U-2

U-2

Кацярына Шчасная

Кацярына ШЧАСНАЯ

Піша вершы і прозу. Лічыць, што наяўнасць творчага захаплення ўпрыгожвае чалавека як знутры, так і знешне. На жыццё зарабляе даследаваннямі сучаснай беларускай мовы ў НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук. Друкавалася ў часопісах “Маладосць”, “Бярозка”, “Верасень”, альманаху “Тэксты”, на літаратурным партале “Textura.by”. Фіналістка “Фэста аднаго верша” (2015). Нарадзілася 18 кастрычніка 1984 года ў г. Баранавічы. Жыве ў Мінску.



* * *

Калі прамень
гарачы першы
узоры рук і спін
на сцяне
накідаў старанна
Ты спытаў наіўна
(аж да слёз міла)
зусім не
“А ты спрабавала ..?”
“Праўда, я лепшы?”
А такое файнае:
“Значыць цяпер
Ты для мяне
Будзеш пісаць вершы?”


U-2 (Уручча-2)

Сышліся лічбы і літары,
Кава разлітая,
Дарогі зведзены
У чаргу гіпермаркета
У спальным раёне U-2.

Год па снах тваіх сёрфіла
Без спасылак,
І сустракала ўсходы
З-за крылаў
Мадэрновых высотак U-2.

Былых каханняў звязкі
У шматкі адразу
Купаемся ў ружовых
Вадаспадах
Ці проста ў ваннай у U-2.

Лета сустрэла вясну…
Як у класіцы
Касачы прымятыя
Усіх адценняў сіняга
На прасторах раёна U-2.


* * *

Краіна Залюстроўя …
Ovocе растуць на вярбе,
Пралескі зацвітаюць
На дзве гадзіны раней,
Трамвай шыбуе з завода
На абед хутка ў лес.
Вымаўляем пяшчотна
vlna, srdce, prst, krst.
Готыкай натхнёныя
Пад дыктоўку Скарыны
Са смакам пеннай алхіміі
Пішам славянскі верш.


БЕЗ СНЕГУ ЗІМА

Без снегу зіма…
Да ранку не спіцца
Без мяккага хрусту,
Без казачных бліскаў.
Лепш мінус трыццаць,
Чым надакучлівы нуль.

Сняжынкі на вокнах
Лепяць малыя шаманы
Ў спадзяванні на цуд.
Дарослыя па крамах
Хапаюць закупы:
Ці да снегу тут?

Санкам ды лыжам
За паварот бы і бегчы,
А не падпіраць кут.
Перадайце па FM
Святочную песню –
Пра мароз навіну!

Калядная казка
Без галоўнай дзеі.
Лістапада N-нага.
Спі, Снягурка, пакуль.
Лепш бы вылі завеі,
Чым гэты бясконцы нуль.

ВАМ СПАДАБАЕЦЦА:
Кацярына Шчасная – Mi corazon (вершы)

Один отклик в “U-2”

  1. 27. Сен, 2015 в 2:23 пп #

    Падабаецца)асабліва U-2))

Оставить ответ