Мiнскi Алах

Мiнскi Алах

Раман Абрамчук

Раман Абрамчук пра сябе:

Нарадзіўся я ў 1981 г. у Мінску, дзіцячы садок, школка, універ – усё як у людзей. Бацькі – з Палесся, інжынеры-будаўнікі, зрэшты, як і многія іншыя ў нашым радаводзе. Пераклініла ў студэнцкім узросце: пачаў папісваць вершы, вандроўніцкія нарысы, празаічныя абразкі, публіцыстыку. Зрэшты, такой вось драбязой прамышляю і па сёння. Амаль нідзе не публікаваўся, ніякіх конкурсаў не выйграваў, пішу ў стол, фэйсбук і сваё задавальненне. Рады водгукам чытачоў, хвалююся і патнею перад публічнымі выступамі.

 


БЕЛАРУСКIМ МЯДВЕДНIКАМ* ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Усім! Усім Усім!
Шлезвіг і Зальцбур, і далёкі Рым!
І мяшчане славутага Берліна!
Ідуць з лясоў драмучых літвіны
Вас пацяшаць, штукамі забаўляць,
Дзівосы з далёкага княства паказваць.

Мядзведзь буры па вуліцах брукаваных няўклюдна ступае,
На раскошу Ганзы ляніва сабе пазірае,
На іхніх паноў і халопаў,
На Страсбург і Брэмен, на золата гандляроў Еўропы.

***

На плошчы, сярод кірмашнага люду,
Увечары зараўлі беларускія дуды.

Здзіўляліся тамтэйшыя людзі,
Сталыя і малыя: “Што ж далей будзе?”
На мядзведзя вучонага раты разявалі,
У далоні пляскалі, працягу чакалі,
Па-свойму сабе нешта шпрэхалі…

***

Вечар удалы, зноў перамога,
Скамарошая слава, талераў – бы з рога,
Адпачыць бы літвіннікам.

У першыя хвіліны сна,
Пасля келіхаў трох віна,
Думалася пад ратушныя ўдары гадзінніка:

“…Заўтра зноў шлях
Па мястэчках і гарадах,
Народ пацяшаць выкрунтасамі…

І ўсё ў іх падобна да нас…
І дуды равуць, і карагод гэтаксама вядуць,
І да смаку былі іх каўбасы нам….

Але дзе ў нас драўлянае – каменне ў іх,
І балбочуць груба як на наскі слых,
Эх, заснуць бы хутчэй…”, – і паддаўся снам…

***

Прайшлі заходнімі дарогамі многімі,
Назаўжды запомнілі гэта ногі іх,
Горад за горадам, места за местам,
Туды, дзе больш выгадная прапазыцыя.
Пад золатам праўленымі дамамі,
Пад раскошнымі камяніцамі,
На кірмашах, каля ратушаў, пад гербамі –

Дудар бясконцую граў, вадар** не спаў,
Мядзведзь соты раз смяхоцце крыўляў,
Крыўляў, крыўляў, перакрыўліваў.

Паходні жарам шугалі, бубны сланом грукаталі,
Вірам шалёным мядведнікі кіравалі,
Толькі шэраг купецкіх дамоў яшчэ золак стрымліваў…

…Нямецкія назвы стамлялі слых,
Надакучыў выгляд палацаў тых,
Шпілі й камень – пакрысе абрыдлі ім…

***

Брук і ліхтары, захад, кірмашы –
Адпусцілі літвіннікаў.
Кіруюць на ўсход,
Польская “wies’” ды “grod”…
Ідуць сабе, падлічваюць вынікі.

Радасці поспехаў не адняць,
Героямі сябе мняць,
Землякоў сваіх першых вітаюць.
Але думка не хоча адна адпускаць:
“Ці ў Княстве дадуць нам вольна зайграць,
Скамарошыя грошыкі зарабляць?
Што магістраты нашыя да нас маюць?

***

Князь не забыўся на іх,
Загад па мястэчках чытаюць услых:

“…Разам з усімі бадзягамі…
Кожны хай восем грашоў дае…
Той, хто без справы ў нас пэўнае…”**

Вось так…. Хто без справы ў нас пэўнае…
Справы ім падавай… Якой?
Залатарнай, кавальскай, піўной?

Абы грошай паболей сабраць!
Да шэлега ўсё абабраць!
Чужынцы золата сыпалі, а рабуюць – крэўныя!

“Кінуць!” – падступіла крыўднае пачуццё.
“Але касалапы, хаўруснікі і дарога –
Вось яно і жыццё.
Куды ўжо без гэнага?

Як былі, так і будзем – мядведнікі.
Вільня, Крэва ды Меднікі,
Кірмашы Слоніма і Гародні, –
Шляхоў хопіць на ўсё лета Гасподне”.

***

Па роднай Літве бадзяюцца,
Людзей весяліць не стамляюцца,
А грошы – адныя грашы…

Ды памяць трымае ўспамін стары:
Каваныя ліхтары,
Шырокія капелюшы…

Натоўпы люду стракатага,
Халопы й паны далікатныя…
І дуда, як у нас, раве,
І вадар карагод вядзе,
Але ёсць штось такое у тым народзе…”

Скончаны сказ пра літвіннікаў.
Годзе!

*Мядведнікі, альбо літвіннікі – беларускія скамарохі, якія паказвалі жартоўныя прадстаўленні з дрэсіраваным мядзведзем. Ужо польскія летапісы XIVст. згадваюць “літвіннікаў”, прывезеных у Кракаў беларускімі баярамі для забавы двара Ягайлы. У XVI-XVII стст. выступленні беларускіх скамарохаў з мядзедзямі зафіксаваны ў розных краінах Заходняй Еўропы, на Балканах, у Скандынавіі і Расіі. З-за папулярнасці гэтага рамяства Радзівілы стварылі т.зв. “Смаргонскую акадэмію” – цэнтр скамароства і дрэсіроўкі мядзведзяў.

** вадар – (старабел.) вядучы забаваў

** У загадзе Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста за 1566 г. аб агульным падатку пазначана: “з людей волочащих, которые без службы мешкают, и теж з медведников, дудников, скрипков, и с каждого гудка и иных, в местех мешкаючих, хто службы певное не маеть, з головы самого и белых голов и детей по осми грошей.” Іншыя рамеснікі плацілі падатак велічынёй ў 2-4 гроша.


АБРЫКОС

Страражытная балада VII стагоддзя, знойдзеная ў адной з александрыйскіх пячораў.

Хтосьці з цытатаў жыццё паскладаў – так і здаў.
Толькі чытаў, назіраў, цытаваў – тым і браў.
А гэты, дурны, захацеў сам прайсці каляінай балоцістай, гразкай,
І уграз, і назад ці ён знойдзе дарогу? Як скончыцца сказ той?
Ўзлез на грушу высока, сядзіць і дрыжыць з паняверкі
А наўкол назбіраўся натоўп, і ўжо хочуць зняць меркі…

Во дурны! Даў жа бог наш укляпацца дурню вось так недарэчна!
Мы ніколі такога не зробім, як гэты бязглузды бязмен,
Нашы жонкі ў парчах, а дамы нашы крэпасці: вечна
Ім стаяць і стаяць на зямлі нашай без перамен.
Будавалі ўсё нашы дзяды, ну а мы толькі множым,
І ні ўлева, ні ўправа ні кроку ніколі не робім, бо кожны,
Хто захоча як дурань той выйсці наперад адзін,
Атрымае па карку ад нас і ад лёсу за гэтакі дзёрзкі пачын.
І спрадвеку было так на нашай дрыгвотнай зямлі:
Толькі той выжываў, хто хаваўся умела за плечы сваіх жа сусед-землякоў,
Ціха корпаўся ўнізе, ніколі не лез на камлі,
І слядамі ступаў, як і ўсе, па сцяжыне бацькоў.

…Толькі гэты адзін усё ж злез з тае грушы высокай-высокай,
І з той хвілі яго аднаго пачалі маляваць,
А жанчынам уночы ніяк не хацелася спаць,
Не на мужа – на іншага ўжо паглядала іх вока..
А па цэнтры зямлі той раптоўна вырос абрыкос.
Не зялёны, не жоўты, а чыста ружовы – дзівос!
А навокал расцвёў цэлы сад і паўстаў агарод.
А дамы і парча паржавелі, і звёўся іх род.

Толькі той абрыкос,
што дзівосна ружовы вырос,
І ўсе людзі, хто сок яго піў
і нічога найбольш не прасіў,
Толькі тыя ўвайшлі ў цудны сад і у ім назаўжды засталіся.
Рэйн і Вісла, і Свіслач з Вяллёй з таго часу зліліся,
зліліся ў адно,
Скуль калісьці усё выцякала-цякло,
Абрыкос палівала, жыццё ўсім давала
й буяла само.
Алілуя-амін, слава ў вышніх, асанна, асанна!
Абрыкосу і людзям яго – пахвала і пашана!

Разам з тэкстам балады на пергаменце быў змешчаны асобны кавалак, які верагодней за ўсё з’яўляўся прыпевам. Яго таксама ўдалося расшыфраваць:
Царства нябёс, царства нябёс!
Па цэнтры – расце абрыкос,
Царства нябёс, царства нябёс – унутры вас!
Царства нябёс, царства нябёс!
Па цэнтры – расце абрыкос,
Царства нябёс, царства нябёс – тут і зараз!

Расшыфроўка, пераклад і адаптацыя – Раман Абрамчук


БАЦЮШКА МИХАIЛ (З IНШАГА РАКУРСУ)

В.Рыжкову

Бацюшка Міхаіл адранку ўстаў не з тае нагі
Усяго тры дні, як жонка – у анкалогіі,
Бацюшка Міхаіл ад шасці-трыццаці наслухаўся розных паскудстваў:
“Саграшыў мшэлаімствам, хабарніцтвам, рукаблудствам…”
Бацюшка Міхаіл так у рэшце й не еў –
Настаяцель паслаў асвячаць яшчэ адзін бізнэс-хлеў,
Бацюшка Міхаіл у абед пацалаваў дзверы крамы –
Хацеў малой набыць ляльку, быццам ад мамы.

Бацюшка Міхаіл а сёмай вылятае на Бараўляны,
На “блаславі, Божа” дарожныя знакі ігнараваны,
За сасною – бор, за кальцом – затор, вылятае на стрэчную…
– “Здрасьце! сяржант Вадап’янаў!”

Бацюшка Міхаіл мітусліва ў торбе капошыцца,
Замест дакументаў трапляюцца лялька, цукеркі для жонкі і …грошы.
У галаву страляе іншы ўзор паводзінаў –
Як робяць хлопцы на бэхах, калі вязуць папа на адпяванні-народзіны.
Бацюшка Міхаіл суне сторублёўку вечароваму госцю,
Цалкам гатовы пасля атрымаць ад нябеснага Боса ў косці, –
“Бо не дзеля сябе, дзеля кагосьці…”
Бацюшка Міхаіл зноў цалуе, ужо бальнічныя дзверы –
“вашай жонцы горш, мы прынялі неабходныя меры”
Патыхае Дэльфінам, але вельмі пасуе – “не стала веры”.

***

Бацюшка Міхаіл апоўначы доўга стаіць перад пустым кутам:
“Калі Ты так жадаеш… але чаму так?”
Бацюшка Міхаіл а першай ночы ледзь дабраўся да місы з хлебам,
З усмешкай, бо кут быў праспектам без знакаў, да неба.


МIНСКI АЛАХ

Мінскі Алах блукае ў квадраце Грыбаедава-Ігнаценкі*
Асцярожней, адвечны Божухна – выкаліш зрэнкі:
Тут ужо вечнасць кладуць цепластрасу
Паўмесяца ліюць бетон на пластмасу

Мінскі Алах матляецца сярод дамкоў прыватнага сектару
На Татарскай* – ані татарына, на Амуратарскай* – ні Марата
Мінскі Алах блытае паўднёвы з паўночным вектары:
Судан – Маладзёжная*, Ціміразева* – Эміраты

Мінскі Алах зазірае ў драўляныя ваканіцы
З іх выцінанкамі да Раства ці які ўжо месяц пасля Раства
Ісы-прарока – няхай будзе блаславёным Яго дзясніца,
І нават тыя, хто кажуць, што быццам Ён з мёртвых устаў

Мінскі Алах кружляе дварамі навюткіх катэджаў
Дзе дзеці Сірыі і Лівана, Масквіна*, Ірана
Трахаюць сёмую беларуску за вечар
“То ж бо пад дахамі, думаюць, не пабачыць Адвечны”

Мінскі Алах не заходзіць у даўгабуд мячэці
Дзе сабакі сікаюць і каты мецяць
Але стаіць задуменна каля бытоўкі вартаўніка старога
І не дыхае, калі той на хворых нагах правіць намаз доўгі

Мінскі Алах уздымаецца на пагорак:
Хусаімы, Александровічы, Ібрагімы…
Надгробкі, залузганы семкамі, прыкладна сорак,
Сярод пластыка й шкурак ад мандарынак

Люд мясцовы, што выхваляецца чыстымі гарадамі,
Так любіць ср.ць на магілы чужых людзей,
Зрэшты, як і ў сваіх лясах, і за ўсімі кустамі,
Роўналегла аддаленымі ад уласных дзвярэй

Мінскі Алах зграбае рукою смецце і вецце
І на пліце за далонню сціраецца дата другая
Усе вы – у маіх руках, кажа Алах –
І пустэча травой прарастае

Мінскі Алах даўно здолеў ужо тут прыжыцца
І хоць наўрад ці хтось акалічны назаве імя Яго вам
Але кожны вам прыгадае: так, валачыцца
Адзін тут такі часцяком на раёне там-сям.

У кепцы, з запыленай торбай, сутуліцца
Сыпле дзецям цукеркі “Южная ночь” без слоў
Просіць, паўсляпы, перавесці праз вуліцу
Усміхаецца залатым зубам з-пад паўднёвых вусоў

Прыжмурваецца вачыма ад старасці мокрымі
І ўсміхаецца: “мір вам, салям”

*Назвы мінскіх вуліц і станцыі метро ў раёне мячэці


ЛАЗАР

Ну хіба ж гэта жарт?
Дні чатыры валяцца бы-дзе
І раптоўна табе: хэй, выходзь!
Вось, прыйшоў твой Гасподзь!

Што ты бачыў там, Лазар, чаго невясёл такі?..
У каго-каго, а ў цябе
Страху ўжо не было, калі раз другі
Завязаць трэ’ было са штодзённымі справамі

А Ісус Сваё зноў: хэй, хадзем у Юдэю!
І адвіслыя сківіцы вучняў: Ты што, наш рэбе,
Падзабыў як Цябе ледзь не грохнулі фарысеі?
Ды і чуткі паўзуць: рада – вырашыла пра Цябе

І калі яны йшлі – ўсё зялёным было ад жыцця і вясны,
“Гэты трэсне і Рыму, і нашым казлам брыдкаротым!”
Але Той адвярнуўся, і жар пакрысе паастыў,
І галінкі паціху ляцелі пад боты

…І згадаліся вол і цяля, што лізалі шчаку, і цяпло Марыям,
А цяпер Сам – цяля, і шчаку – падстаўляць зусім іншым звярам.

… “Хто Ісус? Падымайся, на выхад без рэчаў”
І павесяць на дрэве, і здымуць пад вечар
І на дрэве ж павесіцца той, хто прадаў
Дрэва першае – клумба і човен, напоўнены рыбай
Другое – забудуць расло дзе на будучы ж год
Але зноў: “падымайся, на выхад, Гасподзь”
І адвалена глыба…


АБ ГIСТАРЫЧНАЙ АДКАЗНАСЦI (НА СОЙМ 1696 г.)

Як першы з Агінскіх па-польску чагось праплявузгаў –
Так першы каменьчык патрапіў у грудзь адраджэнцу.
Як першым пажадлівым позіркам глянуў калісьці Храбтовіч
На злата бажніц каталіцкіх, на замкі сталіцы-Варшавы –
Так першыя здзекі кранулі таго маладзёна,
Што к святу Купалля адзеў вышыванку-кашулю.
Як фа́цэтам першым Сапега ў шляхетным Крако́ве выглёндаў
З манэрамі, там перанятымі ў зацных тамтэйшых гасцёўнях -
Так першай нязграбай дзяўчо між усіх выглядала,
Што ў краме прамовіла: “мне калі ласка панчохі”.


АКТОРКА КУПАЛАЎСКАГА

І. Бегла, спазнялася моцна на працу
У тралейбусе – бівісы, батхеды, пацавацы
Едуць з другое змены,
Бухаюць з пластыкавых, лузгаюць семкі,
А зрэшты, і ты – на змену,
А зрэшты – і ў вас перасменкі,
Ды начальнікам цэха – сама Мельпамена.

ІІ. Ледзь паспела, бяжыш матылёчкам па сцэне
Дзея першая адбываецца ў Вене,
У галаве – суп і ці малодшы ўранку паснедаў
“Мон амі, дэмандэ о вале дэ* не спазняцца з абедам”
Учора муж упершныню назваў дурай
“Сі цю цё сан малад, мон шэры,** я пашлю за мікстурай”

ІІІ. Жарсці, інтрыгі, карнавалы, ядбавы
– Да якой працуем-та сёння, бабы?
– Да дзевятай працуем, мілая
…У антракт выйшла ў сквер, да анёлка з абвіслымі крыламі.
Галоўрэж пляце нешта пра нацыянальны канон,
беларуска-нямецкія паралелі,
А табе уваччу – ён,
Як дарыў пярсцёнак перад вяселлем.

ІV. Блізкі сыход, прайграная п’еса,
Гераіня пры смерці, правіцца меса,
Так, мілая, гэта сапраўдны анёл
Пад суфітамі нацыянальнага акадэмічнага,
Бог з табой, йдзі дамоў,
Адпрацавала, залічана.
І не забудзься змыць грым,
Хоць ён і так не наклаўся,
Бог з табой, йдзі дамоў, спекталь атрымаўся.

*Mon ami, demandez aux valets de… – фр. Друг мой, папрасіце служак

**Si tu te sens malade, mon cheri… – фр. Калі ты адчуваеш сябе дрэнна, мая мілая

Еще нет комментариев.

Оставить ответ