Шарль Бадлер (1821 – 1867). Вершы са зборніку “Краскі зла”

Шарль Бадлер (1821 – 1867). Вершы са зборніку “Краскі зла”

андрэй касцюкевіч


Перакладчык Андрэй 
Касцюкевіч пра сябе:

Нарадзіўся 24 кастрычніка 1977 года ў Мінску, дзе й жыву ўсё жыццё. У 2000 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзіденце Рэспублікі Беларусь, дзе атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Аўтар перакладу Шарля Бадлера “Падліна” (“Літаратура і мастацтва” ад 30 красавіка 2010 года), перакладу цыклу вершаў Фрыдрыха Ніцшэ “Песні прынца Фогэльфрая” (зборнік твораў выпускнікоў Школы маладога пісьменніка “Параходзік сучаснасці”, 2013 год). Мае пераклады «Прыпавесцяў ды загадак» Фрыдрыха Шылера надрукаваныя ў верасні 2015 года ў часопісе «Полымя».

 


АЛЬБАТРОС

Часцяком прыгнятае маркота матросаў,
Калі доўга пад імі ні пядзі зямлі,
І яны ловяць птахаў марскіх, альбатросаў,
Што праводзяць па бездані іх караблі.

Вось на палубу злая рука выкідае
Альбатроса, блакіту што быў каралём.
Як нязграбна ды жаласна ён выглядае
І не можа цяпер нават рушыць крылом!

Падарожнік крылаты, гаротнік няўклюдны,
Быў нядаўна прыгожым, а стаўся страшным,
Той у дзюбу дыміць яму люлькай паскуднай,
Той для смеху натоўпу кульгае за ім.

Так Паэта падобны да прынца вышыняў,
Які з бурай сябруе ды ў далеч ляціць;
На зямлі ж ён выгнаннік між крыкаў ды кпінаў,
Бо з вялізнымі крыламі цяжка хадзіць.


СПЛIН

Калі хмарнае неба, як века, навісне
Па-над духам пакутным, здабычай нягод,
І цяжкім абручом далягляд дужа цісне,
І дождж лье цэлы дзень, што даўжэйшы за год;

Калі свет гэты затхлы, як яма сырая,
Дзе Надзея, нібыта кажан, праляціць,
І аб мур палахліва крылом ударае
І гатовая голаў аб столю разбіць;

Калі дождж рассцілае мярэжы бязмежна,
Пераймаючы краты астрога за ўзор,
І на дно майго мозгу ўпаўзаюць драпежна
Павукі ды нячутна плятуць цьмяны ўбор;

Нечакана ў шаленстве званы выбухаюць
І заходзяцца ў плачы, жахлівым і злым.
І здаецца – бяздомныя здані жадаюць
Падзяліцца з нябёсамі болем сваім.

І плывуць у душы катафалкі павольна,
Пачынае Надзея дарма галасіць,
І прыходзіць Туга самаўладна й няўмольна,
Каб свой чорны штандар у мой чэрап убіць.


ПАДЛIНА

Ці мне не нагадаць той летні ранак Вам?
Між камянёў ішла сцяжына,
Раптоўна ад яе быў паварот, а там
Ляжала брыдкая падліна,

Распусна капыты ў далечыню задраўшы,
Уся – атрута ды смурод,
Так бессаромна ды нядбайна агаляўшы
Ў зялёным гноі свой жывот.

І сонца промнямі гніль тую палівала,
Дашчэнту каб яе спаліць,
Каб тое, што раней прырода паяднала,
Ізноў часцінкамі зрабіць.

І небасхіл глядзеў на той шкілет пыхлівы,
Што ружай пачынаў квітнець.
Смурод разліўся скрозь, і моцны, і імклівы,
І Вы ў траву не ўпалі ледзь.

Над чэравам раі мушыныя гулі,
А з чэрава лілася маса
Агідных чарвякоў, што поліўкай цяклі
Густой з ажылага каркаса.

Той вал спадаў і зноў да неба лез, блішчэў,
Нібыта з дзіўным ажываннем
Імкнулася ўгару пачварнейшае з цел,
Напоўнена цяжкім дыханнем.

Гучала ўсё вакол так дзіўна ды музычна,
Як вецер у цурчанні вод,
Як зернейка, што рук сялянскіх рух рытмічны
Пускае ў новы абарот.

Абрысы сцёрліся ды падаліся сном,
Эскізам чарнавым, няўважна
На палатне ў куце забытым мастаком,
Як сувенір не дужа важны.

Занепакоены сабака за скалой
Таропіўся на нас у злосці,
Хвіліны ўсё чакаў ён найжаданай той,
Кавалак каб узяць ад косці.

Ды будзеце і Вы разносчыцай зараз,
Сумецце, трупная атрута,
Вы, сонца дзён маіх, вачэй маіх зара,
Вы, мой анёл, мая пакута!

І Вас, прыгожая, шлях напаткае гэткі,
І Ваша спарахнее косць.
Вы пойдзеце ў зямлю, апранутая ў кветкі,
І прыпаўзе магільны госць.

Скажыце ж чарвяку, калі Вас пацалуе
І стане прагна паядаць,
Што згнілае любві навечна зберагу я
І вобраз боскі і пастаць!

ВАМ СПАДАБАЕЦЦА:
Лу Андрэас-Саламэ – Вершы (пераклады Андрэя Касцюкевiча)
Фрыдрых Шылер – «Прыпавесцi ды загадкi» (пераклады Андрэя Касцюкевiча)

Еще нет комментариев.

Оставить ответ