Ноч твайго колеру

Ноч твайго колеру

Марына ВарабейМарына Варабей — нарадзілася ў в. Раманаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці 4 мая 1988 года. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ (2014). Папярэдне скончыла Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж (2009, фатограф). Падчас вучобы ва ўніверсітэце брала ўдзел у літаратурнай суполцы “Альтанка”. Аўтарка тэкстаў і вакалістка гурта “Трызна” (“3-Zna”). Улетку 2011 года разам з гуртом «Трызна» ўдзельнічала ў Дні шведскай і беларускай літаратуры ў Берасці. Пазней наведвала “Школу маладога пісьменніка” ў Мінску. Друкавалася ў часопісах “Маладосць”, “Дзеяслоў”, зборніку паэзіі “Параходзік сучаснасці”. З 2012 года працуе фатографам у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Жыве ў Мінску.

 

*         *         *

мы раздзёртыя
пойдзем гуляць горадам
паліваючы сцержкі
жалезнымі кроплямі
зрываючы з ланцугоў сабак
сваімі крокамі
сваімі пахамі
хай чуюць сляпыя
хай бачаць глухія
хто можа
хай пойдзе за намі
спярша ненавідзячы нас
не прымаючы нас
абражаючы нас
пазней зразумеюць
што мы ратаванне іх


*         *         *

Віншую, Чарлі, сонца не ўзышло.
Наш сёння, як і ўчора,
Фільм. Чорнае вароніна крыло.
Асфальту мора
Маё. Тваё маўклівае быццё
Маўчу з табою хорам.
І тым, хто сэрцы мерае асцём
Не бачны сорам.
І праяўляе фарбы на шчаках
Умоўнасць слова.
Сумленне, гонар, позірк жабрака
З табой у змове.


*         *         *

Гэты тунэль метро
ніколі не скончыцца.
Як чорная дзірка космасу.
Як мы ніколі.
Ніколі.
Ніколі не сустрэнемся
У той краіне,
Якой няма,
Як няма мяне
У тваёй краіне.
Як няма.
Няма
У маёй цябе.


*         *         *

Мы – марная мера жыцця.
Нас чэрпае поўнаю прыгаршчай
ІСНАСЦЬ.
Скідае ўніз.
Ці проста ўверх шпурляе,
Адкуль крылатыя не вяртаюцца.
А бяскрылыя ў штопары
Свідруюць дарогу
Ў пекла.


*         *         *

У стане гародніны. Мрояў няма.
У непразрыстым паветры
Разам з гарэлкай змяшала зіма
Шчырай ілжы кубаметры.

Хорам бясслаўных багоў стаў пусты.
Высахлі слёзы фанатаў.
Дзеля чаго будавалі масты?
Весці вар’ятаў за краты.

Ў жоўтых пакоях, па жоўтых руках
Сны хіраманты чытаюць.
Тых, што вісяць на падстольных круках,
Шляхам гіпнозу здымаюць.


НАРАЧ

Няма мяжы –
Блакітнай гумкай
Зраўняны гарызонт.
Адрозніць немагчыма
Цыянавыя хвалі вадзяныя,
Зялёна-сіняваты сасновы бераг
І летняе валошкавае неба.


*         *         *

Вячэрняга неба чырвонае рэха
Пад ім – гарадскія барвовыя стрэхі.

Так Сёння пунцоваю захаду стужкай
Вянчае сваё панаванне.
І служку
Да раніцы зноў запрашае на варту,
Бо з новаю моцай наважыцца варта,
Каб Заўтрашнім Днём нарадзіцца.


*         *         *

мара – мора…
шырокае, з пошчакам жвіру
пад нагамі…
з карункавымі берагамі…
з медузамі, празрыстымі,
слізкімі…
з казкамі ракушак…
каб ведалі да скону вушы
тваё “Шшшшшшшшшшшшшшшшш…”


*         *         *

Твой стан перадпамежны –
Як мае сны –
Ці то яшчэ,
Ці то ўжо…
Невядомы рэжысёр
Бярэ ноч твайго колеру.
Вар’яцкага.
І стукае пад раніцу
Ў маю скронь –
Аблівае халоднай фіялкавай расой
Мае далоні.

Отклики: 2 в “Ноч твайго колеру”

  1. 29. Апр, 2016 в 6:18 пп #

    Мне спадабалася …

    • 27. Сен, 2016 в 11:44 дп #

      Дзякуй) Гэта прыемна)

Оставить ответ