Лу Андрэас-Саламэ. Пераклады

Лу Андрэас-Саламэ. Пераклады

СаломеЛу Андрэас-Саламэ

(1861 – 1937)

Нямецкамоўная пісьменніца, філосаф, псіхатэрапеўт, культурная дзяячка канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Сяброўства з ёю пакінула моцны след у жыцці ды творчасці Ніцшэ, Фройда і Рыльке.

Нарадзілася 12 лютага 1861 года ў Пецярбурзе (у Старым Пецяргофе)  у сям’і рускага генерала нямецка-францускага паходжання Густава фон Саламэ. Яе бацьца быў рускім дваранінам; спадчыннае дваранства было нададзенае яму Мікалаем І у 1830 г. Луіза была малодшым дзіцём ў сям’і, мела пяць старэйшых братоў. Як і ўсе яе браты, яна вучылася ў найстарэйшай нямецкай школе Санкт-Пецярбурга — Петрышуле з 1874 па 1878 год. У 1878 сям’я губляе бацьку.

Першае каханне 17-гадовай дзяўчынкі, галандскі пастар Гіё, што чытаў лекцыі ў Пецярбургу, скарачае «Луізу» да «Лу» — імя, якому было наканавана праславіцца. У 1880 у суправаджэнні маці Лу едзе ў Швейцарыю, слухае ўніверсітэцкія лекцыі — як і многія іншыя рускія дзяўчаты таго часу (у Расійскай імперыі тады  не існавала вышэйшай адукацыі для жанчын).

У сувязі са слабым здароўем переязджае ў Рым, дзе трапляе ў гурток Мальвіды фон Майзэнбуг, прыяцелькі Гарыбальдзі, Вагнера, Ніцшэ, выхавальніцы дачкі Герцэна. У 1882 Лу пазнаёмілася з Фрыдрыхам Ніцшэ і сталася яго блізкай сяброўкай. Неаднаразова адхіляла яго прапановы ажаніцца. На яе верш Ніцшэ напісаў музычную кампазіцыю «Малітва да жыцця». Апублікавала ў Расіі першыя артыкулы пра філасофію Ніцшэ і трохі пазней выдала манаграфію пра яго творчасць. У 1887 выйшла замуж за прафесара Фрыдрыха Карла Андрэаса, выкладчыка ўсходніх моў. Публікавала працы ў розных нямецкіх часопісах.          У 1897 пазнаёмілася з аўстрыйскім паэтам Райнэрам Марыяй Рыльке. Зыграла важную ролю ў яго духоўным развіцці. Арганізавала дзве паездкі Рыльке ў Расію (1899, 1900) і суправаджала яго. Пазней, у 1928, выдала аб Рыльке кнігу.

У 1911 узяла ўдзел у працы Міжнароднага псіхааналітычнага кангрэса ў Веймары. Цягам 1912–1913 вывучала псіхааналіз у Фройда ў Вене, увайшла ў кола яго найбліжэйшых аднадумцаў. Спрыяла яго асабістым знаёмствам з выбітными дзеячамі еўрапейскай навукі ды культуры. Блізу 25 год практыкавала псіхааналіз у Гетынгене, універсітэцкім горадзе ў зямлі Ніжняя Саксонія ў Нямеччыне. Аўтар кніг: «Эротыка» (Die Erotik, 1910), «Мая ўдзячнасць Фройду» (Mein Dank an Freud, 1934), артыкулаў аб праблемах псіхааналізу ды іншых.

Памерла 5 лютага 1937 г.



ДА СМУТКУ

Як нападзеш, ці можа хто ўцякаць,
Калі ты кідаеш свой погляд жорсткі?
Але ж я не хачу цябе ўнікаць –
Не веру, што ты нішчыш толькі!
Я ведаю – да ўсіх павінен ты зайсці,
Пазбегнуць гэтага ніхто не здатны,
І без цябе б лацвей было ў жыцці,
Ды ўсё ж таго, каб існаваць, ты варты!
Вядома, ты не прывід ночы, не –
Прыходзіш духу нагадаць пра сілу.
Ты – камандзір у вечнай той вайне,
Што значных найвялікшымі зрабіла.
Для шчасця і для радасці заўжды
Адно даеш – праўдзівую вялікасць.
Дазволь нам разам ваяваць тады,
Дазволь жыццё ды смерць на бой паклікаць!
Ты месца ў глыбіні душы займай,
3атым капай сярод жыццёвых нетраў,
Пра шчасце мроі ды падман трывай,
Вазьмі нявартае дурных імпэтаў.
Перамагчы сябе ты не даваў,
Хоць чалавек удараў не лякаўся,
Хоць смерцю ён разбураны бываў –
Ты для вялікасці падмуркам стаўся.


МАЛIТВА ДА ЖЫЦЦЯ

О таямнічае жыццё!
Люблю цябе, як любяць сябру.
І смех, і плач, як адкрыццё,
І весялосць, і гора – скарбы.

Люблю з усёй тваёй маркотай;
Заб’е мяне твая рука –
Цябе пакіну з неахвотай,
Нібы абдымкі сябрука.

Я моцна прыгарну цябе!
Хай разгарацца твае жарсці!
Яшчэ дазволь мне ў барацьбе
Зазнаць твае разгадкі шчасце.

Тысячагоддзі быць і думаць!
Мяне аберуч абдымі!
Няма мне долі акром суму?
Пакутамі запоўні дні!


ТЫ СВЕТЛЫМ НЕБАМ НАДА МНОЙ

Ты светлым небам нада мной,
Я аб адным прашу: “Ты
Збаў ад пыхлівасці пустой
Бяз шчасця ды пакуты!”

Ты навісаеш над усім,
Абшарамі й вятрамі.
Дазволь ісці мне шляхам тым,
Дзе зноў Цябе спаткаю.

Я шчасцю не хачу канца,
Пакуты не ўнікаю,
Перад Табой укленчыць каб,
Куточка я жадаю.


ВОЛГА

Далёка Ты, а бачыць я магу,
Далёка Ты, а блізкая дый годзе.
Твае прысутнасці ніяк не пазбягу,
Мой краявід, што праз жыццё праходзіць.

На беразе Тваім я не была,
Але ж, каб зведала Твае абшары,
Сярод самоты жудаснай плыла
Адной мне ўсмешка кожнай хвалі-мары.


СТАРАЯ РАСIЯ

Ты нібы спіш усё жыццё.
Суседзі бед тваіх не бачаць.
Сваволіш, плачаш, як дзіцё.
Яны – не плачуць.

Стракатых маеш шмат хацін.
Апошні грош? Гуляеш з сябрам.
На золаце бель, чырвань, сінь
І зелень – фарбы.

Хто доўга на Цябе глядзеў,
Глядзіць паважліва, нястрога,
Дзіця, што мае сто надзей
Адно на Бога.


ТЫ АДЗIН

Жыццё так можа захапляць хіба што,
Як авалодаў Ты адзін душой.
Як перад Богам, шчыра рукі склаўшы,
Я ўкленчыла перад Табой.

І ад Цябе ў душы такія раны,
Якія застануцца назаўжды,
У час, што забыццём даўно забраны,
Мне стаўся Богам толькі Ты.

За ўсё, што даў, выказваю падзяку!
Ці можа лепшае ў жыцці з’яўляцца?
Мне Ты адзін падараваў адзнаку:
Глядзець на Бога й адмаўляцца.


АПОШНЯЯ ПРОСЬБА

Як лягу яскай я ў труну,
Патухлай назаўжды –
Хачу, каб валасы крануў
Рукой каханай Ты.

І перш чым перадаць зямлі,
Што мае быць зямлёй,
Дай вуснам, што кахаў калісь,
Ты пацалунак свой.

Ды цела не ў сваёй труне
Для выгляду ляжыць,
Бо ўсё маё жыццё ў Табе!
Заўжды Тваёй мне быць.


САКАВIЦКАЕ ШЧАСЦЕ

Вісіць на голенькіх галінках
Апошні, хлюпкі й мяккі, снег.
Я ўвечар пачынаю бег
Па цёмных казачных сцяжынках.

Нясецца з лесу шчабятанне
Сінічкі звонкай аднае,
Як заклік, вестка аб вясне,
Нібы прыроды прывітанне.

Нібы пасланне шле прырода –
Забыцца на мароз і снег,
Каб бачыць у чароўным сне
Вясну яшчэ да надыходу.

Ці здарыцца ў мяне спатканне
З тым сакавіцкім шчасцем зноў,
Каб між маўклівых вечароў
Паслухаць зноў вясны гуканне?

Пераклады Андрэя Касцюкевiча

ВАМ СПАДАБАЕЦЦА:

Фрыдрых Шылер – «Прыпавесцi ды загадкi» (пераклады Андрэя Касцюкевiча)

Один отклик в “Лу Андрэас-Саламэ. Пераклады”

  1. 20. Апр, 2015 в 8:07 пп #

    Хачу яшчэ ўдакладніць, што верш «Ты светлым небам нада мной» быў напісаны Лу ў падлеткавым веку «у адну белую ноч у Ронгасе» (Ронгас — горад у Фінляндыі), а вершы «Ты адзін» і «Апошняя просьба» былі прысвечаныя памяці Хэндрыка Гіё.

Оставить ответ