На скрыжаванні з Лермантава

На скрыжаванні з Лермантава
Алесь Плотка baisan

Фота Алены Бiруковай

Алесь Плотка

Характэрны выхадзец з гомельскага андэрграўнду, выканаўца (JazzLatex, Samadhi Boom, TerraKod), аўтар тэкстаў (Bigi і IvoryGod ), перакладчык і стыль-кансультант, пісаў для гуртоў Naka і Yellow Brick Road. Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф”, дыпламант Беларускага ПЭН-у; друкаваўся ў часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Большой”, газетах “Новы час”, “Гутарка”, “Лікнеп” і інш.

Псеўданім Байсан паходзіць з карабельнага слэнгу — “зямляк” па-марскому. Мае два альбомы “лічбавай паэзіі” (у супрацы з Уладам Бубенам): Iamb’n’bass дасяжны на лічбавых платформах, Skweee Belarus – ў стрымінгу на Soundcloud. У 2015м выдаў кнігу “Байсан”, у якой пад цвёрдай вокладкай сабраныя вершы розных гадоў. Гераіня вокладкі Vieršnica стала з’явай, якая ўскрыла праблемы гендэрных і міжгенерацыйных стасункаў у беларускім грамадстве. Сачыць за навінамі можна наперсанальным сайцe baisan.org.



ПАВАЖАНЫМ БЫЎ ЁН ЧАЛАВЕКАМ

Паважаным быў ён чалавекам,
Хоць не быў дырэктарам заводу,
Хоць не быў ён старшынёй калгасу,
І не жлухціў у райсабесе ён каньяк

Ён не быў афганскім ветэранам,
Клаў урачыста на мастацкія суполкі,
І не спаў з паловай факультэту,
Хаця шмат хто думаў, гэта так…

На сняданак ён любіў яешню,
Не любіў метро, любіў трамваі
Бо кандуктар, гэта ўсім вядома,
Мае больш душы, чым турнікет

Не вісеў на дошцы ганаровай,
І не меў дысконту ў сушы-бары
Проста, калі крыўдзіў чалавека
Аж да ранку ён не мог заснуць

Тое бачылі хіба адно фіранкі
Ды і тое толькі так – усяго паловай
Свет астатні спаў і падсвядома
Яму  ў карму ставіў новы плюс…

 верасень-кастрычнік 2011


РОЗЫ ВУЛIЦА

Мяккія пухнатыя камякі снегу падаюць долу.
Люксембург. Розы вуліца.
Абмяклыя ў пухавіках алкашы паўтараюць рух камякоў
На скрыжаванні з Лермантава, на рагу побач з культавай крамай

На апошнім паверсе сталінкі створаныя ўсе ўмовы
Для назірання й аналізу падабенства  дзіўных атмасферных з’яваў.
Люксембург – гэта лепшы раён горада
І, натуральна, цэнтр Еўропы і талерантнасці

Тут жывуць прадстаўнікі ўсіх літаратурных саюзаў,
Хаця нарадзіліся ўсе ў Саюзе адным
І частка так любіць чатыры літары, якія збярог білет камсамольца
Другая з імпэтам чатыры літары шле на тры, не ўсе з якіх зычныя

У доме насупраць тры чвэрці стагоддзя назад на аднаго жыхара стала меней
Добрае хутка знікае – як мяса з прылаўкаў цяпер
Унучку  паэта-нацдэма тут у дзевяностым згвалцілі тры жаўнеры
Два з Ленінграда і адзін з Даўгаўпілса. Братэрства народаў здараецца у розных праявах

Праз дзесяць год знік іхні сусед, падтрымка й апора.
Ён добра ведаў кошт пяцілітарных словаў – грант і адкат
Але ў год трох нулёў, бачна, баланс не сышоўся
Цяпер там жыве адзінокая пані з філфаку. Кола гісторыі, можна сказаць, замкнулася

Яе маленькі байструк цяпер гуляе ў танчыкі дзетак унучкі
І часта так голасна кажа: “Мама, я буду ваенным!”
Але разумення паміж пакаленнямі ад часу Сакрата болей не стала
Суседка чуе той маніфест, крышыць цыбулю на кухні і плача

У прынцыпе ўвесь свет – адна вялікая вуліца Розы Люксембург


Розы Люксембург, дом 4

пакуль ты хадзіла па хлеб
вуліца Розы сышла пад абрыў
там свет такі, як і тут
нагамі адно да гары

там гуру медыйнага шчасця
вісяць на крыжах камліментаў
шчаслівыя ўсе падпісанты
з на горле зацягнутай лентай

ты пішаш, а гэта значыць, –
“дзе вашы рукі, сукі?”
і донар з вампірам танчаць
капаэйру вакол мясарубкі

замяняеш Piano на Mezzo
сябе ж не змяніць, і ладна
усмешка рве рот, бо смяецца
меркурый над табой рэтраградны

кругі па вадзе. show must go on
заўжды так было і так будзе
мы рвем адзін аднаго
бо мы не тытаны, мы людзі

адзін на дваіх жэтон
апошні метро вагон

ноч чорная. ўдава белая
дон. дзінь. дон

9 лютага 2014 м.н.с.к.


+375 

+375
Гэта твой код адсутнасці
Хто ты па бацьку
Хто ты па сутнасці
Мясцовы месія
Прарок з эміграцыі
Усе едуць не далей
Апошняе станцыі

+375
Гэта твой код нянавісці
Цішэй, не шумі
Тут генсекі і травесці
Дзеткі Эўропы
Філёзафы рынку
Зламаныя лёсы
Бэушныя сімкі

+375
Ё набраць на хвіліну
Згараюць масты
І пух тапаліны
Паролі здаю ад
Пандорынай скрыні
Адно галаву не дуры мне
Багіня™

+375
Гэта код нашай зайздрасці
Запісвай хутка, пакуль
Я пры памяці
Звані
Лібералым і кансерватарам
Ладныя лопасці
Аднаго вентылятара

+375
Гэта код zero tolerance
Таму націскай
І цікай

06.05.2015 Гомель – м.н.с.к.


аператар

аператар ведаў праўду
аператар ведаў шмат
бачыў святасць побач з падлай
sturmgewehr ад Калаша

розніў лёгка, без пакутаў
вярцеў розум чужы шал
трэцця узбуйненая група:
інваліднасць ці душа?

і “экран вачэй” заліты
быў не каваю, на жаль
і на сэрцы паспалітым
ці то рана, ці медаль

ці то стужка, ці какарда
ці заплакаць, ці заржаць
флэшка побач з міакардам
там – жыццё без мантажа

08.03.2015


ІРМЕ 1

Ведаеш, Ірма, жыццё – быццам мора:
Ёсць хвалі на ім, а ёсць пена
І не адразу бачна –
дзе дурань,
дзе геній

І не адразу ўбачыш свайго караля,
і на душы
то пажар,
то залева

Проста Жыві,
каб сказалі пасля, –

«Гэта была каралева!»

23 красавіка, Ставорэн, Фрысланд, Галандыя


ІРМЕ 2 (ПРА ЖЫЦЦЁ, КАХАННЕ I ЦЯГНIКI)

Ведаеш, Ірма, жыццё – як цягнік.
Адзін чалавек сеў у вагон і паехаў
А перон усё гудзеў, нібы ён серад іх
І адсутнасць яго не вартая смеху
У нас спрадвеку
Як пятак на рэйкі
Лупяць тэгі –
#Шайтан #Мудак #Недарэка

Купэ 37 – наша навука
Ты сядзіш і глядзіш аднекуль
Думаеш, хто гаспадар – ты, ці мухі?
Ці “Савецкаму” зразумець Prosecco?
Суб’ект – аб’ект
Пост – камент
Перон – вагон
Хто з іх калека?

Да прыбыцця 30 хвілін
чужая бялізна смачней за Пасціс
Калі з раніцы п’еш – ты ўжо не адзін
Why don’t you get out of his life please?
Mi Amor
Vanessa Paradis
Божа, калісь,
Хто ж з іх калека???

І фэйсбук пытае –
Who were you with?..

24 красавіка, Ставорэн, Галандыя


ІРМЕ 3

Жыццё такое рознае, Iрма,
Ёсць пэндзаль майстра, а ёсць просты аловак
I калi ты задушышся на канцэрце хэдлайнера,
Яго тэг, а не тваё iмя

…трапяць у загаловак…

26 жніўня 2014


МУЗА

Ты ніхто
І я ніхто
Так камфортна
Быць на роўных

Ты ніхто
І я ніхто
Хопіць песень
Памяркоўных

Мая муза п’е штоночы
Твар у твар вочы ў вочы
Так прыемна быць на роўных
…ты ніхто і я ніхто

Ты ніхто
І я ніхто
Жнівень. Ранак
водар віскі

Ты ніхто
І я ніхто
спорт зусім не
алімпійскі

След бензіну на асфальце
Дайце волі, курвы, дайце!
Так прыемна быць на роўных
…ты ніхто і я ніхто

ты ніхто
і я ніхто
вецер – праўда
сутарэнняў

ты ніхто
і я ніхто
мроіш мір
збірай каменне

…Мая муза п’е штоночы
…Твар у твар вочы ў вочы
…Мая муза п’е штоночы
…ты ніхто і я ніхто….

11 чэрвеня 2010г.- кастрычнік 2013, Гомель, Ратамка, м.н.с.к.


паравіны

было лета,
чэрвень ці ліпень.
я сказаў, што думаю,
ты праліла кіпень.

раніцай мы спрачаліся:
тралейбус ці маршрутка,
цяпер – разуменне і згода,
едзем на хуткай.

потым была восень,
кастрычнік ці лістапад;
у скрушнай самоце чакалі мы
кожны сваіх каляд

ты піла недзе гарбату,
я – у кавярні недарагой.
камусьці – апёкам памяць,
камусьці – няма і таго…

1 лістапада 2013


072* БРАТУ

молты і блэнды,
гранты і брэнды,
і кожны таксіст – як Харон.
баксы і цэнты,
раёны і цэнтры,
жыццё гэта тое, што не ў аблом.

можна хадзіць па спіралі,
можна быць Будай вакзальным,
можна забыцца на адрас,
галоўнае – помніць, дзе дом.

ты мусіш сказаць, і я мушу,
што адкаркаваныя душы
мы і лічылі жыццём.

проста павер таму, хто прыйдзе сёння з віном.

16 студзеня 2014 м.н.с.к.


FREE

Колькi панiчных атак
Ты пакiнеш на гэтых сцэнах
Free – гэта значыць за так
Жывы – гэта значыць у сiстэме

Уcix cваix страхаў парубак,
Ты знойдзеш адхланне бязмернае
З тым, хто будзе трымаць цябе за руку
На ўскрайку чарговае безданi


HOMO AQUARIUS

І зноў, як колькі год таму,
За кропляй кропля – долу, долу
Маўчыць стары, юнак “Чаму?”
Ізноў пытае; гэць дазволы!

Буяюць дрэвы, карані
Сваю вадою толяць смагу,
Агнём лясы ды трухай пні
Ідуць у нябыт. Жывем не блага:

Хтось мае хэнць, хтось любіць ружы,

А хтось ад відна п’е віно,

Мільёны кропель у калюжы
Заўжды зліваюцца ў адно
І той юнак, калісь імклівы,
Крыклівы, прагны і шпаркі
Маўкліва з галавою сівай
Стаіць ля берага ракі…

 26 чэрвеня 2010 г., Гомель

Один отклик в “На скрыжаванні з Лермантава”

  1. 10. Фев, 2016 в 1:48 пп #

    Віншую з пашырэннем прасторы! Добрыя творы. Асабліва Ірме-3)

Оставить ответ