PUNKS NOT DEAD

PUNKS NOT DEAD

Сяргей КалендаСяргей Календа – пісьменьнік, культуроляг, рэдактар, аўтар чатырох кніг прозы, кнігі казак. Нарадзіўся ў Капылі, Мінская вобласьць, Беларусь, 15.03.1985. З маленства жыве ў Мінску. Мае вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці культуроляг-гебраіст. Скончыў БДУ, Факультэт міжнародных адносін. Скончыў Аддзяленьне Літаратуры й Філязофіі Беларускага Калегіюма пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Зьяўляецца стваральнікам і галоўным рэдактарам часопіса сучаснае беларускае прозы і мастацтва “Макулатура”, які распрацоўвае сумесна з мастаком Васілісай Паляніна-Календа. Часопіс “Макулатура” () сваёй мэтаю ставіць разьвіцьцё сучаснай беларускай культуры, выхад па-за моўныя межы й цэнзуру.

 

PUNKS NOT DEAD

Віталю Л.

 1.                Аўтобус з лайном

         Як гэта было з аўтобусам нумар 313? Мы, нашая кампанія падлеткаў, якія былі амаль ад нараджэння перманентнымі фанатамі менскага Дынама й клюба БАТЭ, пілі “Крыжачок” і гралі ў панкаўскія гульні кшталту “рамонка” альбо зачыняліся ў пакоі, выключалі святло і харкаліся ў розныя бакі, потым уключалі святло й лічылі пляўкі на сваім адзенні й скуры, і той, хто быў больш запляваны, выйграваў. У нас не было кампутараў, мы не цікавіліся тэлевізарам, мы мала чыталі, але ў нас была нашая музыка, правілы вуліцы, свае ўласныя законы анархіі й гісторыі… шмат гісторыяў, кожны з нас імкнуўся стаць майстрам аратарскай справы. Печань, так звалі аднаго з нашых, ён абышоў у гісторыях усіх, распавёўшы падзею пра тое, як п’яны гопнік піў піва й нават не заўважыў, што яму ў паўлітровую плястыкоўку па-прыколу нахаркалі саплёў сябры, так ён амаль да канца й дапіў бы, але ж на апошнім глытку соплі зацягнула ў горла й ён пачаў ванітаваць… Цуд, а не гісторыя!

         Такім чынам, калі Печань стаўся майстрам апавяданняў, Нерв стаўся майстрам граць на гітары й спяваць брудныя й жорсткія песні… Верабей стаўся майстрам пітва, а я вырашыў стацца генератарам ідэй, бо падставаў для новага й свежага баўлення часу было багата.

         Нашым месцам сустрэч быў лесапарк, праз які зрэдчас праходзіў хуткасны аўтобус нумар 313, ён спыняўся на прыпынку й потым ішоў пад невялічкі пешаходны мост, які яднаў дзве паловы парку, мост быў танюткі, меў невысокія парэнчы ў выглядзе турэмных рашотак і замест вадастокаў простыя дзіркі па краёх, у якія, каб не запашавацца на мосце, сцякала дажджавая вада.

         Кожным разам мы ездзілі па вечарох на гэтым аўтобусе і праз раз натыркаліся на злоснага кіроўцу, які, гледзячы па ўсім, хацеў быць настаўнікам, богам альбо выхавацелем для нас… Тое, як ён сябе паводзіў, нас абурала, але адначасова яднала яго з іншымі пасажырамі. “Ездзяць яны тут без квіткоў, грэбаная моладзь! Брудныя вунь якія! Лепей бы месцы саступілі ветэранам і пенсіянерам!” — звычайна ён на прапынку спыняўся, высоўваў свой твар праз вакенца выдачы квіткоў і роў на нас, а мы толькі смяяліся з яго, а іншыя пасажыры ківалі галовамі, пагаджаліся з кіроўцам. Але якая магла знайсціся на нас управа?!

         Адным волкім вечарам, калі мы ўсе стаялі на прыпынку й чакалі 313-ага “Чырвоны Бор – Лесапарк”, аўтобус праехаў паўз наз, мінуўшы прыпынак. Мы падумалі што гэта нейкая выпадковасць, хтосьці прапанаваў ідэю, што прыпынак перанеслі альбо адмянілі праз тое, што аўтобус «хуткасны”.

         Праз два дні гэта паўтарылася… праз тыдзень ізноў…

         Аднойчы Печань, праходзячы здалёк у абед, пабачыў як 313 спыніўся на нашым прыпынку й забраў пасажыраў. І нам усё стала зразумелым! Значыцца, ва ўсім вінаваты той самы кіроўца, той злосны псеўдавыхавацель!

         Як мы на яго раззлаваліся!

         Хтосьці прапанаваў яго адлупцаваць, добра так скруціціь, зняць штаны й адлупцаваць, каб сорамна яму было ўсё жыцьцё. Хтосьці прапанаваў пераапрануцца, патрапіць у салон аўтобуса і закідаць яго дзярмом.

         Тым разам, калі сыпаліся прапановы, адбыўся мой зорны час. Я прапанаваў забрацца на наш пешаходны мост у парку, і праз дзіркі ў мосце насраць на аўтобус.

         Прапанову прынялі, пралічылі бліжэйшы працоўны дзень кіроўцы, ніхто да вечара не хадзіў у прыбіральню, усе трывалі.

         Час Ч надышоў а сёмай вечара, калі цені сталі доўгімі, і апалая восеньская лістота набыла шэры колер, я, Печань, Верабей і Нерв, зняўшы штаны й майткі сядзелі кожны над сваёй дзіркаю, праз колькі секунд мусіў рухацца ў наш бок аўтобус, ён толькі што, паводле графіку ад’ехаў ад прыпынка й праз адзін паварот мусіў апынуцца пад мастом.

         Дзесяць, дзевяць, восем, сем, шэсць, пяць, чатыры, тры, два, АДЗІН! Давай!

         Я закрычаў і ўсе мы пачалі выціскаць з сябе доўгачаканыя кіўбаскі… першым выпаражніў кішэчні Верабей, і ягонае лайно патрапіла акурат на лабавое шкло аўтобуса, за ім праз секунду Нерв – трапіўшы на дах, Печань пакутаваў на “жыдкі стул” і неверагодна смярдзючым струменем, падобным на аўсяную кашу, трапіў акурат у прыадчынены люк аўтобуса, я дадаў прыгажосці, размазаўшы сваё дзярмо па заднім шкле.

         Адразу пасля таго як лайно пачало бамбардзіраваць аўтобус, мы пачулі віскат тармазоў, скрыгат, крыкі, лаянку. Мы былі задаволеныя тым, як ладна спрацавалі разам, падцягнулі майткі й джынсы ды з крыкамі й рогатам кінуліся ў змрочныя цені ляснога парку, так нас і бачылі.

         З таго вечара мы больш не хадзілі па маршруце 313 і не трапляліся на вочы злому кіроўцы. Мы сталіся героямі ў сваім раёнё, усе казалі, што мы ладна правучылі злоснага мужыка. А тым часам, як усе нас хвалілі, міліцыянеры шукалі нас па парках і завулках, па пад’ездах і дахах, мы знайшлі новае месца вячэрніх тусовак, і гэтае месца сталася чароўным.

 

2.                Салёны жоўты дождж

         Стадыён Дынама, той самы знакаміты футбольны стадыён, быў для нас не толькі месцам заўзятарства, боек і гандлёвых кропак адзеньня, дзе зрэдчас магчыма было знайсці шапік для панкаў і мэталістаў, для нас Дынама быў яшчэ й штабам. Чатыры асвятляльныя гмахі, што стаялі навокал футбольнага поля, былі самым сапраўдным Месцам, прытулкам для нашага пакалення з суседняга раёну. На верхатурах, за тысячаватавымі лямпамі, мы пілі, цалаваліся з нашымі дзяўчатамі й спалі, бавілі лепшыя свае гады.

         Мэталічная канструкцыя лямпаў настолькі пасавала нашаму ўяўленьню Таго Самага Месца, што Печань нават прынёс туды некалькі чорных пледаў, стары магнітафон з батарэйкамі й попельніцу.

         Усё ў нас было файна, ахоўнікі нас не бачылі, кантрольны электрык наведваўся вельмі рэдка, правяраў перад матчам лямпы й калі натыркаўся на нас, піў за нашае здароўе дармовае піва, дзякаваў і знікаў. Нам было лагодна, нам было цудоўна, нам было сьветла, нягледзячы ні на што.

         Галоўным баўленнем часу было, вядома піва, панк-рок і гутаркі… Але ні з чым не параўнаць чаканне ўсходняга ветру, таго самага ветру, які акурат дзьме табе ў спіну, калі ты, напіўшыся піва, счакаўшы да самага-самага, калі мачавы пухір ужо цісне на скроні, не толькі на жывот, падхопліваешся з месца й пачынаеш тлуста ссаць з верхатуры, а сябры, кінуўшыся да скраю, назіраюць, як твая мача разлятаецца на дробныя кроплі й вецер яе нясе акурат на гандлёвыя кропачкі, дзе, як звычайна, багата пакупнікоў… Грыбны дождж! Грыбны дождж! Надвор’е яснае, абед, субота.

         Жывуць панкі! Жыве Дынама! Жыве маладосць!

Лістапад 2012

Мінск

Tags:

Еще нет комментариев.

Оставить ответ