён прыйдзе напачатку снежня. Ну добра, грошы хоць і невялікія, але цяпер і гэта не зашкодзіць.

Стэлефанаваўся з Ганнай з “Кніжнай шафы”, дамовіліся зрабіць прэзентацыю “Ідалапаклонніцы” 13 чысла. Трэба ж неяк кнігу рэалізоўваць.

Смяхоцце апошніх дзён — зборышча праўладнага саюза пісак на чале з Чаргінцом. Пачытаў іранічны артыкул на ТУТ.БАЙ і пасміхнуўся, каментары яшчэ цікавейшыя. На фотаздымках з пісьменніцкай партсходкі спрэс рамонкі і дзьмухаўцы, пенсіянер на пенсіянеры і такім паганяе. 350 насоў! Жах! Столькі патэнцыйных набелянтаў, божачкі! Праз 6 гадзін паседжання некаторыя адкрыта спяць, некаторыя дзюбаюць носам у чаканні фуршэта. Цырк на самым натуральным пісьменніцкім дроце.


1.12.2016, чацьвер

Даўно не бачыў такога снежнага снежня! Цудоўны дзень — ветру няма, што можа быць лепей! Увечары ізноў пачаўся снегапад, такі самы, як у маім дзяцінстве. З вакна насупраць хтосьці спрабуе сфатаграфаваць гэтае хараство. Пасля дваццатай бліскаўкі я ўжо не лічыў кадры. Нават апоўначы ад снега і ліхтароў навокал светла і ўтульна. Надвор’е наўпрост каляднае. Вось каб і на новы год яно засталося такім.

Спісаліся з Настай Грышчук. Усё як дамаўляліся.


2.12.2016, пятніца

Сёння быў у ЛіМе, гутарылі пра “Ідалапаклонніцу”, трохі пра маю творчасць. Атрымалася вельмі цёплая размова, якую звычайна называюць table-talk. Пасля гутаркі мяне спрабаваў зняць фатограф. Не думаў, што пазаваць на камеру так цяжка, асабліва, калі чалавек прафесійна робіць сваю працу і даводзіцца падпарадкоўвацца. Біліся мы хвілін дваццаць. Але-такі штосьці зрабілі. Канстанцін — патрабавальны фатограф. Папрасіў, каб мне скінулі здымкі, ужо будзе з чаго выбраць для далейшых публікацый, а то кожнага разу, калі просяць з часопіса ці газеты фота — не магу знайсці.

Пару дзён таму Насця пачала падбіваць мяне на напісанне цыкла казак для дзетак. І вось. Узяў і пачаў цэлы цыкл. Неяк загучна атрымалася — пачаў цыкл — напісаў пару абзацаў, але задума ёсць, можа нешта і атрымаецца.

Прыдумалася словазлучэнне “фэйкавы век”. Не ведаю, ці гэта геніяльна, але мне так на хвілінку здалося. Жартую. Фэйкавы век чымсьці перагукаецца з “Часам second-hand”. Хоць, магчыма, толькі так здаецца.


3.12.2016, субота

Спрабаваў напісаць апавяданне — хатняе заданне для школы пісьменніка — і нічога не атрымалася. Не магу я дома працаваць. Проза вымагае засяроджанасці, цішыні, адзіноты, а тут хоць бы хвілінку спакою. У эсэ “Свой пакой” Вірджынія Вулф казала, што пісьменніцы патрэбны ўласны пакой і 500 фунтаў гадавога даходу. Я, канечне, не жанчына, але кабінет не зашкодзіў бы.

У госці прыходзілі цесць з цешчай, падарыў ім асобннік “Новага Часу” з “Літаратурнай Беларуссю”. Увечары цешча напісала ў скайпе, па-беларуску, што ёй вельмі спадабалася. Добры знак. Трэба працаваць у гэтым кірунку.


4.12.2016, нядзеля

Падняліся позна. Пайшлі на вуліцу, пакаталі дзіця на санках. Люблю дні, калі мы ўсе разам. Зайшлі ў краму, купілі смакаты, адзначылі першыя зімовыя выхадныя.

За пісанне нават не браўся. Рэдагаваў і падбіраў мініяцюры для публікацыі на сайце, вычытваў дзённік. Вельмі карысная рэч, як ні круці. Цешуся, што давялося паўдзельнічаць у такім цікавым праекце. Можа камусьці будзе цікавая і карысная гэтая публікацыя.

Тэлефанаваў Ігару. Пагутарылі. Ён прапанаваў зматацца за горад, паглядзець зоры. У яго новы тэлескоп, вялікі, моцны. Эх, паехаў бы з задавальненнем, але ўжо запланаваў заўтра ўстаць рана, каб штосьці напісаць. Іншым разам.

Скончыў апавяданне для дзетак з цыкла, пачатага пару дзён таму. Нібыта і нішто сабе атрымалася.


ВАМ ПОНРАВИТСЯ:
Старонка Алеся Емельянова-Шыловiча на «Тэкстуры»
Страница проекта «DIARIES» на «Текстуре»

Еще нет комментариев.

Оставить ответ