Слухаем паверхняй спiн

Слухаем паверхняй спiн

КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ:

Алесь Замкоўскі. Нарадзіўся ў Полацку. Там і жыву. Займаюся літаратурай, журналістыкай, фотаздымкамі. Натхняюся адзінотай, наваколлем, каханнем. Друкаваўся ў «Дзяслове» і «Маладосці». Пераможца конкурса маладых пісьменнікаў «Экслібрыс» Саюза беларускіх пісьменнікаў (2012). Паважаю прафесіяналаў, люблю свечкі і якасныя кнігі. Імкнуся быць.

Фота

 

 
*          *          *

знікне ўсё.
а застанецца – Слова – 
Альфа, ад якой пачаўся Свет.
разгайдаем целы і асновы,
зганьбім душы, лес звядзём на дровы…
толькі Слова – 
як Пачатак Мовы –
захавае вечны Запавет.
 
*          *          *

ноч праглынае мяне дашчэнту -
да апошняй думкі, апошный косткі.
за кропкай без следу знікаюць коскі.
папера змята. начное гета
стварае здзеклівыя пакуты,
фарбуе сны у глыбока чорны.
і зубы рыпяць, як старыя жорны,
і сэрца трапечацца, болем скута.
у вір цішыні апускаю голаў.
не бачыць, не чуць, не казаць нічога…
у цемры знікае мая дарога.
збітыя ногі, зламаныя колы…

*          *          *

у гэткай чорнай цішыні,
што нават зорныя агні
мігцяць ледзь-ледзь…
у гэткай чорнай цішыні,
што хоць сабаку ты крані – 
ён будзе пець…
у гэткай чорнай цішыні
чакаюць дзеды-камяні
напор каня…
у гэткай чорнай цішыні,
хоць месяц бокам павярні,
не можна голас мой суняць:
я –
цішыня.
 
*          *          *

у нашай цёмнай глыбіні,
там, дзе чырвонае і чорнае
змяшалася; там, дзе агні – 
нявечныя паўкропкі зорныя;

дзе скрозь спакойныя гады
праб’ецца дробнае і злоснае, - 
там толькі некалькі гадзін
нам застаецца быць узнёслымі.

бо заўтра – ранак, жорсткі снег,
калюжынаў люстэркі шэрыя…
пад небам над здранцвеннем стрэх
лунаюць груганы самлелыя.

мы углядаемся.
мы спім.
мы паміраем.
адраджаемся.
мы слухаем паверхняй спін,
як час няўмольна паскараецца.

*          *          *

хто не памрэ,
той першы скажа
пра неба,
якое падае долу,
пра хату,
якую жадаецца спляжыць,
але не можна.
пайшлі дадому…

пайшлі дадому.
пад абразамі
паставім свечку
у соль святую,
адломім хлеба…
яны казалі,
што абіраем зямля не тую.

яны казалі…
а мы спявалі
сваю жалобу,
сваё вяртанне…
і кавалі
нам мячы кавалі – 
ад цёмнай ночы
да рання.

*          *          *

каін бязвольна плакаў.
каіна клікала кроў.
душа,
закаваная ў краты,
стагнала
ізноў,
ізноў…

каіну сніўся авель,
забіты праз гонар
і гнеў.
першы сын
пацягнуўся да славы – 
і аглух,
як анёл запеў.

*          *          *

звар’яцець.
перавярнуцца.
перарвацца.
паглядзець на ўсё
з глыбінь мінулых дзён,
быццам з дна калодца.
заставацца
з берага сачыць,
як за ладдзёй
рвецца ў роспач
стомленае сэрца.
у вачах не засталося слёз.
пуста.
ад пустога не сагрэцца.
ты сядзіш,
і мохам пакрыецца
крыж драўляны,
што ўгару не ўнёс.

*          *          *

навучыцца жыць…
навучыцца думаць на “плюс”…
хай за сценкай імжыць,
за шчакою – вялізны флюс,
хай заўтра канец
свету, хай грымне пярун
і доктар-спец
паверыць у праўду рун
пра тое, што быць
яму засталося дзень…
навучыцца жыць…
навучыцца сыходзіць у цень…

*          *          *

я не знік. гэта восень
звівае душу павуціннем.
скрозь туманныя дні
пабачыць адну карціну:
жаўтавокія гмахі
шукаюць на небе зоры
і слухаюць хвалі,
што недзе за гарызонтам.
працінае сэрца 
жоўтым лістом. бяссонне.
я не знік.
я трымаю сонца пад парасонам.

*          *          *

між ціхіх дрэў
на полацкіх алеях
дрыготкі шэпт становіцца прызнаннем. 
шаленства ліпеня.
і разам з ім шалее
мой голас,
скіраваны на світанне.
у плыні слоў –
жаданне неспакою.
мой карабель
ідзе па дзвінскіх хвалях
туды, дзе за вялізнаю гарою
кахана месяц сонца калыхае.

Tags: ,

Отклики: 6 в “Слухаем паверхняй спiн”

  1. 25. Дек, 2012 в 6:52 пп #

    Ну ты як заўсёды на вышыні!!! Вершы кляс!! так трымай!!

  2. 25. Дек, 2012 в 10:52 пп #

    У захапленні!

    Дзякуй Вам.

  3. 26. Дек, 2012 в 3:29 дп #

    дзякую )

  4. 28. Дек, 2012 в 2:19 дп #

    Калі-небудзь Вашыя вершы будуць вывучаць у школе.
    Дзякуй.

  5. 05. Апр, 2013 в 12:40 пп #

    Алесь,дзякуй за вершы, кранаюсь да самых глыбинь и да таго роднага и светлага, што зауседы з нами.
    Жадаю поспехау и натхнення!!!

  6. 15. Ноя, 2014 в 5:03 пп #

    Алесь, ты проста цудоўны! хай пішацца, пішацца і пішацца…

Оставить ответ