Фрыдрых Ніцшэ (1844 – 1900). Песні прынца Фогэльфрая

Фрыдрых Ніцшэ (1844 – 1900). Песні прынца Фогэльфрая

андрэй касцюкевіч


Перакладчык Андрэй 
Касцюкевіч пра сябе:

Нарадзіўся 24 кастрычніка 1977 года ў Мінску, дзе й жыву ўсё жыццё. У 2000 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзіденце Рэспублікі Беларусь, дзе атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Аўтар перакладу Шарля Бадлера “Падліна” (“Літаратура і мастацтва” ад 30 красавіка 2010 года), перакладу цыклу вершаў Фрыдрыха Ніцшэ “Песні прынца Фогэльфрая” (зборнік твораў выпускнікоў Школы маладога пісьменніка “Параходзік сучаснасці”, 2013 год). Мае пераклады «Прыпавесцяў ды загадак» Фрыдрыха Шылера надрукаваныя ў верасні 2015 года ў часопісе «Полымя».


ПЕСНI ПРЫНЦА ФОГЭЛЬФРАЯ
(дадатак да кнiгi “Вясёлая навука”)



ДА ГЁТЭ

Тое, што вечнае,
ты ўсё прымарыў!
Бог Небяспечнага
нарыфмахлярыў…

Свет-Кола носіцца,
новы штодня:
Клопаты – злоснаму,
дурню – Гульня…

Свет-Гулька змешвае
ў нас яву й сон:
Вечна-пацешнае
цягне ў палон!


ПРЫЗВАННЕ ПАЭТЫ

Быў галодны я нядаўна
І ў цяньку пад’есці сеў,
Нешта цікае так плаўна,
У памер і такт, як спеў.
Я на спеў скрывіўся гэты, -
Ды нарэшце злагаднеў,
Не падобны да паэты,
Стаў цік-такаць неўспадзеў.

Нібы ў нейкім дзіўным танцы
3аскакаў за складам склад,
Ажно мусіў я смяяцца
Чвэрць гадзіны акурат.
Ты паэта? Ты паэта?
Ці ты не здурэў падчас?
— “Так, спадару, Вы – паэта,” –
Дзяцел зверху мне ў адказ.
Я ў хмызы, бы звер, забіўся,
Каб ахвяру ўпільнаваць.
Новы вобраз дзе з’явіўся –
Рыфмай спрытна асядлаць.
Поўзае ці скача гэта –
Прышпілю да верша ўраз.
— “Так, спадару, Вы – паэта,” –
Дзяцел зверху мне ў адказ.

Мае рыфмы, нібы стрэлы,
Б’юць дакладна, далібог!
Нават яшчарцы – у цела –
Я пацэліць імі змог.
Як дрыжыць нябога гэта
Ў свой перадсмяротны час!
— “Так, спадару, Вы – паэта,” –
Дзяцел зверху мне ў адказ.

Мітуслівыя прыпеўкі,
Слоўцы коўзкія я ўзяў
І радкамі неўспадзеўкі
Ў ланцужок цік-так звязаў.
Слоўцаў жорсткая вендэта
На мяне за сказам сказ.
— “Так, спадару, Вы – паэта,” –
Дзяцел зверху мне ў адказ.

Ах ты здзеквацца, мярзотнік?!
У мяне штось з галавой,
Ды з душой было гаротней?
Бойся лютасці маёй! –
Хоць быў злы я на ўсё гэта –
Рыфмы плёў сярод абраз.
— “Так, спадару, Вы – паэта,” –
Дзяцел зверху мне ў адказ.


НА ПОЎДНI

Вось на галінцы крываватай,
павіс я й стому стаў гайдаць.
Гняздо мне стала роднай хатай,
братамі сталі птушаняты.
Дзе ж я? Нялёгка адшукаць!

Бялее мора ў сне глыбокім,
і ветрык ветразь не кране.
Уцёс і вежа, порт і смоквы,
авечкі і спакой навокал, -
Цнатлівы Край, прымі мяне!

Ды я свой век правесці ў маршы
з муштрой нямецкай не схацеў
і, ветру ўзняцца загадаўшы
ды з птушкамі палёт пачаўшы, -
паўз мора ў вырай паляцеў.

Здаровы сэнс? Занятак прыкры,
да мэты йсці хутчэй хаця!
Адчуў за спінаю я крылы, -
і, для гульні знайшоўшы сілы,
лячу да новага жыцця…

Сам-насам думаць – вельмі слушна,
але ж адзін я не пяю!
Вакол мяне сядайце, птушкі!
Пакіньце вашыя дрындушкі
і песню слухайце маю!

На дзіва штучныя казяўкі,
ад кожнай справы ды забаўкі,
ад усяго зазналі плён?
На Поўначы – скажу з ваганнем –
да Ісціны я меў каханне,
старой, страшэннай як дракон…


ПАБОЖНАЯ БЭПА

Пакуль тугія грудзі,
пабожнай варта быць.
Такія толькі людзі
ў Хрысце патрапяць жыць.
Прабачыць Бог манаху,
якому кроў кіпіць,
што гэткага даў маху –
са мною хоча быць.

Не дзед айцец вялебны!
П’яненькі часцяком,
у бок адклаўшы трэбнік,
шасць да мяне цішком.
Я не люблю дзядуляў,
а ён бабуль не змог:
нікому не намуляў,
зрабіўшы гэтак, Бог!

З царквою я сябрую,
бо мне той грэх малы
яна заўжды даруе, -
закон яе не злы!
Раты малітву ладзяць,
лабы паклон кладуць,
чарговы грэх адвадзяць –
і новыя ідуць.

Будзь ухвалёны, Божа,
што любіш нас і сам,
і тое, што прыгожа,
заўжды даруеш нам.
Пакуль тугія грудзі,
пабожнай варта быць.
як буду страхалюддзе,
пайду да чорта жыць!


ТАЯМНIЧЫ ЧОВЕН

Уначы паснула ўсё,
толькі вецер скрушна-скрушна
распачаў сваё выццё,
не прынеслі сну падушка
і сумленнае жыццё, -
мне было занадта душна.

Сон прыходзіць не жадаў.
Я пабег на бераг мора.
Цьмяна ў небе месяц ззяў, -
на пяску, пазбыўшы гора,
чалавек у чоўне спаў: -
двух сяброў зваліла змора.

Мо’ гадзіну ўсё было,
мо’ цягнулася гадамі? –
І пачуцці й думкі самі
ўпалі ў бездань, дзе святло
не з’яўлялася вякамі: -
ды ўсё раптам адышло!

- Вось і ранак: сярод мора
човен стаў і спіць ізноў …
Што тут адбылося ўчора?
Крык пачуў я. Што за кроў? –
— Усё добра! Проста гора
мы пазбылі паміж сноў!


ПРЫЗНАННЕ Ў ЛЮБОВI
(пры якім, на жаль, паэта ўпаў у яміну)

Як можа ён ляцець?!
Усё вышэй, крылом не варухне!
Я не магу даўмець
куды ён апантана так імкне?

Бы зорка ў вышыні,
далёкі ад будзённага жыцця,
заззяў між мітусні
людской – нябёсаў гожае дзіця!

О птушка альбатрос!
Настаўнік мне ў жыццёвай барацьбе.
Я ўвесь прамок ад слёз –
ах, дружа, як жа я люблю цябе!


ПЕСНЯ ТЭАКРЫТАЎСКАГА КАЗАПАСА

Ляжу, вантробы звяло, –
клапы мяне з’елі.
А там яшчэ шум і святло!
Бы на вяселлі…

Прыйсці абяцала сама.
Чакаю з рання.
Дзень скончыўся, – няма
яе ні звання.

Як так магла хлусіць?
Ну што за капрызы?
— Яна за кожным бяжыць,
як тыя козы?

Мне нервы ўсе ў вузлы
спляло чаканне!
Ёй іншыя казлы
дадуць кахання?

- Атрута скрозь паўзе
ў любоўным чадзе!
Нібыта грыб расце
атрутны ў садзе.

Зазнаў я, нібы сем
хваробаў, болю, –
нічога я не ем.
Бывай, цыбуля!

За моры месяц сплыў,
і пазяхаюць зоркі,
каб хто мяне забіў! –
такі дзень горкі.


ГЭТЫМ НЕНАДЗЕЙНЫМ ДУШАМ…

Гэтым ненадзейным душам
я бы ў горле косць.
Ад пашанаў іхных – скрушна,
ад пахвал няшчырых — толькі млосць.

Што да іх не сеў я ў лодку,
плыць асобна стаў,
ядам поглядаў салодкіх
кожны з зайздрасцю мяне вітаў.

Дык аблайце мяне смела
і далоў шпарчэй!
Каб мне не блукаць век цэлы
пасярод зусім пустых вачэй.


ДУРАНЬ У РОСПАЧЫ

Ах! Што пісаў я сам сабе
і на стале і на сцяне
дурнымі сэрцам і рукою,

вы называеце лухтою? …
І ўсё, накрэмзанае мною,
адскрэбці раіце вы мне!

Ну добра ж! Я ў адказ на крык,
і губку і мятлу трымаю,
як крытык і як вадзянік.

Вось, калі вынік працы знік,
гляджу на вас, што горла дзерлі,
і ўсё тут мудрасцю абсерлі.


RIMUS REMEDIUM
Альбо: як суцяшаюцца хворыя паэты

Зыходзіць слінай,
павольна-вольна час-чараўнік,
гадзіну за гадзінай.
Я ад агіды ўвесь панік.
Праклёнам вечнасці мой крык!

Свет – гэта медзь:
нагрэты бык, што крыкі чуць
не здатны . Боль у касцях шалець
стаў і цягнуць:
“Нашто шумець?
Без сэрца свет, што губы дзьмуць?!”

Пралі ўсе макі!
Яд, ліхаманка, лі ў мазгі!
Я ад цябе зусім благі.
Якое хочаш ты падзякі?
Лепш рэж кругі,
як ад сабакі!

Не! Не знікай!
Знадворку дождж ідзе халодны –
я да цябе не быў лагодны?
Вазьмі! Тут золата — трымай! –
Ты – шчасце? Хай!
З усім я згодны.

Ды дзверы – бах!
Тушыць святло віхура стала!
А дождж імжыць мне па руках! –
Сто бед! – Сто рыфмаў (хай нямала)
я ўжыў удала,
і смерці – крах!


НА ШЧАСЦЕ МНЕ!

Я зноўку галубоў Сан-Марка бачу:
спакойны пляц, дзе ранак лёг паспаць.
Пустыя песні ў неба я наўдачу,
нібыта галубоў, пачаў пускаць –
хвіліны не міне,
зноў прылятуць, я рыфмы ім зыначу
— на шчасце мне!

Ты, вежа, узнялася пераможна,
ільвіцаю застыўшы на бягу!
Пляц заглушаеш – па-французску можна
было б цябе назваць accent aigu ?
Ніколі не міне
любоў мая, прыгожая бязбожна
— на шчасце мне!

Прэч, музыка! Дай напачатку ценям
заліць усё начною цеплынёй!
Зашумна, залатым упрыгажэнням
яшчэ блішчэць не паміж руж красой,
яшчэ шмат дзён міне,
адданых вершам, жартам, летуценням
— на шчасце мне!


ДА НОВЫХ МОРАЎ

Я хачу туды, дзе трудна –
выбар мой заўжды са мной!
І нясе ў сінечу судна
генуэзскі ветразь мой.

Мне ўсё ззяе хуткабежна;
час, прастора, поўдзень спіць –
ды бясконцасці драпежна
вока на мяне глядзіць!


СIЛЬС-МАРЫЯ

Тут я сядзеў, чакаў чаго ці не? –
не думаў пра дабро ды зло, мяне

гульнёю цешылі святло ды цень,
жыццё без мэты, возера ды дзень.

Сяброўка, тут падвойвацца я стаў –
і ў госці Заратуштра завітаў…


МIСТРАЛЮ
(Танцавальная песня)

Хмараў кат, журбы знішчальнік,
неба шумны ачышчальнік,
мне, містралю, любы ты!
Мы з табой аднога роду
лёс адную нагароду
даў нам – вечныя браты…

Вось праз горныя дарогі
да цябе нясу я ногі
і не чую ўжо зямлі:
ты імчыш марскія воды,
як свабодны брат свабоды
абганяеш караблі.

Чуў твой крык я, як прачнуўся
і да ўступаў скал памкнуўся,
мора жоўтае сьцяны.
Дыяментаў россып светлы,
пралятаеш ты ў паветры
смелым подыхам вясны.

Бачыў я – праз шлях нябесны
твае коні спрытна неслi
найхутчэйшы ў свеце воз,
ты маланкаваю пугай
спіны коней выгнуў дугай –
шмат удараў ім нанёс.

Бачыў я – ты з воза скокаў,
апускаўся, без аблокаў
пакідаўшы небасхіл,
уздымаўся зноўку, дужы, –
промнем залатым праз ружы
золак ранішні спаліў.

Там, дзе спіны, нібы хвалі,
мы з табою таньчыць сталі –
творца танцаў, будзь здароў!
І няма за нашы штукі

весялейшае навукі,
як у вольных двух майстроў!

Квецень мы ад кожнай кветкі
забярэм за танец гэткі
і два лісцікі ў вянок!
Таньчым, нібы трубадуры,
паміж святасцю і юрам,
Богам і спляценнем ног!

А не таньчыць хто з вятрамі,
абматаны ўвесь бінтамі,
недалужны інвалід,
хто заўжды ў лякарні душнай,
дурань важны, крывадушны,
з раю нашага валі!

Вулічным віруем пылам
усім хворым проста ў рыла,
уцякайце прэч хутчэй!
Узбярэжжа вызваляем
ад грудзей мы хударлявых
і спалоханых вачэй!

Палявацьмем мы на цемру,
хмарных фабрыкантаў хеўру,
свету вораг нам не друг!
І Нябеснае нам Царства,
дзе святла ды шторму брацтва,
усіх вольных духаў Дух!

Як жа я табе аддзячу?
Напамінкам аб удачы
мой вянок вазьмі ды лезь
ты па лесвіцы нябеснай!
І на самым версе з песняй
сярод зор яго павесь!

ВАМ СПАДАБАЕЦЦА:
Шарль Бадлер – Вершы са зборнiку «Краскi зла» (пераклады Андрэя Касцюкевiча)
Лу Андрэас-Саламэ – Вершы (пераклады Андрэя Касцюкевiча)
Фрыдрых Шылер – «Прыпавесцi ды загадкi» (пераклады Андрэя Касцюкевiча)

Еще нет комментариев.

Оставить ответ