Трэклiст

Трэклiст

Рагнед Малахоуски

Рагнед Малахоўскі нарадзіўся ў 1984 годзе ў п. Сяймчан Магаданскай вобласці (Расія). Закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца пазаштатным рэдактарам кніжнай серыі “Маладая паэзія Беларусі” ў выдавецтве “Харвест”. Вершы рэгулярна друкуюцца ў айчыннай перыёдыцы, калектыўных зборніках і анталогіях. Аўтар кніг “Беражніца” (2005), “У дзённай мітусні” (2012) і “Жыві!” (2014). Займаецца фотамастацтвам, піша электронную музыку, займаецца лёгкай атлетыкай. Вырас на Нарачы, жыве ў Сіднеі (Аўстралія).



рэзервацыя

загнанаму ў рэзервацыю
не грэшна разок і афігець
ад глыбіні самацэнзуры
ад колькасці нявыказаных
з-за боязі слоў
як злодзею мне вісець
на шыбеніцы ветракоў

натыкнуўся на рэкламную акцыю
толькі ўчора
збяры забытае і закатаванае
зашоранае і ў душы закансерваванае
і атрымай свабоду
пакінь рэзервацыю


дзьве канстанцыі

думкі з варожай інтанацыяй
чакалі жорсткага кампрамісу
ад станцыі да станцыі
мы
дзьве канстанцыі
у вайберы смайлы прымалі
і фактаў канстатацыі

не выкарабкацца з крызісу
затуманеныя галовы
проста матэрыял чалавечы

абяцалі сабе не прывязвацца
верылі ў простыя словы
спявалі пра простыя рэчы
а бывае часта
надыходзіць момант
калі патрэбна проста ўзяць
і адсекчы


мары

усё што калісьці мы намарылі
пахавала пена аліварыі
апынулася па-за сістэмай
назаўсёды забытай тэмай

засталіся сябры і падпісанты
пазашлюбныя дзеці
палюбоўніцы
лісты да санты
над нараччу вецер

вочы слязьмі напоўняцца

засталіся тата і мама
пошта без спама
навальнічнае неба
ад краю да краю
а мяне магчыма чакае
паветраная яма

на развітанне
ні аб чым не прасіў
і ты маё каханне
ні аб чым мяне не прасі
на мове чужой прэса
усміхаецца сцюардэса
схавалася шасі


трэкліст

абнаўлю састарэлы трэкліст
запульсуюць між намі
рытмічна дынамікі
я для вас піяніст
я ствараю мелодыю целаў
я даследую кожныя ямінкі
бо таго гэта ноч захацела

і пагасне святло ў вакне
для мяне
а для вас
шэрыданс


сістэмны збой

для размоў не знаходзяцца тэмы
пад нагамі ўспаміны валяюцца
гэта файлы сістэмы
абнаўляюцца

калі слова бясконца славіш
то дарога становіцца гладкаю

хачу ноўт з падсветкаю клавіш
развучыўся пісаць асадкаю


памяць

дзень памяці продкаў
дзе б адшукаць кнопку
што вяртае да нас старых
крыжык
акенца
штрых


хэштэг

стаіш на каленях
вінаваціш душу
разважаеш пра грэх

у начных сутарэннях
пасля запрашае мяне
нечаканы хэштэг

толькі ўмовы дзве
не запальваць святло
прамаўляць толькі па тэме

дзіця ў калысцы раве
каханне аджыло
і ўсё па класічнай схеме


піксель

думак густы кісель
берагі з часам размываюцца
хто доўга затрымаецца
таго змые плынь

рэчышча шукае рака
гэта не янь і не інь
чорны піксель
знакамітага мастака

марыў стаць выключэннем
а стаў правілам


няма праблем

на пары
ты сядзіш на парце
і вышэй за цябе
толькі лектар-паркінсонік
спрабуе тлумачыць
праблемы ўзаемаадносін
жанчын і мужчын

жанчыны кахаюць вушамі
мужчыны баяцца прыгажосці

а я без праблем
назіраю цябе
з паралельнага свету
еду ў падводным трамваі
лавіць невядомую рыбу
якая таксама
не мае ніякіх праблем
акрамя мяне


вясна

першы курс
на студэнтку ля дошкі раве
неда…аханы лектар

пад вакном
папяровы караблік плыве
у калектар


німфеткі

выбух гарачай крыві
пералом
прынёс пасля здрады кветкі
а якія ж былі німфеткі
што са мной падзяліліся
першым сваім цяплом

не верыў ва ўласныя словы
шукаў апраўданні
не народзіцца больш анічога
зрабіў такія высновы
пасміхалася зло
рознае было

німфеткі
уначы напаўнялася цела агнём
удзень паміралі нервовыя клеткі

выбух гарачай крыві
эпілог
існаванне ад ночы да рання
мяне перамагло
ударам пад дых
самазнішчэнне кахання


выпадкова

толькі адзін раз
бачыў цябе ў жыцці
калі прыязджала пажарная
ты бегла полымем па лісці

заканчэнне лета
не абяцала нічога новага
ты стала цяжарная
ад паэта
выпадковага


аплявуха

па тваёй новай аве
я зразумеў
як усё было на самай справе
але чамусьці
крыло далоні
апякло ад шчакі да скроні
вырашыў забыцца
і пайсці пагаліцца


зоркі

на стылым небе
бразгаталі зоркі
як дробныя манеты ў кішэні
мяняў валюту
ля залатой горкі
пачуваў сябе нязвыкла
ходзячай мішэнню

на гарбатым пляцы
пасля кавярні
пісаў санеты
што ўсіх дасталі
бразгаталі зоркі
у пабітай шклянцы
калі ўсе паэты
спалі


троль

памяняў старую трансмісію
графаманаў хай зайздрасць дзяўбе
актывізаваў новую місію
троліць самога сябе

мільён разоў разаб’юся
аб цела халоднае (ў)моўнай сцяны
і заткнуцца не пабаюся
абы не было вайны

і юзер ніводны ў граніце
не разгадае дзеяў маіх алгарытм

дзверы калі ласка зачыніце
я тут між іншым збіваю рытм


versus

мой рэгламент
адна хвіліна
абцяжараная непаразуменнем
кінутая ў пустэчу
непачутая натоўпам
ці нежаданая быць пачутай

дзевяць тысяч знакаў
дзвесце сямнаццаць кілабайт
саступілі нейкаму нікчэмнаму
фастфуду для розуму
фастфуду для душы

барацьба інфармацыі і паэзіі
скончаная?!

рэгламент

Отклики: 34 в “Трэклiст”

  1. 22. Дек, 2015 в 8:26 дп #

    Дзякуй, Рагнедзе, за падборку! Файна атрымалася. Мне нават верш напісаўся пасля яе прачытання.Поспехаў!

  2. 22. Дек, 2015 в 3:20 пп #

    Прыгожыя вершы з глыбокiм сэнсам:) мне вельмi спадабалiся:)

  3. 22. Дек, 2015 в 6:32 пп #

    Стихи со смыслом, присутствуют моменты из жизни.

    • 28. Дек, 2015 в 4:46 пп #

      Снежана Матвеева, дзякуй! Усё з жыцця.)

  4. 22. Дек, 2015 в 6:35 пп #

    Алесь, дзякуй! Дашлі верш пачытаць)

    Прыгожы ананім:), рады, што спадабалася! Прыгожым людзям — глыбокія вершы!

  5. 22. Дек, 2015 в 7:37 пп #

    Вершы проста супер…атрымала шчырае задавальненьне і асалоду чытаючы

    • 28. Дек, 2015 в 4:47 пп #

      Паўлінка, дзякуй! Думаю парадаваць яшчэ.)

  6. 22. Дек, 2015 в 9:36 пп #

    Светла дзякую аўтару за такога сучаснага, унiкальнага лiрычнага героя, якi адчувае «над нараччу вецер», «навальнiчнае неба», крочыць да выключнасцi. Рытмаграмы вершаў дапамагаюць перадаць больш глыбока кульмiнацыю адухоўленай вобразнай сiстэмы. Вельмi прыемна i радасна адгукацца на творчасць паэта, што стаў хрышчоным бацькам маёй першай паэтычнай ластаўкi — зборнiка «Зоркаму сэрцу». Божага дабраславення i светлага натхнення Вам! З Надыходзячымi святамi!

    • 28. Дек, 2015 в 4:49 пп #

      Вiкторыя Смолка, дзякуй! І Вам натхнення! З надыходзячымі святамі!

  7. 23. Дек, 2015 в 7:52 дп #

    незвычайна і, мяркую, даволі асабіста. выдатна паказаў глыбокія перажыванні ў штодзенным жыцці.

    • 28. Дек, 2015 в 4:50 пп #

      Лiна Карэ, дзякуй! Думаю, любая творчасць — асабістая. Перажыванняў у жыцці хапае.)

  8. 23. Дек, 2015 в 10:07 дп #

    Гэта нешта новае!Вершы будзяць далекія успаміны, эмоцыі праз край. Нешта зварухнулася ў душы, дзякуй!

    • 28. Дек, 2015 в 4:52 пп #

      Сцюра, дзякуй! Не думаю, што такое ўжо новае, але калі нешта зварухнулася ў душы, значыць не дарэмна.)

  9. 23. Дек, 2015 в 3:59 пп #

    Прышпільна выйшла. Незвычайна для звычайнай творчасці паэта. Успрымаецца лепш нават, чым звычайныя рыфмаваныя творы. Думаю так: стыль гэтых вершаў круты! Можа, нават паэт знайшоў свой стыль, але павінен быць рух і, думаю, наступны пункт — зрабіць вершы са звычайным стылем напісання такімі ж прывабнымі і цікавымі для успрыняцця, як гэтыя.

    • 28. Дек, 2015 в 4:54 пп #

      Міхась, дзякуй! Рух ужо гадоў 15. І не збіраецца спыняцца. То запавольваецца, то паскараецца, то шукае новыя шляхі…

  10. 23. Дек, 2015 в 7:53 пп #

    Рагнед, стихи нестандартные, с глубоким смыслом, довольно интересные. Спасибо. Было над чем задуматься.

    • 28. Дек, 2015 в 4:55 пп #

      Аня, дзякуй! Вельмі рады, што спадабалася!

  11. 23. Дек, 2015 в 9:52 пп #

    Цікавыя вершы :) Напісаны на сучасныя надзённыя тэмы і адначасова закранаюць вечныя праблемы. А яшчэ чапляе іх рэзкаваты і хуткі стыль. Выдатна! :)

    • 28. Дек, 2015 в 4:59 пп #

      Іра Р., дзякуй! Вельмі рады, што спадабалася!

  12. 24. Дек, 2015 в 4:13 пп #

    В стилистике этих стихов Рагнед действительно «памяняу старую трансмісію», а в тематике — абнавіу састарэлы трэкліст». Это то что нужно современному читателю, да и писателю тоже. Браво, Рагнед! Круто, модно, глубоко, современно! Хотя стихи в прежних сборниках тоже по-своему хороши и актуальны.

    • 28. Дек, 2015 в 5:00 пп #

      Ин. Ив., дзякуй! Прыемна, што заўважылі!

  13. 24. Дек, 2015 в 7:51 пп #

    Рагнед, ты — малайчына! Вершы ў традыцыйным рэчышчы і такія «Эксперыменты» ў цябе аднолькава выдатна атрымліваюцца. Асабліва ўразіў верш «выпадкова»

    • 28. Дек, 2015 в 5:01 пп #

      Аксана, дзякуй! Верш «выпадкова» не аўтабіяграфічны.)

  14. 25. Дек, 2015 в 11:11 дп #

    Вельмі спадабаліся вершы! Такія розныя і такія сучасныя! Дзякуй! І дзякуй за незабы ныя сустрэчы са студэнтамі!

    • 28. Дек, 2015 в 5:03 пп #

      Таццяна, дзякуй! Са студэнтамі сустрэнімся яшчэ абавязкова!)

  15. 25. Дек, 2015 в 12:07 пп #

    Сучасна, мае сваю дакладную форму, а галоўнае — амаль кожны верш перачытваеш спачатку, і не адзін раз, паглыбляючыся ў сэнс. Нечакана бачу тое, чаго не хапала часта ў беларускіх вершах — адыход ад класікі, маладосць, рэзкасць, большая колькасць сэнсу, схаванага ў кожным слове. І — лаканічнасць. Кароткія, ёмкія радкі, якія пакідаюць моцнае ўражанне. Брава)

    • 28. Дек, 2015 в 5:04 пп #

      Марыя, дзякуй! Вельмі рады, што спадабалася!

  16. 25. Дек, 2015 в 5:13 пп #

    Вершы сапраўды гучаць модна і па-сучаснаму, а таму прывабліваюць. У вас ёсць свой асабісты густ. Прытрымлівайцеся яго, калі ласка, каб не быць подобнымі да астатніх. Ёсць дарэчнае выслоўе: «Вы смеяцеся з мяне, таму што я адрозніваюся ад вас, а я смяюся з вас, таму што вы не адрозніваецеся адзін ад аднаго».

    • 28. Дек, 2015 в 5:07 пп #

      Іна Сакурава, дзякуй! Пастараюся густ развіваць, адрознівацца ад іншых, але быць зразумелым.)

  17. 25. Дек, 2015 в 10:51 пп #

    Твои Стихи и правда очень жизненные и актуальные сейчас! И хоть на первый взгляд кажутся обычными, но в них читается глубокий смысл. Они необычные, многие жизненные переживания помещаются в двух строках. Желаю Тебе и дальше процветать в Твоих мыслях и писать то, о чём не каждый сможет написать.

    • 28. Дек, 2015 в 5:20 пп #

      Рамонак, дзякуй! Для мяне вельмі важна пачуць водгукі на мае новыя вершы, бо ў самога не атрымлівалася аб’ектыўна іх ацаніць. Цяпер пераканаўся, што трэба працягваць і развівацца.)

  18. 09. Янв, 2016 в 1:05 пп #

    Плэйліст стаўлю на рэпіт

    • 10. Фев, 2016 в 1:43 пп #

      Baisan, час ад часу плэйліст варта абнаўляць.)

  19. 15. Сен, 2016 в 10:39 дп #

    Удивительные стихи! Горжусь земляком!

Оставить ответ