Mi corazón

Mi corazón

Кацярына Шчасная



Кацярына Шчасная нарадзілася ў 1984 г. у Баранавічах, жыве ў Мінску. Займаецца вывучэннем сучаснай беларускай мовы ў Акадэміі навук, аб чым сведчыць званне кандыдата філалагічных навук. Літаратурныя творы (паэзію і прозу) друкавала ў часопісах “Бярозка”, Маладосць”, зборніку “Тэксты № 4”. Другі год курыруе “Літаратурную гасцёўню” для юных аўтараў (вучняў 5 – 11 класаў) пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.




*      *      *

Кроплі халоднай расы на вуснах,
Шэпча птушка: “Сціхні ноч!”
Шыба дзеліць “былое” на “заўтра”,
Рытм скразняку “цяпло — дождж”,
Заўсёды свежы.
Звініш
Пайеткамі сонца.
Золак.


*      *      *

Калі разрываецца сэрца,
яно асыпаецца вершам,
што пішацца толькі праз болі
крыкі, пустыя размовы.
але нашто мне тыя радкі,
калі я ляжу на тваім плячы
у пяшчотнай цішы
пры месяцы-ліхтары.


*      *      *

Прачнулася, табой растаптаная,
З гадзіннікам, пераведзеным на заўтра,
З вачыма — вясёлкавай пустыняй,
Са скамечанымі думкамі і прасцінай.
Перагар пакутаў за год — прадвесне.
— Дзве лыжкі цукру да кавы? — Канечне.


*      *      *

Ходзіш пачварай па кухні,
Жужжыш маланкамі сумкі,
Халодная ў чайніку, у кранах,
Учарашняя каша з сасіскай.
Пачак кавы пляснуўся зверху,
“Соль, прыправы, блін, дзе ж запалкі?”
А я, хаваючыся ў ложку,
Лічу колькасць стукаў па шафках.
Пад падушкай трымаючы пачак,
Ціхенька смяюся. Нарэшце,
Хоць з-за гэтых змоклых палачак,
Пяць хвілін ад мяне ты залежыш.


*      *      *

Дождж пойдзе зранку. Нечакана:
Падманы прагнозаў…
Стрэхі кіёскаў і чужыя плечы —
Мой парасон.
Ты сыдзеш назаўтра. Незразумела:
Памылка пачуццяў…
Хто вінаваты? І чым накрыць
mi corazón.

Еще нет комментариев.

Оставить ответ