Ноты, што не прагучалі

Ноты, што не прагучалі

Наста Кудасава




Наста Кудасава
, паэт. Нарадзілася 25 мая 1984 г. у Рагачове. Аўтар кніг «Лісьце маіх рук»
 (2006), «Рыбы» (2013), «Маё невымаўля» (2016). Таксама друкавался у шэрагу перыядычных выданняў ды альманахаў.





*

усе святыні – псам,
мышам і жабкам!
няхай люляюць псальмы
мяккай лапкай,
трымаюць вецер
выдыхам і ўдыхам
у келлях вецця
вечных
дрэваў-мніхаў.
а ты кружы, ніжы
на восень восень,
ды прыйдзе Бог
сняжынкаю
на носе,
лістом сырым,
суніцай
адзінокай,
распяты ў кожным дні
навідавоку.


*

Каханы!
Так многа вятроў у маіх пакоях,
і ўсе спадарожныя, так што чакай –
хутка буду!
Бо зрываюцца донкіхотамі вершы ў бойку
і не мне
напрарочана ўведаць разважлівасць мудрых.

Кашалоціха-сэрца
ізноў ад паветра п’янее:
з акіяннага цела высоўвае смешную пысу,
глытае свабоду,
упырсквае ў сонныя вены
і нясецца насустрач дарогам
з абдымкаў Каліпса…


*

мае рэкі ўзараныя роспаччу рыбіных рыкаў,
маю зрок ад прарокаў,
але спруцянелы язык,
а ты пішаш так стройна,
як бог дасканалаязыкі,
знітаваўшы ў душы-веляморы вярхі і нізы.
занатуй жа ўсе нашыя ноты, што не прагучалі,
невыпеўнасць пяшчоты маёй
для мяне занатуй,
і магчыма, я вынайду пойму
жывога маўчання,
адамкну ўсе шляхі
і дарогу ў наш вырай знайду…


*

там, дзе рэчы стануць рэкамі,
рэйкамі для ўцёку душаў,
я пайду з нутром парэпаным
марнадзёнства абцярушваць,
я пайду, пакіну многае,
дараванняў не чакаю,
бо была занадтаногаю
і ўпівалася шляхамі,
бо як здраднікаў адрынула
ўсе падручнікі й парэнчы,
я пайду – паўсюды вінная –
ў край без роспачаў і рэчаў…


15301144_1143746839034818_194647305_nЛІСТ ДРУГІ

у гэтым палацы я ведаю кожнае выйсце,
а выйдзеш у людзі –
і слупянееш паяцам.
нішто не сапраўднае, ведаеш, ёсць толькі лісце
і вецер,
зблукалы ў здзіўленні між сонцаў і пальцаў.
між сонцаў і пальцаў…
астатняе нам толькі сніцца:
і ласка, і роспач,
і ўсё, што так доўга балела.
а свет… ён даўно ўжо не верыць ні вершам, ні прынцам.
ні вершам, ні прынцам, запомні.
твая каралева.


*

…а жнівень тут падае
проста на голаў
салодкімі зоркамі алычы
і з разгаданых жаданняў нашых
зорнае варыць сочыва,
ўціскаюцца дні ў жалудовыя цельцы,
дзверы замкнёныя на ключы,
і ціша такая,
што нават сабакі ад вусцішы выюць
па-воўчы.
і ведаеш,
быццам нішто ўжо не б’ецца:
ні дотыкаў ток,
ні сініца ў руках, –
што лепей бы скласці ўсе роспачы ў кош,
не бядуючы болей над коштамі,
і выйсці ў акно,
як выходзяць у восень –
услед за крылом камікадзэ-лістка,
туды,
дзе любоў залівае пакорліва кожнага
і не пытае навошта.


*

а цяпер толькі памяць
унутраным зверам скуголіць,
у вярэдзіве дзён незаўважаная,
нічыя…
як мільёнамі кветкавых моваў заходзіцца поле,
хіба ведаеш ты,
мой пагардлівы юны пчаляр?
як ламаецца голас пчаліны
і тонкія крылы,
калі ўбіцца з адчаю
ў нязбытнасці мёрзлы сумёт,
як любіла цябе нацянькі,
безаглядна
любіла,
пакідаючы ліпкі й духмяны
ў руках тваіх
мёд.


*

цёплы хтосьці пад скурай калоціцца.
цёплы, здзіўлены, хто ты?
непад’ёмная кашалоціца –
б’е хвастом адзінота.
вечар даўкім адчаем зумкае,
вінаградзінай болю.
Госпадзе, вось я – нічыйнарукая.
я не магу так болей.


*

люляй мяне, маё невымаўля,
закалышы ўвесь боль, на сэрцы змоўчаны.
я запалю мінулага кальян,
я абдыму цябе хвастом вавёрчыным.

за ўсё гарчэйшы памяці тытунь,
ды ўжо кранае золак лапкай макавай,
і я, закалыханая, расту –
вось-вось… і пацалую сосны ў макаўкі…

ВАМ ПОНРАВИТСЯ:
Персанальная старонка Насты Кудасавай на «Тэкстуры»
Іван Штэйнер – «Трыпцiх Насты Кудасавай» (пра кнiгу «Маё невымаўля» Насты Кудасавай)
Іван Штэйнер – Solus cum sola (пра паэзію Насты Кудасавай)

Еще нет комментариев.

Оставить ответ