Новыя межы

Новыя межы

Адам Шостак


Адам Шостак нарадзіўся ў 1982 г. у Баранавічах. Аўтар кніг “Спатканне Не” (2006, вершы і проза), “4.33” (2012, вершы). Творы перакладаліся на польскую мову. Працуе ў прыватным прадпрыемстве аналітыкам рынкавых даследванняў, жыве ў Менску.

 

ДЭБЮСІ Ў ПЛЭЕРЫ

Дэбюсі.
“Дзяўчына з валоссем
колеру ільну”
гучыць у плэеры,
павольна рухаецца,
аддаляецца ў бязмежнасць.

Цырульня
купляе валасы
натуральныя,
ад трыццаці см;
у падарунак
бясплатную робіць фрызуру.

Калі ж валасы
ад метру,
цырульня дорыць
бясплатны парык
з лепшага воласу
для скрыпічных смыкаў.

Сівыя валасы
маёй маці
як выбелены лён
былі заўсёды
карацейшымі за метр.


ЦЫРК 

а вы спрабавалі купіць
слана?
з бацькамі хадзілі ў
цырк
з’ехаў засталіся толькі
сланы
напаўзаюць адзін на аднаго
немажліва акрэсліць прыярытэты
між сланамі ячшэ
складаней прадаць
нават драбнейшага
з іх


ТЭАТР, ЗАЧЫНЕНЫ НАЗАЎЖДЫ

вас не ўзяла настаўніца
на спектакль?
вам каля дзесяці,
вашыя дзеянні?

усіх узялі, увесь клас узялі,
мне – забаранілі
катэгарычна: вярнулі
тры паперчыны грошай
і сказалі: да заўтра бывай

так, была нейкая правіна
вялікая, але, здавалася, дробязь,
а з кім не бывае?

……………………………………….
забраў грошы… паехаў адзін…
пра што быў спектакль?
неістотна…

дагэтуль аддалена
ў зале сяджу ад усіх
і шкадую цяпер,
бо тэатр, ён зачынены

назаўжды


ВЯРТАЮСЯ

замерзлае возера растае,
па лёдзе ісці небяспечна…

абыходжу ўздоўж набярэжнай:
для рызыкі цяпер не час…

вяртаюся…

ты доўга чакала
на вясну…


*        *        *

мору ўсё адно
мору ўсё адно нічога не скажаш
яно не зменіць сваіх межаў
не выйдзе з берагоў

хіба толькі ссохне мора
і мы ўсталюем новыя межы
дзелячы соль між сабою на дне

солі ўсё адно
солі таксама абыякавыя
ўсе нашыя спрэчкі

зрэшты
ўсе гэтыя межы
выключна праблема людзей


КАЛЫХАНКА

спяць і мышкі
і стрыжы

жыгулі т.б. ВАЗ 2101
савецкая капейка
набытая па даўгой чарзе
маўкліва спіць у тваім гаражы

ты таксама засні
ты таксама засні


*        *        *

Усё добра. Памятаю дарогу
у лякарню, дзе мне выдалялі гланды.
У двары вербы выраслі, іх вершаліны
апускаюцца стромымі пасмамі ўніз.

Я таксама дарос, кранаюся пасмаў гэтых,
што плачуць, б’юць мне ў твар.
(Усё добра, для цябе я маленькі дзіцёнак.)
Памятаю нумары амбулансу
ды іншых экстрэных службаў.

Усё добра, ты ведаеш добра.

Tags:

Отклики: 2 в “Новыя межы”

  1. 06. Апр, 2014 в 10:32 пп #

    Усё добра, Адась!

Оставить ответ