Сястра. Дзяўчына. Кухарка.

Сястра. Дзяўчына. Кухарка.

Сяргей Календа

Сяргей КалендаПісьменьнік, культуроляг, рэдактар, аўтар шасьці кніг прозы, кнігі казак і раману. Нарадзіўся ў Капылі, Мінская вобласьць, Беларусь, 15.03.1985. З маленства жыве ў Мінску. Мае вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці культуроляг-гебраіст. Скончыў БДУ, Факультэт міжнародных адносін. Скончыў Аддзяленьне Літаратуры й Філязофіі Беларускага Калегіюма пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. Зьяўляецца стваральнікам і галоўным рэдактарам часопіса сучаснае беларускае прозы і мастацтва “Макулатура”, які распрацоўвае сумесна з мастаком Васілісай Паляніна-Календа. Часопіс “Макулатура” (www.makpaper.com) сваёй мэтаю ставіць разьвіцьцё сучаснай беларускай культуры, выхад па-за моўныя межы й цэнзуру.

 

ТРЫ ГАТЭЛЬНЫЯ ГІСТОРЫІ

(З кнігі “Усё Ўлічана. All Inclusive”)

 

СЯСТРА

Як бы ні адбываюцца ў сьвеце войны, прыродныя катаклізмы ці эпідэміі, усё адно прырост насельніцтва ідзе ў геамэтрычнай прагрэсіі. У адным месцы людзі паміраюць, у іншым іх нараджаецца ўдвая, а то і ўтрая больш. І кожны з нас мае калі ня брата ці сястру, то кузэна ці кузыну, калі ня кузэна ці кузыну, то дзядзьку альбо цётку… Выпадак Ніндзі не выключэньне, нават наадварот: такія людзі, як ён, маючы мільёны, раскіданыя па банках Эўропы, аточаны толькі сваякамі і вельмі набліжанымі сябрамі, якіх таксама акрамя як сваякамі й не назавеш. Бізнэс кіруецца сям’ёю, бізнэс перадаецца па сваяцтве, за бізнэс перажываюць адразу пяць буйных сямействаў, і патэнцыйнымі будучымі ўладальнікамі сэткі гатэляў лічацца адразу 22 хлопцы і 13 дзяўчат. Што тут скажаш, яны ў любым выпадку мусяць спачатку пасталець і дачакацца сьмерці ня толькі Ніндзі, але і ягонай сястры Хундзі.

Хундзя не кіруе гатэлямі і пра гатэльны бізнэс ведае столькі, колькі ёй дазваляюць набліжаныя да Ніндзі калегі і інвэстары. Такім чынам, Хундзя існуе дэ-юрэ, але дэ-факта яна з гэтым даўно не лічыцца.

 

Нам сказалі, што на тыдзень мусіць прыехаць сястра Ніндзі. Яна ні разу не была ў Менску, і нам трэба быць заўсёды падрыхтаванымі да нечаканасьцяў.

– Якіх нечаканасьцяў?!

– Ну, пані Хундзя можа ўкусіць, – прамовіла галоўны мэнэджар Міхаліна.

– Што?

– Кажу: пані Хундзя можа ўкусіць, таму не палохайцеся, зрабіце выгляд, што нічога не адбылося!

 

“Калі яна мяне ўкусіць, я выб’ю ёй зубы, і похуй на тое, што адбудзецца потым!”

– Скажыце, а яна не заразная? Калі кусаць будзе, нам зробяць уколы ад шаленства ці там ад “гатэльнай сямейна-клянавай хваробы”?

– Так, давайце бяз жартаў, я сур’ёзна… У нас, можна сказаць, у гатэлі па ўсіх сэкцыях, інстанцыях, нумарах і паверхах – ваеннае становішча, камэнданцкі час, бо калі для вас раней наш дзядуля падаваўся старым і злосным, то вы проста ня бачылі яго роднай сястры! Карацей, ахтунг! Усе сабраныя, пры парадзе і з усьмешкамі на тварах!

 

Хундзя прыляцела на сваім прыватным самалёце, акурат і проста зь Нью-Ёрку, дзе наведвала наш манхэтанскі гатэль і, без сумневаў, ябала пэрсанал усім, што траплялася пад руку… Яе адразу прывезьлі ў гатэль, і на руках, літаральна на руках – з двух бакоў, трымаючыся “пад ручкі”, павесіўшы на ахоўнікаў сваё маленькае, са сьпіны нібыта дзіцячае цела, – пані Хундзя паляцела празь лесьвіцы й паверхі ў прэзыдэнцкі нумар.

Заўвага. Калі Хундзя пад’ехала да гатэля, першае ейнае распараджэньне было: “Прыбраць з холу гатэля ўсіх людзей, пастаяльцаў, бэлбояў і з хостэсу пакінуць толькі адну дзяўчыну, але самую прыгожую, і каб яна не высоўвался з-пад рэцэпцыі, пакуль я сама не папрашу”.

Такім чынам, пад рукі з двума СВАІМІ ахоўнікамі Хундзя праляцела, як прывід, амаль нікім не заўважаная, у свой нумар.

 

Другое распараджэньне: “Пакуль мая пэрсона будзе ў ванным пакоі, у нумар абавязкова прынесьці сьвежую садавіну, цёплы круасан і цёплае малако зь мёдам, але прынесьці так, каб я гэтага ня чула і нікога ня бачыла, бо мы хочам адпачываць у ванным пакоі”.

 

Варта дадаць, што Хундзі за дзевяноста, але выглядае яна на семдзесят. З кіпцюрамі драпежніка, вельмі хударлявая, ссушаная, як чарнасліў, як мумія. Ніхто не разумее, як магчыма такі прывід пакінуць сам-насам у ванным пакоі: захлынецца гэтая фашыстка – і што рабіць будзем? Што скажам Ніндзю, калі ўвесь пэрсанал гатэлю паставяць ва ўнутраным дворыку да сьценкі і ўсё, што застанецца апошняй карцінкаю перад сьмерцю, – руля аўтамата й чырвоны, наліты злосьцю твар Ніндзі… ПОМСТА!

 

Раніца, ваза з садавіною была прынесеная, афіцыянтка пракралася па пухнатым паласавым пакрыцьці ў ваўняных зімовых шкарпэтках, ахоўнік басанож за ёю… Але яны не сышлі адразу, спыніліся каля дзьвярэй ваннага пакою, прыслухоўваюцца. РАПТАМ пачулася, як хтосьці плюхаецца ў вадзе.

ЖЫВАЯ!

Афіцыянтка і ахоўнік як пушынкі – з нумару ў калідор. А ў калідоры іх ужо чакае Міхаліна.

– ЖЫВАЯ! – разам адказваюць афіцыянтка і ахоўнік.

– Цудоўна, цяпер празь дзесяць хвілін нясем малако й мёд!

Хундзя памылася, выйшла з ванны, зьела банан, папіла малако, на круасан нават не паглядзела і абвясьціла, што зьбіраецца спаць гадзіну, але пакуль яна будзе спаць, ёй мусяць прынесьці першы сьняданак, але таксама каб яна нікога ня бачыла і ня чула.

 

Наперадзе цэлы тыдзень! Тыдзень! Самы сапраўдны тыдзень вар’яцтва!

 

Пасьля абеду Хундзя папрасіла да сябе ў нумар кухара, які гатаваў ёй ежу.

Усё, гамон, адразу паляцелі чуткі, што зьявілася першая ахвяра! Бедны кухар, бедны італіец! Такі цудоўны быў мужчына! Бедны Агусьціно Бальтасарэ!

 

Хундзя пабачыла кухара, павольна да яго падышла, ну як той курдупель Цахес, ну копія! Падышла яна да яго, узяла пад руку і наказала зрабіць ёй экскурсію па гатэлі!

Агусьціно працуе тут шэф-кухарам год, дасканала ведае нулявы паверх і ўсе свае тры кухні, але якая экскурсія па гатэлі? Італіец з дрыготкаю ў нагах папрасіў у дапамогу кагосьці з мэнэджараў. Хундзя паглядзела ў глыбокія цёмныя вочы мужчыны, наказала прывесьці ўсіх мэнэджараў і, акінуўшы кожную і кожнага вокам, абрала Юлію Цімафееўну – мэнэджара спа-цэнтру. І да самай позьняй ночы гэтая бабулечка цягала змарнелых супрацоўнікаў па нумарох і паверхах, зазірала ў пакоі для пэрсаналу, паўсюль совала свой стары нос, праводзіла пальцамі па сьценках і парэнчах, шукала пыл і бруд, нават здолела нагою адкалупнуць плітку на падлозе і на першым паверсе расшатаць, як стары зуб, правую парэнчу каля выхаду з гатэля. Хундзя на ўсё скрадзілася, усё крытыкавала, была незадаволеная да скрайняй ступені, хадзіла з кіслым тварам, на якім і да скрыўленьня была процьма зморшчынак, а пасьля незадаволенасьці і ўвогуле твар быў падобны да кары дрэва.

Пані Хундзя была абураная ўсім на сьвеце. Хваліла толькі шэфа Агусьціно – і ўсё. Сапраўды, больш нікога яна не любіла і гатэль называла “дзяшоўкай”.

Пад самы вечар пані Хундзі захацелася зрабіць прычоску на сваёй лысай галаве, дзе на макаўцы тырчэла роўна шэсць кароткіх валаскоў. Прынесьлі яе ў салён. Праз дваццаць хвілін усе мусілі ўжо зачыняцца. Хундзя, вядома, забараніла. Віталю не пашчасьціла, як ён ні маліўся ўсім багам сьвету, каб сёньня ніякія Хундзі не завіталі, а заўтра – хоць Армагедон, бо ў яго два дні выходных. Менавіта калі ён ужо быў упэўнены, што дзень заканчваецца як мае быць, лёс не прымусіў доўга сябе чакаць.

Віталь спрабаваў памыць гэтае непаразуменьне, дакладней – старэчую галаву ў мойцы… Хундзя напаўляжала-напаўсядзела нейкім чынам на правы бок, рукі моцна сьціснула ў кулакі, ды так, што з-пад аднаго пазногця ішла кроў… Галава яе дрыгалася кожныя тры сэкунды, вада праз гэта зацякала ёй за сьпіну, яна ненавідзела Віталя… Яна ненавідзела Віталя і тады, калі ён спрабаваў зрабіць укладку на яе кароткі старэчы пух. Укладка не атрымалася… Хундзя, як дзіцёнак, споўзшы з крэсла, дала сябе аднесьці з салёна, нічога не сказаўшы…

 

Мінуў першы дзень… Наперадзе яшчэ шэсьць сьвятых дзён супрацьстаяньня, блякады…

На наступны дзень усе ведалі, што Хундзя ў сваім нумары ноччу крычала пра гатэль, пра тое, што ён гаўно, усё разбоўтанае, пэрсанал некваліфікаваны, мэбля ў нумарох недарэчная, прыбіраюцца кепска, садавіна нясмачная, вада ліецца ў ванным пакоі жорсткая і з хлоркаю. Ніндзя ўсе моўчкі слухаў, слухаў, назіраў і нават не ўсьміхаўся… І ў гатэлі ўжо пачалі верыць у тое, што Хундзя мае сур’ёзную вагу перад Ніндзем і што палова працаўнікоў дакладна паляціць праз адчыненыя наросхрыст дзьверы проста на вуліцу.

Усе астатнія шэсьць дзён Хундзя ныла і скуголіла, вонкі не выходзіла, бо ёй было халодна і не падабалася, як выглядаюць людзі навокал… І нарэшце зьехала, і ўсё супакоілася… Ніндзя павесялеў, ізноў беларускіх прастытутак замовіў на вечар, шчасьце прыйшло ў гатэль, і ўсе засталіся жывымі, бо, як сказаў па сакрэце самы блізкі сябра Ніндзі Асамкацін мэнэджару Міхаліне, калі яны сядзелі ў холе: “Ніндзя ненавідзіць сваю старэйшую сястру зь дзяцінства, лічыць яе тупой скацінай, якая яшчэ ў школе зь яго зьдзеквалася, і яна ня мае ніякага дачыненьня да яго бізнэсу, акрамя як сваяцтва, таму Ніндзя яе проста моўчкі слухае і чакае, калі тая нарэшце зьедзе ў Нью-Ёрк, у гатэль, які ён ёй падарыў. Ты разумееш, Міхаліна, што збольшага яна так сябе наўмысна паводзіць, ёй хочацца мець вагу ў грамадзтве, а Ніндзя гэта добра разумее і таму маўчыць, каб яна нарэшце праз сваю злосьць атрымала сьмяротны ўдар”.

Міхаліна нічога не адказала. Яна была проста радая, што ўсё закончылася.

 

ДЗЯЎЧЫНА

У гатэлі пэрыядычна зьяўляюцца новыя працаўнікі. Незаплянаваныя працаўнікі. Напрыклад, у адным сэгмэнце гатэля кагосьці скарачаюць, бо невыгодна трымаць некалькі чалавек, а ў іншым дадаюць працаўнікоў, якія нікому не патрэбныя… Зараз патлумачу: у сяброў Ніндзі, як і ў самога Ніндзі, пэрыядычна зьяўляюцца бабы, якіх трэба ўладкоўваць на працу з розных чыньнікаў: калі самі бабы просяць, калі дзеля зручнасьці, каб вольная похва заўсёды была дасяжнаю ў гатэлі. Вядома, гатэль не гумовы, таму, скажам, звальняюць аднаго працаўніка з хостэсу і наймаюць бабу ў офіс, каб насіць раздрукоўкі й факсы з аднаго кабінэта ў другі… Гэта таксама далёка не эўрапэйскі стандарт працы! Але ў дадзеным апавяданьні мы зьвернемся да канкрэтнага выпадку, які значна паварушыў працоўныя масы – ад самых аддаленых курылак і да галоўнай залі з рэцэпцыяй і чакальняй для кліентаў.

На месца барыста паставілі нейкую дзяўчыну. Барыстаў хапае, іх нават зашмат, таму адну зь іх зрабілі афіцыянткай, праз што тая вельмі моцна злавалася й мацюкалася, седзячы на абадранай канапе на курылцы пад навесам. Новую дзяўчыну звалі Оля, і яна – фантан. Самы сапраўдны антрапаморфны фантан словаў, сказаў і плётак. Яна як прыйшла ў першы ж дзень на курылку, дастала свой пяты Айфон, зацягнулася тонкай сігарылкай – і давай дзьмуць у вушы двум афіцыянтам і інжынэру пра тое, хто яна такая і адкуль яе дасталі, то-бок дзе яе знайшлі і навошта яна ўвогуле тут знаходзіцца.

Вось падрабязнасьці яе аповеду.

Оля, менавіта толькі Оля, бо яна сама з Піцера, там нарадзілася, але бацька – ваенны і, на вялікі жаль і праз жыцьцёвыя пакуты, яна захрасла тут. Бацькоў яна ня любіць, яны яе дасталі, яшчэ калі ёй было трынаццаць, таму, пачынаючы з чатырнаццаці, Оля жыве як малое цыганё: з хаты ў хату, з кватэры ў кватэру… Знаходзіцца ў пошуках адзінага й каханага, але пакуль што беспасьпяхова. На працу яна трапіла, бо сказала Асамкаціну, сябру Ніндзі, што ёй патрэбная праца, пяты айфон і заробак 2000$. І што вы думаеце?! Яна ўсё гэта атрымала. І, вядома, атрымала не праз тое, што вельмі моцна хацела й папрасіла. У дадзеным выпадку абставіны склаліся на яе карысьць, дзяўчыне, так бы мовіць, пашчасьціла, з аднаго боку, а зь іншага – Оля тая яшчэ піцерская “штучка”.

Олі на дадзены момант шаснаццаць, па пашпарце, але яна выглядае дарослай жанчынай год дваццаці пяці, ня першай сьвежасьці. Яна курыць, мацюкаецца й злоўжывае алькаголем. Прыехала Оля аднойчы мэтанакіравана ў гатэль, села на бары – беспасьпяхова, перабралася ў рэстарацыю – з тым жа вынікам, пад вечар перасунулася на самы апошні паверх, у клюб, і вось яно – шчасьце.

Олю прыкмеціў Асамкацін, запрасіў за стол на кактэйль і больш…

З нумару Асамкаціна Оля не высоўвалася вонкі тры дні, спала, нежылася, як котка, ела ўдосталь, плянавала… на чацьверы дзень ужо самому Асамкаціну абрыдла яе бачыць, ня тое каб піліць. Устаў ён з ложка і сказаў, каб зьбіралася й ішла полем і лесам адсюль, і няхай возьме сабе падарунак – жаночы гадзіньнік з карункавымі стрэлкамі і яшчэ 1000$, так, на кактэйлі й сукенку.

Оля, вядома, ня гэтага чакала. Яна моўчкі паднялася, усьміхнулася, палезла ў сваю дамскую сумачку, дастала адтуль пашпарт і падставіла разгорнутай старонка пад тоўсты нос Асамкаціну. Дата нараджэньня: 3.03.1999.

– Ёб тваю маць!

– Ты маю маці не чапай, даражэнькі, я тут уся напампаваная тваёй спэрмаю, нават какаю ёю… так што альбо мае ўмовы – і ты да мяне ставісься культурна, альбо міліцыя і заява – і гатэлю пізда! – прамовіла Оля спакойна, ведаючы, пра што кажа.

 

Кожны да сваіх мараў і жыцьцёвых плянаў рухаецца па-свойму, але ня ў кожнага ў шаснаццаць год хопіць мазгоў зьдзейсьніць такое.

Оля працавала тры месяцы, націўкала пра свой посьпех усім навокал, яе некаторыя супрацоўнікі нават паважаць пачалі.

Аднойчы, пасьля трэцяга заробку, Оля не прыйшла на працу. Усе падумалі, можа, загуляла… Але Оля ўвогуле больш не зьявілася ў гатэлі.

 

КУХАРКА

Кожны гатэль, абсалютна кожны, корміць пэрсанал самастойна, але ўсе адрозьніваюцца падыходам да гэтага працэсу. Ёсьць гатэлі, якія выдаюць за зьмену паёк, ёсьць гатэлі з раскладам сьняданка, абеда й вячэры, ёсьць гатэлі са сваёй прыватнай сталоўкай і кухарам, і ў апошнім выпадку справа толькі за прынцыпам: платна выдаваць ежу або бясплатна… Большасьць прыстойных гатэляў кормяць сваіх бясплатна, і такія гатэлі лічацца найлепшымі ня толькі сярод працаўнікоў, але й кліентаў, дзе, акрамя сваёй сталоўкі, ёсьць ня толькі бясплатныя абед і вячэра са сьняданкам, але й свой кухар, то-бок ежа не даходзіць да працаўнікоў рэшткамі са швэдзкіх сталоў альбо ў выглядзе астылага кантынэнтальнага сьняданка на абед.

Звычайна кухараў бяруць з каледжаў, і ад іх не патрабуюць высокага палёту. Яны павінныя стандартна гатаваць тое, чаму навучаныя. Вядома, яны падпрацоўваюць памагатымі на кухні шэфаў, але асноўны працоўны час праводзяць сярод вялікіх рондаляў і тлустых жароўняў.

Стандартная ежа для пэрсаналу вельмі простая: макароны, катлета, салата, часам замест катлеты філе рыбы, калі ўсё кепска – вараныя сардэлькі, замест макаронаў можа аказацца бульбяная каша. Салаты амаль заўсёды патрабуюць заставацца лепшымі: кіслая капуста альбо вараныя буракі пад маянэзам. Зразумела, ніхто ня скардзіцца на бясплатную ежу, але вось у чым цымус. Калі ў сталоўцы зьяўляюцца туркі – а есьці яны ходзяць у той жа час, што й беларусы, але заўсёды зьбіраюцца вялікай кампаніяй, – кудысьці зьнікаюць танныя сардэлькі і макароны, бо туркам заўсёды накладваюць кашэрнае мусульманскае: тушаную ялавічыну, нейкую ўсходнюю кашу… Усе паглядаюць на іх талеркі з зайздрасьцю, нават на кароткі тэрмін хочацца таксама апынуцца туркам, каб пакаштаваць, чым яны насычаюцца.

Зразумела, што калі б у сталоўцы абедаў дырэктар і ўвесь кіруючы галоўны пэрсанал, сталоўка падавала б іншыя стравы, і штосьці было б за грошы, гэта дакладна, але калі нічога асаблівага няма і прапанаваць ніхто няздольны, усё, на што разьлічваеш, накіроўваючыся падсілкавацца, гэта культура. Ад кухара, які таксама і на раздачы, залежаць галоўныя прынцыпы твайго насычэньня. Бо калі кухар падае табе талерку з першым і другім, ты не чакаеш выкшталцонага смаку ежы, але чакаеш сяброўскай усьмешкі, прыязнага стаўленьня, бо калі ўсё кепска з харчамі – няхай хоць будзе сьветла на душы.

 

У гатэлі ўсе любяць хадзіць у сталоўку на выходных, бо на раздачы звычайна хто-небудзь з пасудамоек, а гатуе хтосьці з галоўных памагатых шэфа, таму і ежа больш разнастайная, і цёплай выглядае, і колер у яе больш вясёлы, дый пасудамойкі шчырыя і накладаюць ад душы, усьміхаюцца і лёгка могуць запакаваць абед з сабою, для кагосьці з пэрсаналу, хто праз сваю працу не пасьпявае зазірнуць паесьці з 12:00 да 14:00. Выходныя мінаюць хутчэй, і выходныя не пакідаць пасьля сябе кепскага асадку, як у працоўны дзень, а ўсё менавіта праз кухарку, якая працуе галоўнай і адказнай за ежу для калегаў.

Лідзія Мікалаеўна, альбо проста Лідзія, маладая прыгожая жанчына з кароткай фрызурай, чорнымі валасамі і прыўкраснымі чорнымі вачыма, глыбокімі, яскравымі, чароўнымі. Як толькі яна прыйшла працаваць, усе мужчыны танчылі перад ёю: “Дзякуй за смакату, прыгажунька!”, “Дзякуй, гаспадынька!”, “Вялікі дзякуй…”

Лідзія гатавала, як звычайна, як усе абвыклі: катлета, макароны, капуста, суп, кампот… Але якія ў яе прыгожыя вочы, якая яна страйнюткая, здаецца, яна цябе зараз абдыме і пацалуе… Усе вар’яцелі, а Лідзія на падзякі толькі галавою ківала і ўздыхала, паказваючы, што цяжка працуе: вакол рондалі па пяцьдзясят літраў супа, бідоны з кампотам, мэтровыя жароўні з катлетамі, а яна – прынцэса сталоўкі.

Першыя месяцы Лідзія толькі вочкамі хлопала, чакала дня, калі падпіша кантракт і ў яе зьявяцца пэўныя гарантыі застацца на працы. І такі дзень настаў. Сваю дамову падраду яна выкінула ў сьметніцу і дома ў тэчку з дакумантамі схавала кантракт на год: цяпер яе проста так не выганяць.

І на наступны дзень усё зьмянілася. Адзін з працаўнікоў бару прыйшоў першым у сталоўку, папрасіў сабе порцыю і яшчэ тры з сабою…

– Я тут вам што, абавязаная навальваць ежу з сабою, калі ў мяне чарга?! – абурылася Лідзія голасам далёкім ад прыгажосьці яе вачэй.

– Тут няма чаргі, і я бяру для сваіх, хто ня можа падысьці ў гэты час на абед!

– Бляха, як мяне вы ўсе дасталі! – і Лідзія ляпнула па рондалі з макаронамі раздатачнай лыжкаю, тая адляцела ўбок і раскідала колькі макарошак па іншых стравах. – Бляха!… – паўтарыла кухарка.

Празь некалькі тыдняў ужо ніхто нічога не казаў у сталоўцы, не было чуваць словаў падзякі і вітаньня, Лідзія зрабілася злоснай жанчынаю, якая не адпускала ежу з сабою, і калегі пачалі заўважаць, што кіслая капуста ў панядзелак, якую ніхто ня еў, бо тая на смак была як ссакі, на наступны дзень ператваралася ў такі ж нясмачны суп… На просьбу хутчэй пакласьці ежу, яна магла падняцца са стала, з-за якога цяпер не выходзіла і толькі ела, і сказаць: “Я таксама маю права на абед, вмежду прочым!”

Хамка, непрыемная жанчына, і бляск ейных вачэй цяпер не выглядаў прывабным, і нават мініяцюрнасьць цела здавалася гномскай, і маленькія пальчыкі цяпер выглядалі звычайнымі зваранымі сардэлькамі.

Кніга «Усё Ўлічана. All Inclusive» друкуецца ў выдавецтве Ігара Логвінава.

Праз два тыдні адбудзецца прэзентацыя ў кнігарні «ЛогвінаЎ».


ВАМ СПАДАБАЕЦЦА:

Сяргей Календа – DIARIES: Дваццаць чатыры зiмовыя днi (дзённiк)

Сяргей Календа – Punks not dead (проза)

Один отклик в “Сястра. Дзяўчына. Кухарка.”

  1. 04. Мар, 2015 в 9:05 дп #

    першая частка кнігі «Усё Ўлічана. All Inclusive» выходзіла ў выдавецтвае «Логвінаў» у 2012 годзе пад назваю «Кантынэнтальны сьняданак», і па спасылках можна пачытаць колькі рэцэнзій на яе:

    Ганна Кісліцына для «Звязды»

    Маргарыта Дзяхцяр для «Маладосці»

Оставить ответ