Прыгоды капiтана Мармытана

Прыгоды капiтана Мармытана

Ганна Севярынец




Ганна Севярынец нарадзілася ў Менску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Выкладчык, журналіст. Аўтар і сааўтар кніг «Работа твоей мечты», «Всемирная литература в лицах, фактах и комментариях», «Практическое литературоведение: что сказал писатель».  Аўтар праекта «Аксамітавая Беларусь» на беларускім жаночым партале VELVET.

 


ПРЫГОДЫ КАПІТАНА МАРМЫТАНА

– Э-ей! Мармытан-чык! Прачынай-ся! Сонейка чакае! Мармытанчык! Да цябе кот прыходзіў, на вуліцу клікаў! Уставай, Мармытанчык!

Спіць. Шчэ й храпака дае. Ці то прыкідваецца, ці сапраўды такі салодкі сон.

Ну, пакуль Мармытанчык актыўна не слухаецца Мамку-Мармытанку… Дарэчы, чаму гэта актыўна? Ён спіць, а значыць, не слухаецца пасіўна. Але спіць так упарта, што гэта ўсё вельмі падобна да актыўнай жыццёвай пазіцыі. Так і запішам: пакуль Мармытанчык пасіўна праяўляе актыўную жыццёвую пазіцыю (наш хлопец!) і, не прачынаючыся, дэманструе Мамцы-Мармытанцы сваё канкрэтнае “НЕ” (ну, я ж кажу, сапраўдны братка-беларус гэты Мармытанчык!)… Аб чым гэта я? А! Дык вось. Пакуль ён спіць, я вас пазнаёмлю.

Зараз на ўтульным ложку, які схаваўся недзе ў нетрах чароўнай краіны пад канспіратыўнай назвай “Алёшкін пакой”, дагледжвае шыкоўны сон пра піратаў звычайны белагаловы хлопчык, якога мама з татам клічуць Мармытанчыкам, а калі выбіраюцца ў госці – дык проста Алёшкам. Але гэта – афіцыйная версія. Насамрэч ніякага ложка і ніякіх мамы з татам няма, а ёсць вялікі старадаўні карабель пад ветразямі — галіён, і на ім – матросы, а за стырном – стары марскі воўк капітан Мармытан.

Побач з ложкам, даруйце, побач з капітанскім мосцікам прыткнулася Жырафа. Ведаеце, такая з выгляду звычайная Жырафа, з тых, якія прадаюцца ў дзіцячых крамах, з колцамі на даўгой шыі, каб дзеці вучыліся іх нанізваць адно на другое, ці штосьці там яшчэ. Але, калі вы як след распытаеце Мармытанчыка, ён, так і быць, распавядзе, што насамрэч гэта не адна Жырафа, а восемдзесят пяць братоў Жырафаў: у залежнасці ад патрэбы і сітуацыі вы можаце ўбачыць побач з Мармытанам то Рудольфа, які абяцае поспех у картачнай гульні, то Брэдэкса, які ахоўвае сны, то Грэдэкса, які адказвае за неверагодныя прыгоды, то Прэдэкса, які дапамагае з’есці маміну кашу. Сыходзячы з таго факту, што зараз гэта менавіта Грэдэкс (паглядзіце ўважліва, бачыце, якія бліскучыя ў яго вочы і хітрая пыска?), нашага героя чакае нешта цікавае.

I гэта зусім не каша.

Мармытан адплывае ў Амерыку

– Навошта табе тая Амерыка, братка Мармытан?

Нажаль, ніхто не запытаўся пра гэта ў Мармытанчыка ну хоць бы і ўчора, калі галіён павольна калыхаўся ля прычала, калі матросы закідвалі бамбукавыя вуды ў зялёную партовую ваду, калі паслухмяныя сібілі надзяваліся на хлебны мякіш і тузалі паплаўкі, маўляў, цягні ўжо, халера з табою… А сёння – позна: вакол, куды ні кінь вокам, адныя хвалі ды хмары, гойсаюць з жудаснымі крыкамі нейкія буйнакрылыя птушкі, з патаемна-задуменнымі тварамі сноўдаюць туды-сюды па палубе матросы і недзе ў свінцовай далечыні ўжо напружылася ў чаканні капітана Мармытана  невядомая Амерыка.

Грэдэкс наматаў на доўгую шыю паласаты шалік. Дарэчы, Мамка-Мармытанка давала яго Мармытану, але капітан у шаліку выглядае дзіўна, а вось жырафа ў шаліку – надзвычай натуральна.  Тым больш што Грэдэкс – жывёліна афрыканская. Няхай сабе грэецца.

– Ну, і дзе тая твая Амерыка? – паблажліва пытаецца ў мерзляка капітан.

– За пятай хмарай направа, там тры мілі наўпрост, потым за мысам Іллі налева і праз гадзіну шпаркага ходу пабачыш, – кхекаючы праз слова, адказвае Грэдэкс. А пыска ў самога ўсё роўна хітрая, хоць і смаркатая.

– Зразумеў, – сур’ёзна рэагуе Мармытан, схіляецца да трубы, якая звязвае капітанскі мосцік і машыннае аддзяленне, і камандуе:

– Поўны наперад , курс зюйд-зюйд-вест на пятую хмару!

Галіён дрыжыць, але слухаецца. Першая хмара навальваецца на самы нос, прасоўвае ў вуха бушпрыт і рыхтуецца абсмактаць рангоўт. Мармытанчык ухвальна пляскае яе па друзлым плячы: паўзі, паўзі, даражэнькая, не да цябе.

Насамрэч трэба быць занадта ўпэўненым капітанам, каб размаўляць з хмарамі запанібрата. Калі што не так – як абдасць цябе ад шчодрай душы халоднай залевай ці нават якой навальніцай, як пераломіць ўсе твае брам-сценьгі ды марс-рэі… Але ж упэўненых хмары самі пабойваюцца. З хмарамі, як з сабакамі, – ніколі не паварочвайся спіной і не паказвай страху.

Другая хмара прайшла побач, толькі дыхнуўшы ў ілюмінатары кают-кампаніі нейкім мальдзіўскім дажджом, цёплым і душным. Трэцяя нават паднялася вышэй, прапускаючы Мармытанчыкаў галіён.

Чацвёртая пацягнулася вужом: доўгая, чорная, з жоўтымі вушкамі прыдушаных сонечных прамянёў і вострым джалам маланкі, яна ўпаўзла на палубу і пачала дыхаць тоўстымі бачынамі.

– Хм, хіба вужы дыхаюць бачынамі? – пачаў успамінаць Мармытан.

Вужа ён бачыў летась у вёсцы – там жыла яго прабабка, старая-старая кабета з добрым тварам і маршчыністымі рукамі. Усе звалі яе бабай Марусяй, ну, і ён, натуральна, таксама пачаў “бабкаць”: баба, пайшлі ў ягады; баба, дай малака. Баба давала ўсяго. Калі Мармытанчык сарамліва прызнаўся, што вельмі любіць згушчонку, а маці дае толькі лыжачку ў дзень, дык баба Маруся пабегла ў краму і прынесла беднаму хлопчыку ажно пяць бляшанак. Іншы раз унучак паскардзіўся, что маці не дазваляе піць ліманад, і баба Маруся дала суседу салёную рыбіну, каб дзядзька прывалок з крамы десяць літраў “Тархуна”. Ну, а калі Мармытан наладзіў будаўніцтва пластылінавага шматпавярховіка з гаражом і верталётнай пляцоўкай, баба Маруся заказала з горада дзесяць пачкаў найлепшага пластыліну. І клопат, што згушчонкай малога ванітавала з дваццаці да дваццаці чатырох, што ад тархуна быў зялёны язык і што-нішто яшчэ, а пластылін выпадкова наляпіўся на падлогу і ададраць яго не было ані часу, ані жадання – абодва, і бабка, і ўнучак, былі бясконца задаволеныя адзін адным.

Але ж пра вужа.

Ён поўз па цёплай сцежачцы, павольна цягнучы тоўстую вяроўку свайго сытага тулава ўздоўж бабымарусіных гладыёлусаў. Так, зараз Мармытанчык бачыў гэта добра: ніякімі бачынамі вужака не дыхаў. Ён наогул не дыхаў, проста поўз сабе дый поўз. Капітан памкнуўся за ім, асцярожна, каб не напужаць, і так яны цугам дайшлі да берага Дняпра.І вуж папоўз па вадзе акі па сушы, а Мармытан так не здолеў і таму застаўся на беразе.

Цьфу ты! Пакуль Мармытан успамінаў пра вужа, ніхто не сачыў за курсам, і галіён, напэўна, ужо мінаў тую самую пятую хмару. Капітан зірнуў на неба: не, усё яшчэ паўзла ды паўзла доўгая, тлустая чацвёртая і дражнілася вострым джалам.

Дзесяць хвілін… Дваццаць… Паўгадзіны… Дзве гадзіны… Што гэта? Чацвёртая хмара ўпарта цягнула халоднае тулава праз галіён, скрабучы пузам палубу і цяжка дыхаючы пры парывах ветру. Нешта працяжна скуголіла і скавытала побач з капітанам, біла па падлозе і тузала парэнчы.

Мармытан трывожна азірнўся. Так і ёсць: замест хітрага Грэдэкса на капітанскім мосціку куксіўся Поль – самы дурны з братоў-жырафаў, страшны панікёр і баязлівец.

– Капец! Мы патонем! Здохнем! Куды ты завёз мяне, Мармытанішча! Навошта табе маё жыццё? Навошта табе тая Амерыка, нехлямяжнік? Гэтая хмара ніколі не скончыцца! Гэта вядзьмарства і капец!

На галіёне пачало дзеецца нешта незразумелае. Матросы, пачуўшы стогны і праклёны прыдуркаватага Поля, пакідалі кампасы, секстанты і астралябіі, збегліся да капітанскага мосцiка і замахалі рукамі:

–Капец! Тонем! Заблукалі! Голад!

З машыннага аддзялення загрукалі ў перагаворную трубу: што здарылася? Тонем? Страцілі курс? Нападзенне піратаў? Здрада? Ворагі, вы зачынілі нас унізе і жадаеце нашай смерці!

Галіён задрыжэў, як у ліхаманцы. Хмара паўзла і паўзла, і ў яе чорнай вантробе нешта задаволена вуркатала. Напэўна, яна паснедала Мармытанавай упэўненасцю і зараз пераварвала яе ў сытым страўніку.

І тут Мармытанчыку раптам зноў успомнілася баба Маруся.

Калі здараўся які-небудзь сапраўдны капец, яна пляскала даланямі і сурова казала:

– Ты чуў? Ты бачыў? Якую шкоду нарабілі!

І неадкладна бралася за справу. Прыгаворваючы сваё “ты чуў, ты бачыў”, яна з неверагоднай хуткасцю пачынала нешта рабіць, асабліва не разважаючы над тым, у чым сэнс, хто вінаваты і дзе ратаванне. Яна хапалася за ўсё, што трапляла пад рукі: вымятала, драіла, скрабла, вырывала, здымала і вешала, зачыняла і адчыняла. І дзіва! – неяк само сабою ўсё вырашалася, супакойвалася, сцішвалася і знікала. Гадзіна-другая – і свет вакол бабы зноў зіхацеў чароўным спакоем і грунтоўнай упэўненасцю.

Гэта было выйсце.

–  ТЫ ЧУЎ?!! ТЫ БАЧЫЎ?!! – грозна закрычаў Мармытанчык на ўвесь галіён.

Поль змоўк і вылупіў вочы.

– ЯКУЮ ШКОДУ НАРАБІЛІ!!! – зароў капітан, уздзеўшы рукі да хмарынага пуза.

Матросы здрыгануліся і пахапалі кампасы, секстанты і астралябіі. У машынным аддзяленні нехта страціў прытомнасць, потым загрукацелі шэсць пар ног, пачуліся звонкія аплявухі, галіён здрыгануўся і зарыпеў, набіраючы хуткасць.

Мармытан сурова і жорстка раздаваў направа і налева капітанскія загады:

– Драіць палубу! Узняць ветразі! Вымыць парэнчы! З’есці кашу! Пакласці матросам мяса! Выпусціць ката з кают-кампаніі! Пасадзіць папугая ў кают-кампанію! Выцерці жырафе соплі! Песню за-пя-вай!

– Пятнаццаць чалавек на куфар мерцвяка-а-а-а! – зацягнулі матросы.– Ё-хо-хо, і катлета з грэчкай….

Не азіраючыся і мармычучы пад нос бабіна “ты чуў, ты бачыў”, Мармытан цвёрдай рукой накіроўваў галіён акурат пад хвост хмары. Канца ўсё роўна не было відаць, але недзе ж ён быў, таму трэба было проста набрацца цярпення.

І выгнаць з мосціка дурнога Поля.

Амерыка, дурань і назад

Ведаеце што? Я шчыра зайздрошчу Мармытанчыку. У ягоным свеце ўсё так проста! Пажадаў трапіць у Амерыку – трапіў, пажадаў сустрэць амерыканцаў – сустрэў.І не такіх амерыканцаў, якія хрумкаюць гамбургеры, лайкаюць у Фэйсбуку ды й займаюць з ночы чэргі за пятым айфонам. А такіх, якія даспадобы самому Мармытану: суровых хлапцоў у скураных апранахах з кольтамі за паясамі і ў шыкоўных запэцканых ботах з абцасамі і шпорамі. У гэтых амерыканцаў у кішэнях заўсёды ёсць якое-небудзь гусінае горла і жаба супраць бародавак. З імі без праблем можна залезці ноччу на могілкі і выклікаць якога добразычлівага нябожчыка. Яны не пашкадуюць для сябра ліхога каня і нават падаруюць дзіравае самбрэра для капітанавай галавы. Вы здзіўленыя, што менавіта такія два амерыканцы стаялі ля берага і цярпліва чакалі, пакуль Мармытан прышвартуе галіён? Я – не. Чаго дзівіцца? Калі хто-небудзь чагосьці моцна жадае – ну вось як Мармытан жадаў трапіць у сапраўдную Амерыку – дык ён тое абавязкова здзейсніць.

Не верыце мне – запытайце ў Грэдэкса.

– Хэлоў, братка Мармытан! – узняў руку першы з амерыканцаў, белабрысы каўбой у драных штанах. – Мы чакалі цябе яшчэ пазаўчора. Сёння на абед былі скроні акулы і булён з алігатара. Калі жадаеш, яны яшчэ цёплыя!

– Хэлоў, Том! – паціснуў руку сябра стомлены Мармытан. – Ты ведаеш, крыху спазніліся – былі невялікія траблы на шляху. Давай сюды твой булён, мае матросы галодныя як ваўкі.

Пакуль мармытанава каманда наварочвае алігатара, амерыканцы і капітан сувора сядзяць на пяску і п’юць халодны кампот. Канешне, можна было б шахнуць якога віскі з якой содавай, але ж ад яго, кажуць, вельмі баліць галава і здараюцца бязглуздыя рэчы – гэта Мармытан цвёрда засвоіў з таго часу, як п’яны дзядзька Панас у бабулінай вёсцы зваліўся з адрыны і зламаў руку, нагу і рабрыну.

– Мар-мы-тан-чы-ы-ы-ык! Не пі халоднага кампо-ту-у-у! Захварэ-еш! – чуецца далёкі матчын голас.

– Не захварэю! – матае галавой капітан. – Ён цёплы! На чым мы спыніліся, май фрэнд?

Фрэнды ківаюць галовамі і працягваюць дзелавую размову. Справа сур’ёзная. Яны прапануюць Мармытану гульню: тры раўнды падкіднога “дурня” на галіён. Са свайго боку яны выкатваюць бочку булёну і даюць у дадатак двух чырвоных папугаяў.  Ну як, згода?

Ведаеце, жыццё звычайнага хлопчыка, які камандуе звычайным галіёнам – складанае і небяспечнае. Ну як яму адмовіцца ад гульні? Скажуць: слабак! І не хто-небудзь скажа, а два натуральныя амерыканцы. Гэта ж ганьба на ўвесь сусветны акіян. Мармытан азірнуўся, хаваючы роспач, і ўбачыў жырафу.

Гэта быў… Хлопцы! Дзяўчаты! Йо-х-ху! Дык гэта ж Рудольф – той самы з братоў, які прадказвае поспех у картачных гульнях!  Канешне гэта ён: чорны смокінг на рудой плямістай скуры, доўгая шыя, на якой павязана франтаватая шаўковая хусцінка, бездакорныя капытцы, на якіх вы не ўбачыце ні грама берагавога бруду… Стаіць сабе, пазірае ў бок акіяна, мармыча пад нос нейкую мелодыйку – ці то джаз, ці то “Жарцінку” Баха… Але ж чорнае вока раз-пораз збягае за вуха – зірнуць, як там капітан…

– Згода, май фрэнд!

І гульня пачалася!

Насамрэч, каб гуляць у дурня, трэба мець крыху глуздаў – гэта Мармытанчык ведаў з таго самага дня, калі ён ушчэнт прайграўся Васілю Трусу. Тады – о, дзе быў мой верны Рудольф і мая разумная галава! – давялося перадаць у поўнае валоданне Трусу і бронзавую (менавіта бронзавую, а не пластмасавую, як сцвярджае маці) выяву льва з разяўленай пашчай, і кавалак блакітнага шкла ў форме сэрца, і маленькі “калашнікаў” з набора краснаармейца (бацькава яшчэ дабро), і ў дадатак усё, што знайшлося ў Мармытанавых кішэнях. Гэта была маёмасная катастрофа – усё, прыдбанае цяжкай працай… Таму да гульні з тае пары Мармытан ставіўся вельмі сур’ёзна. І без Рудольфа нават не пачынаў.

Рудольф сядзеў побач з гульцамі і сузіраў акіян.

Смарагдавыя хвалі перакатваюцца цераз гладкія спіны прыбярэжных камянёў. Мармытанаў галіён павольна калышацца на гэтых хвалях, белыя кудзеркі якіх чапляюцца за жоўты пясок і там-сям застаюцца на ім кранальнымі плямкамі…

Вы думаеце, Рудольф будзе падглядаць у карты і падказваць Мармытану? Ці навядзе на амерыканцаў які-небудзь морак? Ці стане шаманіць альбо варажыць? Не! Рудольф – прыстойная жывёліна. Ён проста будзе сузіраць акіян. Без шуму і пылу. Менавіта так паводзяць сябе сапраўдныя жырафы, якія павінны дапамагаць сваім сябрам у картачнай гульні.

Падкідаючы чарговага валета Тому, Мармытан раптам заўважыў, як амерыканцы ўпотай пераглянуліся. Гек вылупiў вочы і крыху падрыгаў губой. У адказ Том нібыта выпадкова пачухаў патыліцу. Падманваюць! Дамаўляюцца! Махлююць! Мармытан крыху занепакоіўся і зірнуў на Рудольфа.

Рудольф сядзеў побач з гульцамі і сузіраў акіян.

А і сапраўды! Ну ці мае сэнс звычайная крыўда, маўляў, як яны маглі, яны ж мае фрэнды, я ж ім даверыўся, а яны… Насамрэч добрыя яны хлопцы, гэтыя Гек і Том, проста галіён вельмі ж сімпатычны, і Амерыка, растуды яе туды, зашмат патрабуе ад звычайных хлопцаў… Не маеш галіёна – ходзіш пешаком… Не тая справа на роднай Беларусі, што ты з галіёнам, што без яго… Карацей кажучы, шкада хлопцаў. Вунь як прыпёрла: махляваць пачалі. Але ж на кожнага хітруна ёсць управа – простая і няхітрая праўда.  І Мармытан,  з падзякай зірнуўшы на Рудольфа, кінуў на траву казырны туз.

У лагеры супернікаў пачалася лёгкая паніка. Амерыканцы ўжо пяць хвілін таму падгледзелі, што Мармытан прытрымлівае казырнага туза, і нават распрацавалі  стопрацэнтна пераможную камбінацыю, заблытаную на гэтым факце, але ж… Казырны туз пасярод гульні парушыў усе планы!  Як гэта катастрафічна – нетрадыцыйны ход пасярод варожай камбінацыі! Нас раскусілі! Мы спаліліся! Хавайся ў бульбу!

Том забірае туза… Гек пачынае хвалявацца і б’е казырным каралём звычайную бубновую шасцёрку, за якой рушыць яшчэ адна не менш звычайная, але ўжо непераможная шасцёрка пік… Забраў… Дзве дзесяткі і туза ў адказ на прадказальны казырны туз… Забраў… І пагоны з сямёрак на Гекавы плечы – на, трымай, братка амерыканец! Бачыў ты мой галіён!

Рудольф узняўся і пакрочыў да акіяна. Каманда галіёна, насёрбаўшыся булёна з алігатара, валялася пузамі дагары на цёплай амерыканскай траве. Два чырвоныя папугаі ў залатой клетцы ківалі хахлатымі галовамі: “Гань-ба! Гань-ба! Дур-р-р-ні! Дур-р-р-ні!”

Трэба было збірацца дадому.

Тунец для маці

А гасцінцы?

Дадому з Амерыкі – і без падарункаў?

Не-е-е, такога капітан Мармытан дазваляць сабе не збіраўся. Канешне, магчымых варыянтаў у яго была поўная кішэня: і тое самае гусінае горла, якое Том дадаў да выйгрышу, і залаты гузік, і празрысты кругляшык з невядомага матэрыялу, у якім затаілася нейкая жоўтая істота… Але ж залатымі гузікамі маці не здзівіш, а Мармытанчык, як вы ўжо здагадаліся, вельмі ж любіў здзіўляць. Асабліва маці.

Таму было вырашана злавіць для яе тунца.

Што такое тунец і дзе ён сядзіць, ні Мармытан, ні яго бравая каманда не мелі ніякіх звестак. Але ж гучала грунтоўна: тунец. А раз тунец, значыцца рыба. А калі рыба, то і лавіць яго трэба, як усялякую рыбу: рукамі, ноччу, з лодкі,у кустах.

Вы не ведаеце, як ловяць рыбу рукамі ноччу з лодкі ў кустах? Ну, мае даражэнькія, значыцца, вы нічога не ведаеце ні пра рыбу, ні пра жыццё.

Слухайце.

Як толькі на раку апускаецца ноч і на хвалях з’яўляецца дрыготкая дарожка ад месяца, рыба кладзецца спаць. Мармытан,канешне, не ведаў, як і дзе спяць усе дняпроўскія рыбы, але ж наконт акунёў, падлешчыкаў, платвы і язёў ведаў дакладна: яны заплываюць пад куст ці зваленае ў ваду дрэва, прытыкаюцца носам да ствала ці карэння, уладкоўваюцца паміж слізкіх галінак і спяць. Некаторыя нават пахропваюць. Па-свойму, канешне, па-рыбінаму. Трэба ціха-ціха падплыць да куста ці дрэва на лодцы, ціха-ціха скочыць у цёплую ваду, крадком падыйсці бліжэй і сунуць руку ў раку. Пакуль ты ціхенька мацаеш рукамі абсягі  рыбінай спальні, тыя, хто сядзяць у лодцы (а там народу, мама дарагая: розныя дзяўчаты, дзяды, маленькія хлопцы і іншыя аматары начной рыбалкі), так, тыя, хто ў лодцы, затойваюць дух і рыхтуюць нізалкі з вярбы. Нізалка – гэта такая лазінка ў выглядзе літары “У”: прасоўваем галоўную галінку праз рыбін рот і зябры, і здабыча засынае, надзейна прышпіленая да яе .

Р-р-р-раз! – лавец вырывае руку з ракі, стойваючы пераможны крык, размахваецца і шпурляе нешта ў лодку. Яно ляціць, нібыта срэбны месяцовы блік, які збег з дрыготкай дарожкі і скочыў у начное неба над лодкай, ляціць і раптам пераўтвараецца ў плотку ці тлустага паласатага акуня. Тыя, хто ў лодцы, нервова ўцягваюць паветра і разам з ім калючых камароў: толькі не міма!

Шлёп! – рыбіна падае на дно лодкі. Каму бліжэй, хапае – і на нізалку.

І ўсё гэта ціха-ціха-ціхесенька.

Таму што рыба не павінна прачнуцца.

Вось прыкладна так і ўяўляў сабе капітан паляванне на тунца. Канешне, калі б Мармытанчык чытаў адну найцікавейшую кніжку аднаго барадатага пісьменніка, тую, дзе ці то стары злавіў тунца, ці то тунец злавіў старога, яму наўрад ці наогул прышло б такое ў галаву. Але да той кніжкі ён пакуль што не дарос, і з гэтай нагоды настрой меў выключна аптымістычны.

Але ж дзе ў акіяне  кусты?

Галіён павольна плыў уздоўж залатога берага, камяністых мысаў ды травяністых бухтаў, але нідзе не было бачна ніводнага куста. Ну, і дзе ж тут спяць іхнія амерыканскія тунцы?

– Што рабіць будзем, братка Грэдэкс? – разгублена запытаў Мармытанчык у жырафы, якая, між іншым, караскалася на брам-сцяньгу, каб разгледзець птушыныя сцежкі ў блакітным небе.

– Ага? Чаго? Як? – пракрычаў Грэдэкс з верхатуры.– А можа, чорт з ім, з тунцом гэтым? Злаві лепей для маці якую ракавіну з якой перлінаю, тунца таго яшчэ абдзяры, рассячы, прыгатуй!

– Але ж я вырашыў тунца! – крыкнуў Мармытан і зразумеў, што адмаўляцца ад задумы не будзе. Як вырашыў – так і зробіць.

Дарэчы, я не сумняваюся, што капітан зловіць сваю рыбіну – не было яшчэ такога, каб Мармытан сказаў, ды не зрабіў. Але ж я, у адрозненне ад Мармытанчыка, тую кнігу пра тунца чытала, і мне рыбіну гэтую шкада. Каб вы ведалі, тунцы – шыкоўныя рыбіны. Вялікія, амаль пад тры метры ад галавы да хваста, з блакітнай лускою срэбнага бляску, пругкія, моцныя, сапраўдныя марскія гаспадары. Пыса ў тунца  – ці як там называецца рыбін твар? – крыху дурнаватая, але сімпатычная, і нагадвае ён нашу звычайную карову, якая плыве сабе па травяным лузе, падплывае да тлустых дрэваў, чэша плямісты бок, зрывае мяккімі вуснамі лакіраваны кураслеп і вяртаецца на ранейшы курс. Ну як злавіць такую істоту? Як выцягнуць яе з акіянскай глыбіні? Як падчапіць жалезным круком пад жабры і аглушыць палкай па чарапушцы? Не, даражэнькі мой Мармытанчык, ніякіх тунцоў. Пакуль што я тут камандую. І мне трэба нешта прыдумваць.

І я бачу, што Грэдэкс цалкам са мною згодны. Вось ён лоўка з’язджае з брам-сцяньгі на палубу, б’е капытамі нейкую вар’яцкую чачотку, падтанчвае да капітанскага мосцiка і пачынае галасіць на ўсю моц:

– Піраты!

Вы толькі пабачце!  Распрастаўшы чорныя ветразі, ашчэрыўшы драпежную пастку бушпрыта, узняўшы на гюйсштоку свой славуты Роджэр-Рагатун – чорны сцяг з  чэрапам і косткамі, – нясецца нацянькі стары пашарпаны карвэт капітана Флінта.

– Свістаць усіх наверх! – імгненна рэагуе капітан. – Гарматы рыхтуй! Трохфунтовым за-ра-джай! Прыцэл тры на пятнаццать зюйд-зюйд-вест!

Дарэчы, мармытанавы дзядуля – стары ваяка-артылерыст. Таму піратам зараз прыйдзецца цяжка. Нават калі вам падалося, што капітан аддае каманды, якіх не бывае ў сапраўдных артылерыстаў, не хвалюйцеся. Галоўнае, што Мармытана выдатна разумее матрос, які зараз таўчэ шомпалам вялізны зарад у жэрале гарматы.

– Баммс-ссссссс-бууул-тых! – пірацкі карвэт імчыцца хутчэй за Мармытанавыя каманды, і першы снарад булькае ў ваду далёка ад ягоных бартоў.

– Прыцэл тры на адзінаццаць, трохфунтовым за-ра-джай! – і матрос прытыкае запаленую паходню да гарматнай запальніцы.

– Баммс – ссссссс – джах! – тры піраты звальваюцца з карвэта і пачынаюць біць рукамі па вадзе ў жудаснай істэрыцы.

– Баммс – сссссс – джах-джах! – і пірацкі бушпрыт ляціць у акіянскую хвалю.

Але карвэт ужо зусім блізка, і Мармытан ледзь паспявае адскочыць ад жалезнай лапы абардажнага крука, які ўпіваецца ў парэнчы капітанскага мосціка.

– На абардаж! – чуецца рык капітана Флінта, і з карвэта на галіён чорным гарохам пачынаюць сыпацца піраты.

– Біцца! – крычыць Мармытан, выхоплівае абардажную шаблю і кідаецца ў вір бойкі.

Ці хопіць у мяне, звычайнай жанчыны, словаў, каб апісаць абардажную бойку? Калі высакародныя доны, сэры, пэры і афіцэры равуць і выюць не горш за нямытых піратаў, калі свішчуць шаблі ды павіскваюць корцікі, калі грукоча пад ботамі палуба і стогнуць пад пірацкімі пятамі карабельныя сходні, калі паўсюль б’юцца, піхаюцца, ламаюць і валяцца на падлогу раз’юшаныя матросы? Хто з вас заходзіў у пачатковую школу на вялікім перапынку, калі ўсіх настаўнікаў выклікалі на педсавет, а Пятроўскі плюнуў у бок Васюковіча?.. Прыкладна тое самае адбываецца зараз на Мармытанавым галіёне. Між іншым, калі б Мармытанаў тата бачыў, як самааддана б’ецца капітан Мармытан, ён бы задаволена пацёр рукі і сам бы схапіўся за які корцік ці проста палку.

Але і без таты перамога вось-вось будзе за Мармытанавай камандай: палова піратаў блёхаецца за бортам галіёна, молячы аб дапамозе, іншыя валяюцца пад рэямі, хтосьці затрымаўся на камбузе і атрымаў чапельнікам па мазгаўні…  Пірацкі карвет, прышпілены да бока галіёна абардажнымі крукамі, сумна калышацца на хвалях, чырванеючы за сваіх байцоў. На капітанскім мосціку пад Роджэрам-Рагатуном сядзіць пануры капітан Флінт.

Нарэшце ён падымаецца, шкандыбае да парэнчаў, бярэ ў рукі пагнуты бляшаны рупар і крычыць:

– Гэй! Мармытан! Твая перамога! Хопіць валтузіць маіх хлопцаў! Я гатовы даць табе выкуп за кожнага з іх і яшчэ бочку булёна з алігатара тваім матросам падсілкавацца!

– Кідай біцца! – задаволена камандуе Мармытан. – Там, на камбузе, мыйце посуд – снедаць будзем!

Як-ніяк піраты вышкрабліся з галіёна і ўжо цывілізаваным шляхам, выкарыстоўваючы дошкі,а не абардажныя крукі, зноўку вярнуліся да Мармытана з двума велізарнымі куфрамі: гэта і быў Флінтаў выкуп.

– Налятай, хлопцы! – велікадушна махнуў рукой капітан. – Ваша здабыча.

Чаго толькі не было ў куфрах! І калекцыйныя мадэлі даваенных аўтамабіляў, і салдацікі ў вайсковых мундзірах напалеонавай і калумбавай армій, і дзівосныя гарэхі ў адмысловай шкарлупіне, і гумавыя змеі і…

– Капітан! Глядзі!

Грэдэкс, які сунуў пысу ў самую гушчу дзяльбы, пераможна трымаў у зубах срэбны кулон на тонкім ланцужку. У промнях сонца кулон блішчэў і пераліваўся, нібыта блік, які скочыў з сонечнай дарожкі і пабег у аксамітавае вечаровае неба над галіёнам. Пругкае цела з блакітнай скурай, дурнаватая, але сімпатычная срэбная пыска… Тунец!

Мармытан акуратна заматаў каштоўную рыбіну ў насоўку (бывае ж такое – і насоўка спатрэбіцца! Ніколі не разумеў Мармытан, навошта маці раскладвае гэтыя клятчастыя анучачкі па Мармытанавых кішэнях, але глядзі ж ты – як знайшоў!).

Цяпер можна вяртацца.

Калі каровы былі

Калі дарослым выпадае нагода паэтычна апісаць дзяцінства, яны раз-пораз кажуць: “Ну-у-у, гэта было тады, калі дрэвы былі вялікімі”.

Не ведаю, як вы, а я не памятаю, якія там у дзяцінстве былі дрэвы.

Затое я памятаю, якімі былі каровы, якіх мы пасвілі разам з татам кожнае лета, калі прыязджалі да бабулі. Баба наўмысна мянялася чэргамі з суседзямі, каб яе радоўка прыходзіўся на нашыя вакацыі.І мы надзявалі высокія гумавыя боты, бралі спецыяльна пашытыя для гэтага выпадку торбы, абавязкова ўзбройваліся пугамі і выпраўляліся ў каровін паход. А яшчэ было: а шостай гадзіне раніцы баба Ліда аб’язджала ўсе двары на грукастым возе, збіраючы ў вялікія алюмініевыя бідоны сырадой, які панадойвалі гаспадыні. І мы ўскоквалі з ложкаў, узбіраліся на воз і прыхіналіся спінамі да цёплых бідонаў…

Сёння кароў у вёсках няма. Адна-другая блукаюць па пыльных ваколіцах, скубуць чэзлую траву…Ну не наймаць жа пастухоў і бабу Ліду на дзве каровы!

А як кароў няма – так і дзяцінства няма.

І якія там дрэвы…

Ой, даруйце мне, старой цётцы, нешта павяло мяне ўбок. Зусім як той галіён, якім кіруе стомлены Мармытанчык: навокал ноч, акіян і вецер, а да дома яшчэ далёка.

– Раніцай станем у бухце Старой Каровы, – звяртаецца Мармытан да Стодэкса, таго з братоў-жырафаў, які дапамагае не спаць.

– Канешне, капітан! – ківае галавой Стодэкс. – У бухце Старой Каровы навалам грыбоў і суніц. Зараз напляцем кошыкаў з лазы і пойдзем збіраць!

– Ну які ж ты неўтаймоўны, Стодэкс! – уздыхае Мармытан, зусім як Маці-Мармытанка, калі бачыць свайго Алёшку сярод ночы з ліхтарыкам і кніжкай пад коўдраю. – Якія кошыкі, якая лаза, якія грыбы? Нам бы заваліцца дзе пад кустом і паспаць!

Тут Мармытан успамінае, што апошні раз спаў ва ўласным ложку ва ўласным пакойчыку пад ціхі звон кухоннага посуду, які даносіўся з-за зачыненых дзвярэй – мама гатавала кашу.  Зараз Мармытанчыку не спатрэбіўся б нават Пэдэкс, тая самая жырафа, якая дапамагае есці карыснае, але нясмачнае: маміна каша ўсё ж такі лепей за бясконцы булён з алігатара.

Сапраўды, нашаму герою пашчасціла плыць міма бухты Старой Каровы!

Хруп-хруп-хруп… Гэта галіён шкрабе пузам па жоўтым пясочку. Прыплылі. Бухта…

Калі вы аднойчы будзеце праплываць менавіта ў гэтых шыротах – недзе побач з трыццаць сёмым мерыдыянам – абавязкова завітайце ў бухту Старой Каровы. Тут жоўтыя берагі размаляваныя стракатымі срэбна-зялёна-жоўта-блакітнымі вербамі, аздобленыя зялёнай смугой духмянага гарошка, дапоўненыя купкамі дзікай мяты і засланыя смарагдавай травой. Па гэтых берагах,канешне ж, павольна соваюцца чорна-белыя каровы, вельмі занятыя важнымі справамі: яны скубуць траву (хруп-хруп-хруп), чухаюць бакі аб дрэвы (шшшшых-шшшшых-шшшшых), заходзяць у ваду (плёх-плёх-плёх) і зрэдку перакідваюцца паміж сабой якімі словамі (м-м-м-м-м-м-ууу). Калі вы паважаеце сапраўдны сырадой, дык можна папіць яго ў прыбярэжнай кавярні, дзе таксама падаюць варэнікі з вішнямі і круглыя булкі з чарніцамі, але і для тых, хто сырадой не лічыць за напой, таксама адшукаецца смаката: у бухце Старой Каровы гатуюць самы смачны ў свеце тархун.

Мармытан і матросы разваліліся на цёплым пяску. Нехта адразу захроп, нехта ўперыўся ў блакітнае неба без аніводнай аблачынкі, нехта пачаў доўгую, але займальную будоўлю камфартабельнага палаца з мокрага пяску. Мармытан хуценька саслаў неўтаймоўнага Стодэкса ў тэрміновае выгнанне за малінавы куст і неадкладна заплюшчыў вочы. Што не кажы, а капітан павінны быць бадзёрым і адпачнуўшым.

– Бззззззз…. Бзззззз…. Бзззззз…

Ну, канешне! Там, дзе каровы, як без мух? Вось яны, нахабныя чорныя камячкі, пікіруюць на голыя пяткі капітана і пачынаюць шпаркенька перабіраць па нагрэтай скуры сваімі халоднымі лапкамі.

– Стодэкс! Стодэкс! Ты дзе?

– Тут, мой капітан! – жырафа імгненна перарвала сваё малінавае выгнанне і радасна заскакала перад сонным Мармытанчыкам.

– Стодэкс! – прамармытаў той, зноўку валячыся на траву, – адганяй ад мяне мух!

Вы калі-небудзь бачылі расчараваную жырафу? Ну такую, каб на твары ў яе адначасова былі намаляваныя і крыўда, і боль, і жаль, і знявага? Не? Тады глядзіце на Стодэкса, пакуль ён пераварвае агідныя словы капітана. Лепей ужо маліны ў спёку збіраць, насамрэч, чым… Эх, жыццё звычайнай жірафы поўнае непаразуменняў і паразы.

Але ж загад ёсць загад. Мух – значыцца мух. Стодэкс становіцца задам да капітана, уздымае дагары хвост і пачынае весела, з разбойніцкім свістам ім круціць:

– Йе-х-ху! Мухі-камары-сляпні кашлатыя, пайшлі адсюль! Ану, кыш, праклятыя, ану, пайшлі! Йех-х-ху!

А-яй-яй, Мармытан, гэта была твая стратэгічная памылка – адазваць Стодэкса з малін.

Але ж прыйдзецца прачынацца. Побач са Стодэксам спаць нерэальна. Нават мухі разбегліся.

– Эх, Стодэкс! Ты хаця б малін набраў ці што… – незадаволена мармыча капітан. – Збіраемся, хлопцы, вецер мацнее.Аддаць швартовы, права руля!

І галіён павольна здымаецца з жоўтай касы, на якой амаль сядзеў пашарпаным днішчам, разварочваецца носам да хвалі і накіроўваецца ў мора.

Вечар, які ператвараецца ў ноч

– Які ж ты неўтаймоўны, Мармытанчык! – кажа маці і гладзіць Алёшку па белабрысай галаве. – Ну, дзе гайсаў цэлы дзень? Я нават не бачыла цябе сёння зусім, сынок!

– Там, – маша рукой некуды ўбок капітан, – гуляўся з хлопцамі. Дарэчы, мам, глядзі, што ў мяне ёсць! Гэта табе! – і Мармытанчык працягвае  ланцужок з кулончыкам у выглядзе маленькай рыбкі.

– Ты пабач! Сынка! Дзе ж ты яго знайшоў! А я ўжо тыдзень ланцужок гэты шукаю, ніяк знайсці не магу! Гэта ж твой бацька некалі падараваў мне на рамантычным спатканні! Ой,Алёшка, якое ж у цябе вострае вока! А я ўжо надзею згубіла, думала, мо скраў хто ў мяне тую рыбіну…

– Мо і скраў, – згаджаецца Мармытанчык. – Але ж бяры і больш не губляй.

– Не буду, Алёшка! – усміхаецца маці.

Капітан уздыхае і з выглядам надзвычай стомленага чалавека крочыць у свой пакой.

За вокнамі павольна, але непазбежна разліваецца глыбокая сінеча. Яна цямнее, глыбее, расцякаецца па шкле і  ўрэшце рэшт кладзе галаву на падваконнік. Галіён ціха-ціха калышацца ў гэтай сінечы, пагрукваючы раз-пораз якарным ланцугом…

Вечар ператвараецца ў ноч.

Tags:

Еще нет комментариев.

Оставить ответ